Якія прафесіі запатрабаваны ў сельскагаспадарчым сектары раёна і як іх атрымаць, расказалі ў райсельгасхарчы
10:00 / 12.01.2025
Даўней дзяцей страшылі: вучыцца не будзеш – пойдзеш у калгас. Гэтыя словы страцілі актуальнасць, таму што ў аграпрамысловым комплексе запатрабаваны як высокакласныя спецыялісты, так і рабочыя кадры. Хоць праца на вёсцы па-ранейшаму застаецца нялёгкай, але зарплата за яе годная.
Куды звяртацца старшакласнікам, якія вырашылі абраць прафесію сельскагаспадарчага профілю; якія прэферэнцыі аказваюць студэнтам-«мэтавікам» гаспадаркі раёна – пра гэта і не толькі пагутарылі з галоўным спецыялістам аддзела прагназавання, фінансавання і справаздачнасці ў АПК упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анастасіяй Мацкелай.
– Якія сельгаспрафесіі сёння запатрабаваны найбольш?
– Заатэхнікі, ветэрынарныя ўрачы і фельчары, аграномы, інжынеры, эканамісты і бухгалтары – далёка не ўвесь пералік. Таксама патрэбны рабочыя: вадзіцелі, трактарысты-машыністы, слесары, жывёлаводы.
– Дзе гэтыя прафесіі можна атрымаць?
– Вышэйшую адукацыю – у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным і Гродзенскім аграрным універсітэтах, Горацкай сельгасакадэміі, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Сярэднюю спецыяльную – у Ваўкавыскім, Жыровіцкім, Ільянскім, Навагрудскім і Ашмянскім каледжах.
– Куды звяртацца будучаму абітурыенту?
– Каб стаць студэнтам адной з навучальных устаноў аграрнага профілю і ў перспектыве мець месца для працаўладкавання, варта звярнуцца ў адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна: КСУП «Варняны», «Гервяты», «Гудагай», «Міхалішкі», РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» ці ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання.
Заўважу, што пры заключэнні мэтавага дагавора студэнт на працягу ўсяго тэрміну вучобы дадаткова да стыпендыі будзе атрымліваць штомесячную даплату ад прадпрыемства ў памеры ад 2 да 10 базавых велічынь.
– Што на месцах абяцаюць «мэтавікам» пасля вучобы?
– Яны забяспечваюцца добраўпарадкаваным жыллём – гэта кватэры, дамы, месцы ў інтэрнаце ці атрымліваюць кампенсацыю на яго арэнду. Некаторыя гаспадаркі плануюць набыць кватэры, якія будуць арэнднымі, у адной з новабудоўляў Астраўца. Пры неабходнасці маладых спецыялістаў падвозяць на работу.
Згодна з Указам Прэзідэнта «Па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі» маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на працягу 2-х гадоў прадугледжаны даплаты ў памеры 0,46 базавай стаўкі (124,2 руб.). Кіраўнікам і спецыялістам, якія адпрацавалі 2 гады і засталіся на сваім месцы, штомесячная даплата на працягу 3-х гадоў складзе 0,69 базавай стаўкі (186,3 руб.).
Акрамя гэтага, пры працаўладкаванні маладыя спецыялісты будуць атрымліваць 2 аклады (з вышэйшай адукацыяй) і 2 тарыфныя стаўкі 1 разраду (з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй). Аднак ёсць і выключэнні, напрыклад, у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» з 2022 года ў калектыўны дагавор унесены пункт аб аднаразовай выплаце: 20 базавых велічынь атрымаюць спецыялісты пасля сканчэння вну, 12 – пасля каледжа.
У КСУП «Гервяты» таксама добры сацпакет для гэтай катэгорыі працаўнікоў. Пры заключэнні кантракта прадугледжаны дадатковыя 5 базавых велічынь, маладым спецыялістам зааветэрынарнага профілю – 10, а таксама аднаразовая выплата ў памеры 50 базавых велічынь спецыялісту з вышэйшай адукацыяй, 25 – з сярэдняй спецыяльнай, 10 – з прафесійна-тэхнічнай.
Таксама для моладзі арганізоўваюць экскурсіі, аплочваюць пуцёўкі ў санаторый і абанементы ў фізкультурна-аздараўленчыя комплексы і іншае.