Чым астраўчане будуць здзіўляць гасцей на сваім падворку падчас абласных “Дажынак” у Мастах, расказала Вольга Баяровіч
17:20 / 31.10.2024
Як і чым будуць здзіўляць гасцей дажыначнай сталіцы Прынёмання астраўчане, расказала загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч.
– Да свята сумесна рыхтаваліся ўсе гаспадаркі раёна на чале з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, сельгастэхніка, сектар культуры, лясгас.
Тэматыка падворкаў будзе прымеркавана да 80-годдзя Гродзенскай вобласці і адлюструе дасягненні рэгіёна за пяцігодку.
Мы спыніліся на апошняй (2020-2024 гадах) і абралі малочную тэматыку. Менавіта ў гэты перыяд наша жывёлагадоўля па надоі ад каровы трывала замацавалася ў 6-цы лепшых. Мы паспрабавалі паказаць гэтую галіну з праламленнем на будучыню. На астравецкім падворку можна будзе адшукаць рагулю, малочнае таксі і шмат іншых цікавостак – не буду раскрываць усе сакрэты: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць.
Выканаўчым майстэрствам гасцей будуць радаваць народны ансамбль «Кемяліна» і работнікі культуры, а рамеснікі – даваць майстар-класы. Да слова, іх таленавітымі рукамі з розных культур збожжавых, якія вырошчваюць у нашым раёне, створаны вялікі адмысловы сноп. Павязём з сабой і каравай. Усе 17 раёнаў вобласці прадставяць карты раёна, на якіх будуць размешчаны зробленыя з цеста знакавыя аб’екты. Астравец – горад энергетыкаў, таму градзірні, на думку арганізатараў, – найбольш падыходзячы элемент.
Упэўнена: усім, хто завітае на астравецкі падворак, хопіць і хлеба, і відовішчаў.