Па сцяжынцы да школьнага парога Яцынскай пачатковай школы прайшлі яе былы вучань Іван Саўко і апошні дырэктар Павел Рынкевіч
13:00 / 26.11.2024
Праект «АП» і РК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
З гісторыі школы
Па сведчаннях старажылаў, пачатковая школа ў Вялікіх Яцынах была яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны. Месцілася яна ў доме Станіслава Вайцюля – сёння гэты будынак яшчэ стаіць і выглядае даволі дабротна. Пасля вайны школа прадоўжыла працаваць тут жа.
А пазней пераехала ў будынак насупраць. Гады тры назад яго знеслі. І цяпер пра тое, што некалі тут месцілася ўстанова адукацыі, напамінае толькі стары дуб і калодзеж.
Расказвае былы вучань школы Іван Адольфавіч Саўко:
– Я з мясцовых, у Яцынах нарадзіўся і пражыў усё жыццё. У першы клас пайшоў у 1951 годзе. Вучыла нас пажылая настаўніца – звалі яе Еўдакія, а вось імя па бацьку і прозвішча не памятаю. У другім класе нас узяла другая настаўніца – Тамара Іванаўна Тамаровіч, потым яна з’ехала ў Мінск. Загадчыкам школы быў Аляксей Мікалаевіч Савіч, потым ён стаў дырэктарам Маркунскай школы, затым Карвэльскай.
У розныя гады ў нашай школе працавалі Ядвіга Эдвардаўна Коўзан (выехала ў Польшчу), Ядвіга Антонаўна Будкоўская (затым яна працавала ў Чэхах), Марыя Максімаўна Кулеш (пазней выкладала ў Сакалойцях і Відзюнах), Ірына Аркадзьеўна Давідовіч (прыехала да нас з Нарачы, а пасля замужжа выехала ў Вільнюс), Алена Вештарт (потым працавала ў Завідзінентах, была там дырэктарам школы), Раіса Чаславаўна Мароз, Людміла Міхайлаўна Раманенка, Святлана Кунігель (цяпер у гімназіі выкладае), а апошнім дырэктарам быў Павел Рынкевіч.
Яцынская школа была чатырохгадовай. У адной частцы будынка разам вучыліся 1-шы і 3-ці класы, у другой – 2-гі і 4-ты. Адзін настаўнік выкладаў прадметы адначасова ў двух класах.
Дзяцей было шмат: Рыгор Бараноўскі, Чапукойці – Іосіф, Ядвіга, Лявон і Генрых, Рыгор і Станіслава Вайцюлі, Ніна Баравік, Казімір Бараноўскі, Вацлаў Баравік...
Спачатку «Буквар» у нас быў – літары вучылі, потым чыстапісанне дадалося, а затым і іншыя прадметы пайшлі: беларуская і руская мовы, матэматыка, гісторыя.
Калі прыйшоў у школу, не ведаў ні літар, ні лічбаў – вучоба давалася цяжкавата. Але ў другім класе ўжо быў выдатнікам. Настаўніцы ў нас былі добрыя.
Узгадаўся выпадак, як аднойчы трапіў у настаўніцкую. Мы з Іванам Бараноўскім не вывучылі табліцу множання, нас прывялі туды і пакінулі пасля ўрокаў. Сядзелі, пакуль не вывучылі.
Вучні Яцынскай школы, 1945 год.
Не ведалі мы ў школьны час, што такое спартыўная ці актавая залы – іх проста не было. Са спартыўнага інвентару лыжы мелі. За школай гара была – аж да рэчкі – з яе і каталіся. Не мелі і сталовай – хто што прынясе, тое і з’есць.Ды і святаў практычна не спраўлялі. На Новы год, канешне, ставілі ёлку, Дзед Мароз прыходзіў – вось і ўсё свята. Падарункаў ніякіх не давалі. А вось калі вучыўся ў Чэхах, то на Новы год па пары яблыкаў уручылі – там школьны сад быў – гэта ўжо сапраўднае свята было.
Пасля вайны складана даводзілася. Здаецца, і скончылася, а па лясах хадзілі бандыты – прыходзілі ў вёску і забіралі ў людзей апошняе. Аднойчы і да нас завіталі – забралі сала і тканіну на касцюм, якую бацька прыпас. Ад іх і тата пацярпеў: да горла прыставілі нож і загадалі некуды везці, а потым збілі жалезным ломам – конь прывёз дахаты ледзь жывога.
Клуба ў вёсцы не было, таму кіно «круцілі» ў школе. Нас, малых, не пускалі – збіралі толькі моладзь і старэйшых людзей.
Пасля заканчэння 4-х класаў нас перавялі ў Чэхі – кіламетры 3-4 даводзілася ісці пешшу. Выпраўляючыся ў дарогу, на палку наматвалі тканіну, змочвалі ў керасіне – і запальвалі, каб ваўкоў адпугнуць. Потым арганізавалі падвоз, але коні былі няўдалыя: пакуль завязе ў адзін бок – назад ледзьве ногі валачэ.
Першая школа ў Чэхах, здаецца, месцілася ў панскім доме і была сямікласнай. Тады пабудавалі новую – «васьмігодку»: з Малюты перавезлі былы панскі дом і абклалі цэглай. Дырэктарам на той час быў Кісялёў, потым стаў Салавей.
