Невядомы Леанід Шкуратаў: мастак-самародак

15:00 / 26.10.2024

Сям’ю Шкуратавых я ведаю з пачатку 90-х: калі прыехала на Астравеччыну і стала працаваць у аддзеле сельскай гаспадаркі раённай газеты, часта сустракалася са старшынёй калгаса «Савецкая Беларусь» Леанідам Іванавічам і галоўным заатэхнікам гэтай гаспадаркі Марыяй Чаславаўнай. Потым яны то знікалі з майго поля зроку, то з’яўляліся зноў. І толькі адносна нядаўна, незнарок трапіўшы ў госці ўжо да пенсіянераў Шкуратавых, не без здзіўлення ўбачыла ва ўсіх пакоях мноства жывапісных работ, на мой дылетанцкі погляд, вельмі нядрэнных. 

– Хто ў вас малюе? – паці­ка­вілася ў гаспадыні. 

– Муж, Леанід Іванавіч, – усміхнулася Марыя Чаславаўна.

Як высветлілася, захапленне гэтае ў Леаніда Шкуратава з дзяцінства.

– Мы жылі ў Клічаве Магі­лёў­скай вобласці, – расказвае мас­так-самародак. – Па-суседску з намі пасяліліся  ўкраінцы. Больш за ўсё мяне ўразілі ў іх доме дзве вялікія карціны, што віселі ў гасцёўні. Гаспадар расказаў, што намаляваў іх сам, і я вырашыў: таксама хачу навучыцца!


Ці мала хто што вырашае ў сямігадовым узросце! Але ў хлопчыка тое ўзрушэнне ўпала, відаць, на дабрадзейную глебу: яму захацелася маляваць.

Масла ў агонь гэтага жадання падліў стрыечны брат, які ў той час служыў у войску і дасылаў лісты малому Лёніку. Часам дадаваў да іх графічныя малюнкі – і тады радасці хлопчыка не было межаў! У кожным пісьме ён прасіў брата: намалюй яшчэ што-небудзь!

Сам нешта крэмзаў у альбоме і сшытках, маляваў фарбамі і алоўкам, толькі  ніхто не звяртаў на гэта асаблівай увагі: чым бы дзіця не бавілася…

На мастацкія здольнасці перша­курсніка Леаніда Шкуратава звярнулі ўвагу ў Віцебскай ветэ­рынарнай акадэміі, куды ён паступіў пасля школы. І тут жа загрузілі работай: уся наглядная агітацыя легла на яго пле­чы. Былі ў тым і свае плюсы: перад вялікімі святамі – Днём Перамогі, Першамаем, чарговай гадавінай Кастрычніцкай рэвалюцыі – яго на тыдзень, а то і больш, вызвалялі ад заняткаў: юнак  павінен быў да святочнай дэманстрацыі афор­міць калону акадэміі. 

Тады ж, у студэнцкія часы, Леанід пачаў усур’ёз займацца жывапісам. Нават паступіў у Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў. Вучоба заключалася ў тым, што ён пасылаў выкладчыку свае работы, той аналізаваў іх і вяртаў з рэцэнзіяй. Па выніках вучобы хлопец нават атрымаў дыплом, хоць, па ўласным прызнанні, асаблівых ведаў яму там не далі. Больш пачэрпнуў, наведваючы музеі, выставы, набываючы альбомы рэпрадукцый вядомых мастакоў, спецыяльную літаратуру. І з уласнай практыкі: усё жыццё ён маляваў.

– Нават калі працавалі старшынёй калгаса? – з недаверам перапытваю, ведаючы рабочы графік кіраўніка гаспадаркі.

– Тады – найбольш, – смяецца Леанід Іванавіч. – Падарункі патрабаваліся часта і густа, лепш – незвычайныя, арыгінальныя. Карціны мае заходзілі на «ўра». Яны ёсць у многіх прыватных калекцыях: у Германіі, Расіі, Украіне, не кажучы ўжо пра родную Беларусь.



Леанід Шкуратаў, па ўласным прызнанні, больш за ўсё любіцьмаляваць пейзажы – яны, дадам ад сябе, найбольш падабаюцца і наведвальнікам яго прыватнай хатняй выставы. Аднак ёсць у яго і нацюрморты, іконы, партрэты. 

У студэнцтве, да прыкладу, намаляваў партрэт жонкі. Плануе вярнуцца да гэтага напрамку і напісаць парт­рэт дачкі.

Ён і цяпер няспынна вучыцца – дзякаваць богу, сёння гэта прасцей: ёсць інтэрнэт. Але галоўным яго настаўнікам заўсёды была настойлівая праца. Хоць гэтага – настойлівасці – яму, прызнаецца, заўсёды не хапала: занатаваўшы асноўнае, ён часта кідае работу, не давёўшы да ладу: не любіць вяртацца, дарабляць, а тым больш – перарабляць.

Мастак-самародак, у адрозненне ад прыхільнікаў яго таленту, даволі скептычна ставіцца да сваіх карцін і раздорвае іх, не шкадуючы: прыйшоў госць, захоп­лена застыў перад нейкай работай – і выйшаў з падарункам. 

…Прызнаюся: цяпер і ў маёй прыватнай калекцыі ёсць кар­ціна Леаніда Шкуратава, якой я вельмі даражу. Марозны ранак, снег іскрыцца пад промнямі яркага сонца… Хочацца ступіць на  некранутую белую роўнядзь, пачуць лёгкае рыпенне пад нясмелым крокам, адчуць амаль няўлоўны водар свежасці і чысціні… І, як і ў кожны свой дзень нараджэння, усвядоміць, што жыццё толькі пачынаецца!



Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик