54 гады, 7 выпускаў, больш за 200 дзяцей – такі педагагічны шлях настаўніцы пачатковых класаў Ніны Вялікай
14:00 / 06.10.2024
– Калі б мне давялося працаваць з малышамі, то, мусіць, не справілася б, – прызналася неяк «прадметніца», педагог са шматгадовым стажам і мноствам узнагарод. – Яны прыходзяць у школу, не ўмеючы яшчэ сядзець за партай, а навучыць трэба ўсяму – кожнага з двух ці трох дзясяткаў чалавек! Гэта неверагодная праца!
А яшчэ – дадам ад сябе – адказнасць. Бо менавіта ад таго багажу, які закладзе ў дзіця настаўнік пачатковых класаў, залежыць, як ён будзе вучыцца ў сярэдніх і старэйшых і, калі браць шырэй, – ці стане для яго школа месцам, куды дзіця будзе імкнуцца за пазнаннем новага, цікавага, нязведанага.
А Ніна Васільеўна Вялікая, якая больш за 50 гадоў (вы толькі ўдумайцеся ў гэтую лічбу, уявіце: працоўны стаж – паўстагоддзя!) працавала ў школе і пераважна з малышамі-пачаткоўцамі, сцвярджае, што не ўяўляе сябе нікім іншым, акрамя як настаўнікам пачатковых класаў. Кажа: калі б была магчымасць пачаць усё яшчэ раз, яна б выбрала тую ж жыццёвую дарогу.
Хоць ёй ёсць з чым параўноўваць: пэўны час яна выкладала беларускую мову і літаратуру – Гродзенскі педагагічны тады яшчэ інстытут заканчвала менавіта па гэтай спецыяльнасці, працавала выхавацелем у дзіцячым садку, пасля выхаду на пенсію – выхавацелем групы падоўжанага дня. І ўсё ж бліжэй і даражэй за ўсё для яе – малышы-пачаткоўцы, шчырыя, непасрэдныя, бясхітрасныя. Яны прыходзяць у першы клас баязлівыя, насцярожаныя. Уявіце, як ім страшна: усе незнаёмыя, усё незнаёмае… І трэба растапіць гэтыя льдзінкі ў іх вачах і сэрцах. А калі гэта адбудзецца, яны становяцца такімі блізкімі, такімі роднымі. Для іх настаўніца і сапраўды – як другая мама: ёй трэба не толькі навучыць іх чытаць, пісаць, складаць і адымаць, але і абняць, пашкадаваць, часам выцерці слёзкі, завязаць банцік ці шнуркі, падцягнуць калготкі і зашпіліць куртку.
А пачыналася ўсё ў далёкім 1970 годзе, калі пасля заканчэння Ваўкавыскага педагагічнага вучылішча 19-гадовая шчучынская дзяўчына прыехала па размеркаванні ў далёкі незнаёмы Астравецкі раён, дзе яе накіравалі настаўнічаць у пачатковую школку ў вёску Віктасіну. На наступны год яна паступіла ў інстытут – вельмі ж хацела атрымаць вышэйшую адукацыю! А яшчэ праз год стала Вялікай: выйшла замуж за мясцовага хлопца. У агульнай складанасці, разам з дэкрэтным адпачынкам, 4 гады жыла яна ў Віктасіне. А потым мужу, рабочаму БМУ меліярацыі, далі кватэру ў Астраўцы – і маладая сям’я, ужо з сынам, пераехала ў райцэнтр.
Пераехаць-то пераехалі, ды работы для Ніны Васільеўны не было: сярэдняя школа – адна, пачатковых класаў – тры ў паралелі, кожны – больш чым па 30 вучняў, а адкрыць яшчэ адзін няма магчымасці. І ў бліжэйшых вёсках – Малях, Слабодцы, Гудагаі – таксама настаўнікі пачатковых класаў не патрэбны. З цяжкасцю ўладкавалася выхавацелем у дзіцячы садок.
І толькі ў 1981 годзе, калі прыйшла падпісваць заяву на водпуск да тагачаснага загадчыка раённага аддзела адукацыі Леаніда Батуры, які ў свой час, тады яшчэ дырэктар Віктасінскай пачатковай школы, прымаў на работу яе, маладога спецыяліста, той прапанаваў:
– Не хочаце пайсці настаўнікам? Набіраецца дадатковы першы клас.
Яшчэ б яна не хацела! Не проста хацела – марыла!
Так Ніна Васільеўна прыйшла ў першую школу – другі раз у першы клас (першы раз быў у Віктасіне). І як яна кожныя чатыры гады станавілася другой мамай для новага першага класа, так і школа, яе калектыў, дзеці сталі для яе другім домам, яшчэ адной сям’ёй.
26 гадоў працы настаўніцай пачатковых класаў у СШ №1… Сем выпускаў… Больш за 200 дзяцей… Неверагодна, але кожнага яна помніць, ведае, як склаўся лёс, ведае іх дзяцей, а ў некаторых – ужо і ўнукаў.
– А што ж – першым маім выпускнікам, якіх я набірала ў 1981 годзе, ужо па 50 гадоў – не дзіва, што яны самі ўжо дзядулі і бабулі, – усміхаецца Ніна Васільеўна.
І пры гэтым канчаткова школу Ніна Васільеўна пакінула толькі сёлета. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак у 2007 годзе яшчэ нейкі час працавала ў Мальскай школе: падмяняла адпачынкі, бальнічныя.
А потым яе папрасілі пайсці ў гімназію выхавальнікам групы падоўжанага дня – і яшчэ 10 гадоў яна «бавілася» са сваімі любімымі «першачкамі».
– Ім так трэба, каб іх абнялі, прылашчылі… Пойдуць у другі клас, там ужо групы падоўжанага дня няма, а яны ўсё роўна на перапынку ці пасля ўрокаў да мяне бягуць, каб прытуліцца… Малыя яшчэ, пяшчоты хочуць…
Але не трэба думаць, што толькі «абдымашкі» былі ў праграме работы выхавацеля. Дырэктары гімназіі стараліся яе ставіць «у пару» да пачынаючых настаўнікаў, ведалі: Ніна Васільеўна ненавязліва, тактоўна падкажа, а калі трэба, і справай дапаможа.
Успамінаюць вучні
Расказвае Святлана Шлыковіч (у дзявоцтве Ромаш):
– Нам – мне і некаторым маім аднакласнікам – вельмі пашанцавала. У дзіцячым садку выхавацелем у нас была Ніна Васільеўна. У школу мы, вядома ж, хацелі ісці, але трохі пабойваліся, хваляваліся: хто стане нашай настаўніцай, якой яна будзе? Прыйшлі першы раз у першы клас – а нас сустракае наша Ніна Васільеўна! Колькі радасці было!
З вышыні сённяшняга ўзросту разумею, што наша першая настаўніца сапраўды была нам другой мамай. Яна вельмі добрая і справядлівая…
Чамусьці запомнілася, як мы хадзілі ў паход на ГЭС пасля заканчэння навучальнага года. Як звычайна, набралі ежы, з’елі ўсё, як толькі прыйшлі, падурэлі. А пакуль прыйшлі назад, зноў прагаладаліся. Ніна Васільеўна прывяла нас да сябе дахаты – яны тады жылі яшчэ на Кастрычніцкай вуліцы, дастала прыпасы, якія мела: варэнні, кампоты… Як жа смачна было! Дома тое ж варэнне зусім не такое.
Столькі гадоў, столькі дзяцей праз яе рукі прайшло! А яна, калі сустракаемся, заўсёды распытае – пра работу, пра мужа, дзяцей. Усіх памятае, пра ўсіх ведае, за ўсіх перажывае ці радуецца. З таго часу і да сённяшняга дня – другая мама.
Расказвае Анастасія Церах (у дзявоцтве Міхцеева):
– Маё знаёмства з Нінай Васільеўнай Вялікай адбылося 1 верасня 1999 года, калі бацькі прывялі мяне ў нулявы клас СШ №1. Яна вучыла нас чатыры гады, з нулявога па трэці.
Наш клас вучыўся па праграме «Крок за крокам». Не ўнікала ні тады, ні цяпер, у чым яе сутнасць, але ведаю, што тады мы былі адзінымі ў раёне, хто займаўся па гэтай праграме.
Кожная раніца ў нас пачыналася з таго, што мы садзіліся на чырвоны дыван, віталіся і расказвалі пра свой настрой, пра справы… Гэты рытуал прыўносіў у наш дзіцячы калектыў асаблівую атмасферу дружалюбнасці, згуртаванасці.
Над дошкай у нашым класе вісеў дэвіз «Сёння лепш, чым учора». Ніна Васільеўна вучыла, што мы павінны сапернічаць не з некім, а з самімі сабой: не стаяць на месцы, развівацца, кожны дзень станавіцца хоць крышачку лепшымі, чым учора.
Усё, чаму мяне навучыла Ніна Васільеўна, – яно са мной і сёння. Яна для мяне была не проста настаўнікам, а Чалавекам з вялікай літары. Я заўсёды ўспамінаю яе з удзячнасцю і радуюся, калі сустракаю. Міжволі адзначаю: мы сталеем, старэем, а яна ўсё тая ж – такая ж родная, цёплая, добрая, мудрая…
Сёння я разумею, наколькі каштоўныя першыя крокі на шляху пазнання і як важна, хто дапамагае іх зрабіць. Дзякуючы сваёй першай настаўніцы я навучылася любіць вучыцца, цаніць веды і не баяцца марыць. І за гэта я ёй заўсёды ўдзячна.
І той дэвіз – «Сёння лепш, чым учора» – гэта цяпер мой дэвіз па жыцці.
…Цяпер у горад Ніна Васільеўна выходзіць з запасам часу. Ведае: то там, то тут абавязкова сустрэне некага са сваіх былых вучняў і простым прывітаннем справа не абыдзецца: яны яе здароўем цікавяцца, яна – іх справамі. Радуецца поспехам, засмучаецца няўдачам. Ганарыцца тымі, хто дасягнуў прафесійных вышынь.
А вось тых, за каго ёй было б сорамна, прыгадаць не здолела. Па яе меркаванні, незалежна ад таго, дзе і кім сёння працуюць яе былыя вучні, усе яны сталі дастойнымі людзьмі.
Напэўна, ёсць у гэтым заслуга і іх першай настаўніцы Ніны Васільеўны Вялікай.
Ніна РЫБІК.