Знаёмцеся: механізатар Астравецкай сельгастэхнікі Віталій Грабоўскі і яго жалезны “малыш”

16:00 / 17.11.2024

На сяўбе, касавіцы і жніве ў многіх гаспадарках працуюць маладыя вадзіцелі і механізатары. Як правіла, яны  пайшлі па слядах бацькі і любяць сваю справу. З кагорты такіх і трактарыст-машыніст Астравецкай сельгастэхнікі Віталій Грабоўскі, якога адшукала на адным з палёў Астравеччыны. Там малады мужчына на пару з «малышом» (так жартаўліва працаўнік называе буракаўборачны камбайн «Кляйн» нямецкай вытворчасці) капаў цукровікі. 

Перахапіўшы мой здзіўлены позірк – а жоўты велікан зблізку падаўся яшчэ большым, чым з ускрайку поля, – механізатар патлумачыў:

– Па-першае, з нямецкай мовы «кляйн» перакладаецца «маленькі». Па-другое, у параўнанні з сучаснымі буракаўборачнымі комплексамі ён і сапраўды невялікі. На гэтым агрэгаце працую 6-ты сезон, а камбайну пайшоў 19-ты год. Некалі наша прадпрыемства перакупіла яго, зразумела, не новым, у Шчучынскага рамонтнага завода.  Хоць па мерках тэхнікі «малыша» можна лічыць пенсіянерам, служыць ён спраўна. Кожны механізатар і вадзіцель скажа, што транспарт адны рукі любіць, – лічыць Віталій. – Капаць буракі сёлета дапамагаў КСУП «Гервяты» і «Варняны». А яшчэ адзін наш работнік Дзмітрый Юрчык на агрэгаце «мыш» (так між сабой называем  буракаўборачны пагрузчык) быў задзейнічаны на іх падачы ў транспарт. Надышла чарга і пра свой ураджай паклапаціцца: пад цукровікі ў сельгастэхніцы сёлета адвялі 165 гектараў, толькі на гэтым полі іх 60. За дзень у сярэднім убіраю караняплоды з 10-ці гектараў. За некалькі дзён, думаю, управімся.

У Віталія Грабоўскага дарога ў сельскую гаспадарку пачыналася, як і ў многіх механізатараў: школа-армія-калгас, цяпер, праўда, сельгас­прадпрыемства. 

– Я з Трайгоў, са шматдзетнай сям’і: нас у бацькоў чацвёра. Як і большасць вяскоўцаў, мама і тата трымалі гаспадарку, было дзве каровы. Да фізічнай працы прывучаны з маленства: і бульбу капалі, і сенавалі, і жывёлу пасвілі – усё разам рабілі. Канешне, бывала, што хацелася раніцай даўжэй паспаць. Прачнешся, пабурчыш сабе пад нос – і за работу дружна і меншыя, і большыя. Нікуды не дзенешся. А хто, калі не мы, дапаможам бацькам, – узгадвае Віталій. – Тата ў гаспадарцы быў перадавым механізатарам. Неаднойчы і мяне з сабой браў. Аднаго разу я ўпоперак поля паехаў, але бацька не ўшчуваў, а толькі ўсміхаўся.

Нездарма кажуць, што вопыт і майстэрства прыходзяць з гадамі, хоць, безумоўна, у механізатарскай справе аніяк не абысціся без зацікаўленасці тэхнікай. 

– Сем гадоў адпрацаваў у КСУП «Гудагай», потым перайшоў у сель­гас­тэхніку. Толькі на восень перасаджваюся ў буракаўборачны камбайн, а так у мяне «Амкадор». Дапамагаю на розных работах у гаспадарках раёна. Таксама аказваем паслугі людзям, асабліва папулярнай у апошні час стала «разбіўка» тэрыторыі і зняцце верхняга ўрадлівага грунту пры будаўніцтве дома. Памятаю, як упершыню раўняў участак, крыху хваляваўся, ці атрымаецца. Але заказчыкі засталіся задаволенымі, – працягвае суразмоўца. – Лічу, што я на сваім месцы. Ведаю, што за бурачны сезон атрымаю годны заробак, які мае, думаю, далёка не кожны спецыяліст на атамнай электрастанцыі. Але тут таксама свае нюансы: часам даводзіцца працаваць да апоўначы і без выхадных. Гэта спецыфіка сельскай гаспадаркі: як парупішся, так і атрымаеш. Многія хочуць грошай, але пры гэтым нічога не рабіць. Такога не бывае!

Без перабольшвання я люблю тое, чым займаюся. У нас ня­дрэнны калектыў і талковы дырэктар, які імкнецца ўнікнуць у многія нюансы. Жывём з сям’ёй пакуль у цешчы ў Малях. У хуткім часе абяцалі даць кватэру ў Астраўцы, якая вокнамі выходзіць на дзіцячы садок №3, куды ходзіць дачка і дзе працуе жонка.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич