На ІІІ форуме сельскіх жанчын пабывалі працаўніцы РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”
Лепшых прадстаўніц сельскай гаспадаркі краіны напярэдадні прафесійнага свята запрасілі на рэспубліканскі форум працаўніц вёскі.
У складзе гродзенскай дэлегацыі на свяце пабывалі нашы зямлячкі з РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”: начальнік МТК “Падольцы” Гражына Рабкоўская, загадчык фермы “Стрыпуны” Крысціна Мазура і загадчык ферм “Кемелішкі”і “Талюшашы” Луцыя Дземідовіч.
У трэці раз гэтае маштабнае мерапрыемства зладзіла грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын” пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і прафсаюза работнікаў АПК.
Гераінь дня прывіталі ганаровыя госці: старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава, міністр райсельгасхарчу Анатоль Ліневіч, старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.
Гераінь урачыстасці чакала насычаная на падзеі двухдзённая праграма: абзорная экскурсія па сталіцы з наведваннем Першага нацыянальнага гандлёвага дома і храма-помніка ў гонар усіх святых. У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета жанчыны паглядзелі прэм’еру балета “Папялушка”.
Нашы зямлячкі падзяліліся ўражаннямі ад форуму
Крысціна Мазура:
– Прызнацца, за 30 гадоў работы ў сельскай гаспадарцы, з якіх на працягу 26-ці ўзначальваю ферму ў Стрыпунах, не даводзілася нідзе пабываць. Ферма-дом-ферма – мой графік. Эмоцыі і ўражанні ад гэтых двух дзён засталіся самыя неверагодныя. Захапляльная экскурсія па Мінску, улічваючы, што ў сталіцы я толькі другі раз, цудоўны храм і неверагодны балет, які ўжывую глядзела ўпершыню, – уразіла ўсё. Не ведаю, хто прапанаваў маю кандыдатуру для гэтай паездкі, але ўсім датычным да гэтага кажу шчырае дзякуй.
Луцыя Дземідовіч:
– Засталіся самыя станоўчыя ўражанні ад форуму. Нас усюды сустракалі і віталі як сапраўдных гераінь. Прыемна, што на такое знакавае мерапрыемства выбралі менавіта нас з дзяўчатамі.
Гражына Рабкоўская:
– Гэтыя два дні сталі ўвасабленнем у жыццё казкі пра Папялушку. Сімвалічна, што прэм’еру балета з такой назвай мы глядзелі ў тэатры оперы і балета.
Усё было прадумана да дробязей і арганізавана на самым высокім узроўні. Мы жылі ў шыкоўных нумарах гасцініцы “Вікторыя”, дзе прадугледжаны сняданкі, абеды і вячэры, і адчувалі сябе сапраўднымі каралевамі.
Мне пашчасціла ўжывую ўбачыць Наталлю Качанаву, якая заўважыла, што без нас, жанчын, немагчыма ўявіць жыццё і ў горадзе, і ў вёсцы. Спадабалася і старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская.
Удзячна лідару жаночага руху на Астравеччыне Наталлі Баніцэвіч, першаму намесніку старшыні райсельгасхарчу Вользе Умрыхінай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрыю Адулу, што выбралі нас.