Начальнік МТК “Маркуны” КСУП “Міхалішкі” лічыць комплекс сваім чацвёртым дзіцём
15:00 / 17.11.2024
У лідары па росце ўзроўню валавай вытворчасці малака за 9 месяцаў выйшаў КСУП «Міхалішкі» са 134,7%. Значны ўнёсак у гэта зрабілі калектыў малочна-таварнага комплексу «Маркуны» і яго гаспадыня Святлана Кісель. Рэзкая, але справядлівая, запальчывая, але спачульвальная, патрабавальная да сябе і калег – як па мне, ідэальнае ўвасабленне начальніка малочна-таварнага комплексу.
– Які я кіраўнік? – перапытвае Святлана Іосіфаўна і хутка адказвае. – Благі! Нават мужык у хаце бурчыць, што за мной павінна быць апошняе слова. А яно так і будзе! Часта мушу настаяць на сваім, а людзям гэта не падабаецца. Здараецца, што і накрычаць магу, а потым адпускаюся.
МТК «Маркуны» – адзіны комплекс у КСУП «Міхалішкі». Тут утрымліваецца звыш 1 600 галоў, з якіх каля 800 – дойны статак. Сярэднесутачны надой у параўнанні з іншымі комплексамі адносна невялікі – 15 кг малака, але «маркунскія» працаўнікі імкнуцца да большага.
– Абнаўляем пагалоўе. Перайшлі на смаргонскі камбікорм, у якім ёсць усе неабходныя дабаўкі, вітаміны і прэміксы. Дастаткова ацёлаў, у мінулым месяцы было 63. Таму спадзяёмся даіць больш. Асаблівы гонар, што ўсё малако мае гатунак экстра, – жанчына пастукала па драўляным стале, каб не сурочыць, і прадоўжыла: – Гэта нашы даярачкі малайцы! На комплексе шмат праз мяне людзей прайшло: маладых і ў гадах, працавітых і гультаяватых – розных. Цяпер падабраўся цудоўны калектыў аператараў машыннага даення – гэта Лёдзя Боўша (яе партрэт вісіць на раённай Дошцы гонару), Марыя Чайкоўская, Света Пашкоўская, Аня Янушэўская і Валя Шалінава. Дзяўчаты лепш за ветэрынара ведаюць кароў і па першым сцэджаным струмені могуць вызначыць, што карова хворая. І праўда: возьмуць потым спецыяльную лапатачку для кропель малака, кербатэст – іх меркаванне пацвярджаецца. Хворых кароў адразу вылучаем і доім асобна. Кажуць, што на комплексах больш абагульнены падыход да жывёлы, чым на лінейных фермах, але не ў нас. У кожнай даяркі ёсць сярод кароў любіміцы, якія даюць найбольш малака. І пазнаюць іх дзяўчаты не па пысе, а па вымені. З дэкрэтнага адпачынку нядаўна выйшла ветурач Вераніка Кранкоўская – талковая, нічога не скажу. Дапамагаюць галоўныя ветурач Таццяна Мешкель і заатэхнік Галіна Шчамялёва. Аператары хлопцы харошыя. Казік Сяргееў ва ўсім разбіраецца – такіх рукастых у мяне яшчэ не было. У некаторых былі праблемы з алкаголем, але людзі зразумелі, што можна не піць і атрымліваць добрыя грошы, калі працуеш, таму выправіліся.
Святлана Кісель з першага дня на комплексе. Новенькія, што называецца з іголачкі, «Маркуны» запусцілі ў 2010 годзе. Так сталася, што жанчына – бухгалтар па адукацыі – прыняла на сябе ўвесь цэйтнот ад запуску малочнай фабрыкі.
– Наогул я хацела быць медыкам, але ў вільнюскім вучылішчы мне адкрыта сказалі: няма чаго тут табе рабіць. Адвучылася на бухгалтара ў Ашмянах і па накіраванні трапіла на Астравеччыну. Крыху папрацавала па спецыяльнасці ў калгасе «Зара» (Завідзіненты), выйшла замуж, пайшла ў дэкрэт. Пасля адпачынку месца рахункавода не знайшлося. Тагачасны старшыня Шафарэвіч прапанаваў пайсці на зернесклад у Крываносы. Там далі крывую, злепленую з двух палавін, хатку, бо з Радзюшоў, дзе мы жылі, не было як дабірацца. Кладаўшчыком адпрацавала 15 гадоў. «Зару» аб’ядналі з калгасам імя Кірава (Міхалішкі), а старшынёй прызначылі Чаплінскага. Мы ўжо былі шматдзетнай сям’ёй, а туліліся ў хаціне. Многія пісалі заявы ў канторы на паляпшэнне жыллёвых умоў. А я што – горшая? Неяк сакратарка патэлефанавала: дом вам далі. У панядзелак паехала да галоўнага, а ён кажа: «Дам жыллё, калі пойдзеш на комплекс».
Словам, зрабіў прапанову, ад якой нельга было адмовіцца. Падумала: мы ж не маладзеем, дзеці растуць. А тут дом з газам і ўсімі выгодамі даюць, – успамінае жанчына.
Калі б Святлана Іосіфаўна ведала, які шквал праблем абрушыцца на яе на новым месцы, адказала б, напэўна, катэгарычна.
– На комплекс прыйшла фуражырам, а праз некалькі дзён стала начальнікам. Жывёлу мы заўсёды трымалі, але адна справа – 2 каровы, а зусім іншая – 200. Як цяпер памятаю, у снежні 2010 года нам прывезлі першую партыю – 196 нецеляў. На машыне ў Чаплінскага высвечвалася 35 градусаў марозу. Што мы толькі ні рабілі: ваду цёплую давалі, спецыяльныя пушкі для абагрэву ставілі… Але гэта былі кветачкі ў параўнанні з тым, што нас чакала далей. Пакуль сфарміравалі групы, пакуль прывучылі кароў да даільнай залы і самі прызвычаіліся да ўсёй гэтай механізацыі і камп’ютарызацыі. Сёння нават і не верыцца, праз што давялося прайсці напачатку. Дзеці часам кажуць, каб кідала гэтую работу, сябе пашкадавала, маўляў, знойдзеш што лягчэйшае. Я задумаюся іншы раз: а што я ўмею рабіць, акрамя як на ферме працаваць?..
Сваю работу люблю ўсёй душой. І зарплата радуе. А комплекс для мяне, без перабольшвання, як чацвёртае дзіця.