Работнікі сферы культуры Астравеччыны віншавалі калег з абласной сцэны і прымалі ўзнагароды

12:00 / 11.10.2024


Прадстаўнікоў сферы культуры Гродзеншчыны ўшаноўвалі ў абласной філармоніі напярэдадні іх прафесійнага свята.

– Мерапрыемства прайшло незвычайна, неканцэптуальна: у праграме былі нумары ад кожнага раёна. Выступалі па алфавіце, таму астраўчанам давялося першымі выходзіць на сцэну, каб прэзентаваць свой куточак і павіншаваць калег з вобласці, – расказала загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч. – Ад нас выступалі 7 вакалістаў, «Світанак», «Кемяліна» і танцавальны калектыў. Да сваёй часткі праграмы мы падрыхтавалі цікавы відэакантэнт, на якім адлюстравалі самыя яркія моманты культурнага жыцця мінулага і бягучага гадоў. «Кожнаму дому – шчасця» называлася кампазіцыя ў выкананні Астраўца. Яна, дарэчы, належыць беларускаму аўтару Валерыю Шмату – мы яму патэлефанавалі і спыталі, ці можна яе крыху змяніць. Атрымалі згоду – і дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Марына Арлоўская перарабіла словы, якія і былі накіраваны ў адрас работнікаў культуры.


Астравецкія артысты атрымалі высокую адзнаку. Кожны раён прадставіў нумары, якія адлюстроўвалі каларыт рэгіёна.


Падчас канцэрта адбылося ўзнагароджанне работнікаў культуры. Сярод такіх і астраўчане: грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама атрымала галоўны спецыяліст сектара культуры Кацярына Чарнушэвіч, Падзяку старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму – загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч, Падзяку міністра культуры – бібліятэкар Міхалішкоўскай бібліятэкі Вольга Багдановіч.

Текст: Светлана Фёдорова