Канешне ж, я ўдзячны сваім настаўнікам: кожны стараўся, даваў нам веды, хацеў выхаваць з нас сапраўдных людзей.
Расказвае апошні дырэктар школы Павел Уладзіслававіч Рынкевіч:
Павел Рынкевіч з вучнямі
– Лёс звёў мяне з Яцынскай пачатковай школай у 2000-м годзе – тады я яшчэ вучыўся ў вучылішчы. На пераддыпломную практыку нас накіроўвалі па месцы жыхарства. Я з Чэхаў – у родную школу і прыехаў. Ды так сталася, што настаўніца Яцынскай школы ехала на сесію – і яе трэба было некаму падмяніць.Мяне адправілі ў гэтую ўстанову, але не як практыканта, а як настаўніка.
Тры тыдні прайшлі хутка – спадабалася працаваць. Думаю, што ім са мной таксама было камфортна. Здзівіла, што адразу ж прыйшлі бацькі – пэўна, хацелі паглядзець, хто будзе вучыць іх дзяцей. Адносіны з імі таксама склаліся прыязныя – яны дапамагалі ва ўсіх справах.
Таму, калі пасля вучобы прыехаў у аддзел адукацыі, нягледзячы на тое, што прапаноўвалі работу ў Малях і Варнянах, папрасіўся ў Яцынскую пачатковую школу – і з задавальненнем накіраваўся сюды.
Школа месцілася ў звычайнай хаце на два бакі. У адным былі класы, у другім – сталовая і актавая зала, пакой кшталту настаўніцкай.
Спачатку дзецям на абед давалі чай і пячэнне. Мы ўнеслі, так сказаць, інавацыю: сталі рабіць бутэрброды з каўбасой. Бацькам гэта вельмі спадабалася. На той час пачатковыя школы стаялі на балансе сельсаветаў. Грошы за набыццё прадуктаў у магазін пералічвалі з затрымкамі. Але дапамагала прадавец мясцовага магазіна – Таццяна Пятроўна Бараноўская: давала нам у доўг.
На той час я працаваў адзін – быў загадчыкам «пачаткоўкі» і паралельна выкладаў прадметы ў 1-м і 3-м класах і 2-м і 4-м.
У нас была цудоўная тэхработніца – Ангеліна Людвікаўна Бараноўская. Актыўная, ініцыятыўная, заўсёды дапамагала.
Каля школы раслі яблыні. Яблыкі здавалі, а за атрыманыя грошы набывалі дзецям падарункі на Новы год. Таксама сталі віншаваць са святам дашкалят, якія ў верасні ішлі ў 1 клас, рабілі ім таксама падаруначкі. І дзецям, і іх бацькам гэта, канешне ж, падабалася. Мамы і таты ўдзельнічалі ў святах і актыўна прапаноўвалі дапамогу.
На той час месцам прыцягнення ў вёсцы былі школа і сельскі магазін. У магазін людзі ішлі, каб набыць ежу, а ў школу – за духоўным. Дык вось, дзеці і бацькі знаходзілі час прыходзіць на рэпетыцыі святаў не толькі вечарам, але і ў выхадныя дні.
Мае вучні выраслі годнымі людзьмі, многія працуюць у сельскай гаспадарцы. Так, Дзіма Янковіч дастаткова вядомы ў раёне камбайнер з КСУП «Гервяты», Насця Пашук (Юшкявічус) працуе настаўнікам у гімназіі №1. Ёсць сярод маіх вучаніц ужо і шматдзетныя маці – і я радаваўся, калі выдаваў ім пасведчанне аб рэгістрацыі шматдзетнай сям’і.
Што тычыцца гісторыі ўстановы, то дакладна год яе адкрыцця невядомы. Але ў мяне захавалася кніга загадаў па Яцынскай пачатковай школе, першы датуецца 16 жніўня 1952 года, згодна з якім загадчык установы Савіч прызначае Тамару Іванаўну Тамаровіч настаўнікам 1-3 класаў.
Загадчыкам «пачаткоўкі» ў 1958 годзе стала Любоў Мікалаеўна Гайсёнак, у першы клас тады набралі 7 дзяцей. У сярэднім у школе ў 50-60-я гады вучылася каля 30-ці дзяцей.
У 1959 годзе ў Яцынах змянілася два настаўнікі: Мікалай Ільіч Сярэднікаў і Людміла Міхайлаўна Раманенка, якая прыйшла яму на змену, а ў 1962 годзе стала загадчыкам установы.
З 1968 года настаўнічала Леангіна Іванаўна Вештарт, праз год яна ўзначаліла ўстанову і ў школе з’явіўся новы педагог – Ірына Аркадзьеўна Давідовіч.
З 1970 па 1993 гады «пачаткоўкай» загадвала Марыя Максімаўна Кулеш. Настаўнікам у гэты час працавала Яўгенія Мітрафанаўна Піткова.
З 1993 па 1997 гады сумяшчала пасады загадчыка і настаўніка Таццяна Браніславаўна Ярашэвіч. На змену ёй прыйшла Святлана Віктараўна Скібінская, праз год з’явіўся яшчэ адзін настаўнік – Марына Іосіфаўна Раўдановіч.
Я прыйшоў у Яцынскую пачатковую школу ў 2000 годзе, а праз два гады яе закрылі. На той момант ва ўстанове было 10 вучняў, якія разам са мной перайшлі ў Чэхскую «васьмігодку».