Казачнае падвор’е Нарэйкаў у Падольцах

17:00 / 15.01.2025

Сёлета пераможцам раённага конкурсу на лепшае навагодняе ўпрыгожванне асабістых падвор’яў стаў дом Генадзя і Ларысы Нарэйкаў з Падольцаў. І гэта невыпадкова: тым, хто трапляе сюды ў перадсвяточныя дні, здаецца, што апынуўся ў казцы! 

Імчыць, запрэжаны ў імклівыя санкі, чароўны алень, вязе падарункі і доб­ры настрой людзям… Усміхаюцца снегавік і гномы… Ззяюць вясёлымі агнямі «крылы» ветрака… Мігцяць рознакаляровымі гірляндамі дом і альтанка, веранда і нават агароджа, запрашаючы падарожнікаў зайсці, раздзяліць з гаспадарамі радасць надыходу Новага года і Ражаства.

І ўнутры дома, у кожным яго пакоі адчуваецца водар, колер, смак свята! Адразу бачна, што гаспадары не адзін дзень шчыравалі, каб падарыць навагодні настрой сабе і людзям.

– Некаторыя не разумеюць, кажуць: навошта гэта ўсё? Лішнія траты, работа… А нам падабаецца! – гаворыць Ларыса Іосіпаўна. – Як толькі пачынаеш упрыгожваць дом, у душы пасяляецца прадчуванне свята, каляднага цуду. Гэтае пачуццё цяжка выказаць словамі, але яно жыве ў сэрцы цёплым агеньчыкам і грэе нават калі што не ладзіцца… І потым кожны вечар запальваеш гірлянды, абходзіш падворак – і, здаецца, трапляеш у казку: да драбнічак знаёмыя рэчы набываюць зусім іншыя абрысы. Ні за якія грошы гэтае адчуванне не купіш! 


Да таго ж многае на падвор’і і ў доме зроблена рукамі Генадзя Яраслававіча, Ларысы Іосіпаўны і іх сына Вадзіма, які, хоць і жыве з нядаўняга часу асобна, усё гэтак жа клапоціцца, каб навагодняя традыцыя ўпрыгожваць родную сядзібу жыла і прымнажалася. Штогод Нарэйкі дадаюць у навагодняе аздабленне нешта новае: то металічныя ёлкі муж з сынам звараць, то лапнікам іх упрыгожаць, то снегавік на падворку вырасце, не чакаючы дэфіцытнага апошнім часам снегу, то гномы завітаюць…

Па ўсім відаць: любяць людзі свой дом, сваю вёску і землякоў. Таму і не шкадуюць грошай і часу, каб падарыць святочны настрой сабе і людзям.

Текст: Нина Рыбик
Фото: из архива героев