Насеннявод Антаніна Дзерван пра працу на зямлі і любоў да яе, работу і ордэн ад Прэзідэнта

10:00 / 17.11.2024

Нашы продкі лічылі, што Сусвет трымаецца на трох кітах. А сучасная стваральная рэчаіснасць шмат у чым залежыць ад пра­цавітых, простых у думках і шчырых у словах работнікаў аграпрамысловага комп­лексу. 

Яны па-рознаму прыйшлі ў прафесію, але, нягледзячы на абставіны і цяжкасці, за­трымаліся ў ёй. Яны непадобныя па светапоглядзе, але аб’яднаныя адданасцю і любоўю да зямлі, прыроды і ўсяго жывога, якія, відаць, па генах перадаліся ім ад продкаў. Ім не стае часу на размовы і сантыменты – яны прывыклі з дня ў дзень рабіць тое, што ўмеюць найлепш: даіць кароў і гадаваць цялят, сеяць хлеб і ўбіраць яго… На іх і трымаецца сельская гаспадарка, вёска і краіна. 

Аграном па насенняводстве КСУП «Гервяты» Антаніна Дзерван – першая жанчына на Астравеччыне, якая атрымала ордэн Пашаны з рук Прэзідэнта. Падчас абласных «Дажынак» у Мастах, калі Аляксандр Лукашэнка ўручаў узнагароду нашай зямлячцы, ад душы за яе парадавалася. Францаўна, як ніхто іншы, вартая гэтага! Сорак гадоў яна працуе на адным месцы, і праз рукі жанчыны прайшлі тысячы тон збожжа…

– У школе ў мяне добра ішлі хімія і біялогія. Нават думала паступаць у педагагічны. У старэйшых класах да нас прыслалі настаўніцу фізікі. На выгляд дзяўчо: маленькая, худзенькая – вылітая я. Нашы хлопцы жартавалі з яе, чапляліся. Гледзячы на гэта, я зразумела, што ў будучым мяне чакае тое ж, – расказавае Антаніна Францаўна. – Бацькі працавалі ў калгасе: тата будаўніком, мама даяркай. Мы з братамі і сёстрамі прападалі на ферме. На летніх канікулах, калі перайшла з 9 у 10 клас, рабіла даяркай – не было каму працаваць, таму мне далі цэлую групу. Кароў даілі спецыяльнымі вёдрамі. Біклагі з малаком цягалі ў лядоўню – памяшканне з прысыпанымі торфам агромністымі ледзянымі глыбамі. Хоць жывёлу любіла, але пайшла вучыцца на агранома ў Навагрудскі тэхнікум, які скончыла з чырвоным дыпломам. Выйшла замуж. На нашым курсе палавіна дзяўчат з хлопцамі перажаніліся – пар 15 было.

На Астравеччыну маладых перацягнуў тагачасны старшыня калгаса «Радзіма» Вячаслаў Адахоўскі. Відаць, ужо тады сваім гаспадарскім вокам ён прыкмеціў, што з маладой аграномкі будзе толк.

– Мяне прызначылі насенняводам, мужа – брыгадзірам у Гальчунах, дзе і далі хаціну. Плакала два дні: дарогі не было – хадзілі там, дзе цяпер аб’язная на Пелегрынду, – успамінае жанчына. – Галоўным аграномам быў Віктар Іванавіч Сільвановіч – усяму навучыў. Шмат даў Вячаслаў Іосіфавіч. Мяне, маладую і нявопытную, прынялі як сваю. Ды і людзі даўней, мне здаецца, былі больш дружнымі і згуртаванымі: ніхто не думаў пра грошы, як цяпер моладзь, хоць зарплаты былі харошыя. Памятаю, у сакавіку 1984 года прыйшлі на работу, а напрыканцы года і нам далі 13-ю зарплату – ажно 350 рублёў.  Усе святы разам адзначалі. А колькі традыцый было! На «Зажынкі» на полі выстройваліся камбайны, першы сноп жанчыны ўручалі Адахоўскаму, а толькі потым ксёндз асвячаў тэхніку і людзей. І «Дажынкі» былі, як у нас цяпер Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. На засеўкі, напрыклад, брыгадзір Тарэса Сільвестраўна Койра сама кідала ў глебу першыя зярняты. Потым былі дасеўкі, калі заставалася толькі кукуруза. Па выніках сяўбы, жніва і касавіцы ладзілі сходы, на якіх адзначалі перадавікоў. 

У калгасах паступова аб’ядноўвалі брыгады, якія раней былі, лічы, у кожнай вёсцы.

– З Гальчун, дзе ў мяне нарадзіліся Оля і Юля, пераехалі ў Гервяты, тут пазней на свет з’явілася Аня, – дзеліцца ўспамінамі Антаніна Францаўна. – Калгас «Радзіма» заўсёды быў моцным. Мяркуйце самі, у 1984 годзе ўраджайнасць збожжа была пад 50 цэнтнераў з гектара. А падчас уборкі, калі да нас далучылі калгас імя Леніна (Чэхі), – толькі 28. Даўней не вырошчвалі пшаніцы, асноўныя культуры – жыта, ячмень, авёс. Былі высокія сарты жыта, саломістыя, цяпер больш нізкарослыя. Хто б тады мог падумаць, што жыта будзе сыпацца пад 80 цэнтнераў ці кукуруза – пад 120.  Час, як і тэхналогіі, не стаіць на месцы. За кошт гібрыдаў, у якія на генетычным узроўні закладзены ўра­джайнасць, новых аграметадаў земляробства, энерганасычанай тэхнікі айчыннае раслінаводства за апошнія дзесяцігоддзі зрабіла значны рывок наперад.  

Запытала ў працаўніцы, што залежыць ад насеннявода, якія яна культуры любіць найбольш, чаму і каго можа назваць сваімі вучнямі. 

– На аграноме – уся тэхналогія, але сарты і гібрыды выбіраем ра­зам. Мая задача – каб граматна і своечасова насенне было высушана, ачышчана і засыпана на захоўванне. Пад азімую і яравую сяўбу КСУП «Гервяты» патрэбна тысяча тон кандыцыйнага матэрыялу, – працягвае суразмоўца. – Каб пералічыць вучняў, не хопіць і пальцаў на руках: Габрукевіч, Субач, Сілівончык… Але асаблівы гонар адчуваю за цяперашняга дырэктара саўгаса «Падольскі» Дзяніса Кірпу і намесніка дырэктара нашай гаспадаркі Аляксандра Кавальку. Яны ўсё схоплівалі з аднаго слова, з імі было проста, лёгка і прыемна працаваць. З культур найбольш люблю пшаніцу. Яна хоць і капрызлівая, але добрая аддача ад яе. І травы па душы, без іх нікуды ў сельскай гаспадарцы. Самы складаны – рапс. З ім столькі работы, так яго глядзець трэба, як дзіця малое. За адну ноч можна страціць палавіну пасеянага. Прапусціў якую хваробу – і па ўраджайнасці. Капрызлівы крыжакветкавы, але вельмі эканамічна выгадны. Гэта любімая культура нашага Кавалькі – гатовы і начаваць у полі. (Усміхаецца.) Увогуле ў мяне нелюбімых культур няма. 

Работу люблю за людзей, за збожжа, за хлеб. Дзякуючы ёй, Гервяты сталі маёй радзімай, тут я спазнала мацярынскае і жаночае шчасце.  А яшчэ атрымала такую ўзнагароду. Прызнацца, не думала і не чакала, бо ў нас працуе шмат годных людзей, але на душы прыемна: 40 гадоў прайшлі недарэмна. І цяпер, бывае, вазьму ў прыгаршчу пшанічныя зярняты, а яны блішчаць, бы золата. Праўду кажуць, што хлеб – усяму галава, а насенне – яго аснова. 



Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич