Спектакль “Калядны вечар” прызнаны лепшым на фестывалі “Лідскія тэатральныя сустрэчы”
15:00 / 30.11.2024
Спектакль «Калядны вечар» па п'есе Ніны Рыбік у пастаноўцы рэжысёра Вольгі Турубаравай атрымаў Дыплом І ступені на абласным фестывалі «Лідскія тэатральныя сустрэчы».
На сёлетні, трынаццаты, фестываль было пададзена 15 заявак. Пасля прагляду відэаверсій да ўдзелу адабралі 8 спектакляў: па два з Гродна і Ліды, а таксама работы Зэльвенскага, Смаргонскага і Астравецкага народных тэатраў. Спектакль па п'есе Міхаіла Задорнава «Апошняя спроба» заслужанага аматарскага калектыву народнага тэатра драмы і камедыі «Славуціч» з Ваўкавыска быў паказаны па-за конкурсам.
На фестываль прывезлі самыя розныя па жанрах, тэматыцы, сцэнічным увасабленні спектаклі, але слабых сярод іх не было. З ранку да вечара журы і гледачы, пераходзячы з вялікай залы ў малую і назад, ацэньвалі драмы, камедыі, вадэвіль, батлейку, харэаграфічна-драматычную кампазіцыю…
Трэба сказаць, што Астравецкі народны тэатр упершыню прымаў удзел у «Лідскіх тэатральных сустрэчах». Для паказу быў выбраны першы спектакль Ніны Рыбік «Калядны вечар», які вытрымаў 22 пастаноўкі ў розных гарадах і вёсках не толькі нашага раёна, але і ўсёй Беларусі, з поспехам прайшоў на сцэне
Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, дэманстраваўся ў горадзе-пабраціме Сасновы Бор Ленінградскай вобласці.
Тым не менш, з паездкай на фестываль узніклі сур’ёзныя праблемы: у экстраным парадку давялося замяніць дзвюх актрыс. Трэба аддаць належнае Вікторыі Урбановіч і Галіне Францкевіч: яны хутка і арганічна пераўвасобіліся ў вобразы сваіх гераінь Галіны і Сцепаніды. А Ніна Рыбік у ролі Міхайлаўны, Крысціна
Гіруць – Веры, Наталля Волк-Леановіч – Стасі і Алёна Гануліч – санітаркі Зіначкі, як заўсёды, былі на вышыні.
Нашым артыстам давялося адкрываць доўгі тэатральны дзень. Разам з пэўнымі перавагамі гэта дадавала і рызыкі: магло стацца, што да вечара журы забудзецца ўражанні ад першай работы.
Не забылася! Спектакль «Калядны вечар» народнага драматычнага тэатра Астравецкага Цэнтра культуры і народнай творчасці выклікаў непадробныя эмоцыі не толькі ў гледачоў, але і ў журы, якое, да слова, узначалілі вядомы гродзенскі артыст і рэжысёр Аляксандр Калагрыў і выкладчык каледжа мастацтваў Марыя Пятроўская. Магія лічбаў – 23-ці паказ спектакля адбыўся 23 лістапада – аказалася шчаслівай: астравецкія артысты атрымалі самую высокую ацэнку прафесіяналаў, якая вылілася ў Дыплом І ступені і каштоўны падарунак.