За што і каму ўдзячны брыгадзір раслінаводчага ўчастка №3 саўгаса “Падольскі” Яўгеній Янушкевіч

13:00 / 17.11.2024

Калісьці ледзь не ў кожнай вёсачцы быў свой калгас, таму тагачасным брыгадзірам было, напэўна, прасцей за сваіх папярэднікаў: палі былі навідавоку, як на далоні.  РУП «Астравецкі» саўгас «Падольскі» ўвабраў у сябе тры асобныя гаспадаркі – па іх колькасці і засталіся раслінаводчыя ўчасткі. Трэцім – а гэта землі Кемелішак і навакольных вёсак – загадвае Яўгеній Янушкевіч. 

Напачатку размовы аграном крыху разгубіўся і, бы па напісанай аўтабіяграфіі, за некалькі хвілін расказаў пра сябе:

– Я варонскі. Пасля 11 класа Варнянскай школы паступіў вучыцца на агранома ў Навагрудскі аграрны каледж. Пасля яго заканчэння па размеркаванні трапіў у СВК «Ке­ме­лішкі», было гэта 11 ліпеня 2007 года – чамусьці дата адклалася ў памяці. Пасля рэарганізацый і ўзбуйнення наша гаспадарка стала саўгасам «Падольскі». Завочна атрымаў вышэйшую адукацыю ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Жанаты, выхоўваю дваіх дачок.

З дзясятак гадоў назад саўгас быў апошняй гаспадаркай раёна, дзе вырошчвалі традыцыйна беларускую культуру – лён. Запытала ў агранома, ці заспеў ён той час.

– Больш таго, добра памятаю, што і ў варонскім калгасе імя Карла Маркса рос блакітнавокі. Тата ўсё жыццё быў механізатарам і працаваў на ільнокамбайне. На лета – мне было 14 гадоў – пайшоў да яго ў памочнікі, – суразмоўца прыкметна ажывіўся. – Цяпер гэтую культуру звычайна вырошчваюць непадалёк ад ільнозаводаў. У нашым саўгасе, здаецца, каля 100 гектараў некалі было. Але, па шчырасці, з ільном больш галаўнога болю, чым аддачы. 

Па душы брыгадзіру раслінаводчага ўчастка збожжавыя культуры, асабліва азімыя. Добра яны сыплюцца ў апошнія гады ў саўгасе! 

– Сёлета на маім участку вырошчвалі ў асноўным рапс – адвялі 285 гектараў. Намалацілі звыш тысячы тон крыжакветкавага ўраджайнасцю 35,6 цэнтнера з гектара. Такі станоўчы вынік стаў магчымым дзякуючы некалькім складнікам. Па-першае, селекцыйнай рабоце: у апошнія гады спыняемся не на сартах, а гібрыдах, у тым ліку айчынных. Па-другое, своечасова дагледзелі пасевы, падкармілі і апрацавалі ад хвароб і шкоднікаў. Па-трэцяе, надвор’е сёлета было нам толькі на руку. І буракі ў нас самыя важкія ў раёне – на круг бралі пад 700 цэнтнераў. Сакрэтаў ніякіх  няма. Стараліся ўсе: і галоўны аграном Дзмітрый

Малючак, і аграхімік Алеся Шыманэль, і мы, брыгадзіры, і механізатар Аляксандр Шостак, якому летась даверылі пасяўны комплекс сучаснай мадыфікацыі з сістэмай дакладнага высеву. 

Напрыканцы гутаркі Яўгеній Янушкевіч прызнаўся, што вельмі ўдзячны тагачаснаму брыгадзіру  Віктару Кібу, які некалі прыязна сустрэў яго ў Кемелішках і ахвотна дзяліўся ведамі і вопытам.

У першую чаргу люблю сваю рабо­ту з-за людзей. За маім участкам зама­ца­вана 13 механізатараў, 4 вадзіцелі і 7 паля­водаў.  Раслінаводства – унікальная галіна, бо плён сваёй працы бачыш хутка. Люблю, як на палях з’яўляецца рунь, як збожжа расце, а потым каласіцца. 
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич