За што любіць сваю работу садавод КСУП “Варняны” Марыя Кяжун
17:00 / 17.11.2024
Думаю, у астраўчан была не адна нагода пазнаёміцца з работніцамі варнянскага саду. Калектывы многіх раённых арганізацый і прадпрыемстваў па традыцыі восенню дапамагаюць вяскоўцам збіраць саспелыя плады ў Беразоўцы. Праўда, офісным работнікам, нязвыклым да такой працы, напэўна, было не да размоў. Заставалася толькі дзіву давацца, як працаўніцы хутка і спрытна зрывалі яблыкі і вокаймгненна вызначалі, якое таварнае, а якое пойдзе ў ападкі. Не ўгонішся! А вось садавод КСУП «Варняны» Марыя Кяжун нічога звышнатуральнага ў сваім майстэрстве не бачыць. З жанчынай сустрэліся ў садзе, дзе яблыні пакрысе скідалі пазалочаную восенню лістоту...
– Сюды трапіла выпадкова. Складана было толькі першы год. Як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць, – з сарамлівай усмешкай расказвае Марыя Антонаўна. – Па адукацыі я швачка верхняй вопраткі. Па прафесіі працавала ў Доме быта ў Астраўцы, пасля замужжа – у Быстрыцы. Пакрысе вёскі сталі драбнець, таму наш пункт закрылі. У Астравец не наездзіш, тым больш дачушка ўжо была. У школе падмяняла памочніка выхавацеля, потым 6 гадоў працавала на пошце.
Неяк пры выпадковай сустрэчы Бярнардаўна прапанавала: «Хадзем да нас, яшчэ адны рукі лішнімі не будуць. Тым больш, Антонаўна, ведаю, што ты працавітая і адказная жанчына». Згадзілася – і не пашкадавала!
Памыляецца той, хто лічыць, што самы напужаны час для садаводаў – восень. Насамрэч, спраў хапае і ў іншыя поры года.
– Нас тут 10 жанчын. Нядаўна ўладкавалася 5 мужчын, таму стала лягчэй, – працягвае Марыя Кяжун. – З восені да вясны абразаем дрэвы. Цэлы дзень на вуліцы, але холад не адчуваецца нават зімой, тым больш ёсць дзе пагрэцца.
Летам абкошваем няўдобіцу паміж яблынькамі, дзе трактар не можа прайсці, – а так усё механізавана. Вострыць і кляпае двуручку муж. Абразаем «дзікуны» – гэта парасткі пад яблынькамі. Восенню распачынаецца ўборка. Вельмі ўдзячны ўсім, хто дапамагае: наш невялікі калектыў нізавошта не ўправіўся б. Шчыра скажу, што большасць, хто прыязджае на падмогу, – харошыя старанныя людзі. Растлумачыш, што таварны яблык павінен быць як з карцінкі: прыгожы, без ніводнай плямінкі, – і пытанняў не ўзнікае. Некаторыя нават дапамагаюць: накіроўваюць і кантралююць калег. Многія ў нашым садзе бывалі неаднойчы.
Жанчына прызнаецца, што любіць яблыкі, – і на смак сарты вельмі адрозныя.
– «Ліга» чырвонае і прадаўгаватае, «алеся» з прыемнай кіслінкай і добра захоўваецца. Цешуся, калі яблыкі ўрадзілі, нібыта гэта мой сад, – працягвае жанчына. – Блізкія таксама іх любяць (я двойчы мама і бабуля), а муж больш спакойны. Ён працуе ў нашай гаспадарцы загадчыкам рамонтна-механічных майстэрань у Трокеніках. Так што для нашай сям’і Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі – падвоенае свята.
А як не любіць такую прыгажосць?!
Памятаю першы дзень, як прыйшла сюды, ажно дух перахапіла: такога вялізнага сада я ў жыцці не бачыла. Асабліва чароўна тут вясной: яблыні ў карунках квецені нагадваюць нявест, а на восень змяняюць белыя ўборы на чырвоныя пацеркі. Люблю сваю работу не толькі за прыродную прыгажосць, але і за магчымасць працаваць на свежым паветры, за цудоўны калектыў на чале з нашым начальнікам Ірынай Бярнардаўнай.