У Трокеніках прайшоў традыцыйны пленэр мастакоў

15:00 / 29.07.2024


…У такіх мясцінах, настоеных на водары даўніны, – пад дубам, які памятае белагаловага хлапчука Мар'яна; у доме, дзе, здаецца, да гэтага часу чуецца тупат яго дзіцячых ножак па пакручастай вінтавой лесвіцы; на высокай строме над гуллівай вірлівай рачулкай пад бяздонным блакітам неба – па-іншаму дыхаецца і думаецца.

Тут, здаецца, самі па сабе нараджаюцца вершы і кладуцца фарбы на палатно…

І нездарма трэці год запар у Трокеніках, у сядзібе Мар'яна Богуша-Шышкі, пад эгідай цэнтральнай раённай бібліятэкі і сектара культуры і пры матэрыяльнай падтрымцы астравецкіх прадпрымальнікаў бацькі і сына Вадзіма і Антона Міхцеевых праводзіцца пленэр мастакоў. Землякі імкнуцца натхніцца духам гэтых мясцін, каб паспрабаваць злавіць – поглядам, светаўспрыманнем, а найперш – душой – і перадаць на палатне ці на паперы тое амаль няўлоўнае, за што нашага слыннага земляка назвалі мастаком стагоддзя.

…Яны прыязджаюць сюды зранку. Нехта, як стары знаёмы, вітаецца са старажытнай сядзібай; іншы толькі знаёміцца з ёй, нясмела пытаючыся дазволу: ці прыме? ці падзеліцца сакрэтамі натхнення?




Затым выбіраюць лакацыю. І хоць месца не так шмат, а мастакоў сёлета амаль паўтара дзясятка, усе знаходзяць нешта адметнае.

–Я на пленэры ў Трокеніках упершыню, – гаворыць Ала Зяленская. – Таму вырашыла перадаць пачуцці, якія выклікаў сядзібны дом Богуша-Шышкі. А прырода ў мяне і дома цудоўная.

А Аляксандра Букель бывала тут неаднойчы і яшчэ да прыезду вызначылася, што будзе маляваць: сядзібу, якая праглядвае праз засень дрэў старажытнай алеі.

З-пад простага, ды ўмелага алоўка Сняжаны Міхалкі штрых за штрыхом з’яўляецца амаль пушкінскі пейзаж: старажытны дуб і рамантычная лавачка пад ім…

З алоўкам працуе і юная Лізавета Субач, толькі яна бачыць навакольны пейзаж зусім па-іншаму: у чорна-белым выкананні – былое, у каляровым – сённяшні дзень.

Каб пагасціць у бабулі Галіны Віктараўны і прыняць удзел у трокеніцкім пленэры, прыехаў з Мінска навучэнец мастацкай гімназіі імя Ахрэмчыка Канстанцін Унуковіч. За непрацяглы час ён паспеў зрабіць тры эцюды – выканаў заданне, што атрымаў на лета ў сваёй вучэльні. Тэхніка пісьма ў падлетка своеасаблівая – зрэшы, як і ў кожнага, хто з эцюднікамі і мальбертамі разбрыліся па наваколлі…

Са Смаргоні на трокеніцкі пленэр прыехала цэлая сямейная дынастыя мастакоў: маці Ніна Аляксандраўна, дачка Аляксандра і ўнучка Варвара Сосны. Карані яе, дарэчы, ідуць яшчэ глыбей: таленавітым картографам быў бацька Ніны Аляксандраўны Аляксандр Рыгоравіч Агальцаў. Хоць сібірскі самавучка меў толькі 5 класаў адукацыі, складзеныя ім карты адразу аддавалі ў друк, бо вызначаліся яны дакладнасцю і бездакорным афармленнем. Калі ў 1985 годзе сям’я пераехала ў Беларусь, Ніна Аляксандраўна стала працаваць мастаком-афарміцелем. Яе дачка Аляксандра, названая ў гонар таленавітага дзеда, працуе выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў Жодзішкаўскай школе мастацтваў. А ўнучка Варвара – студэнтка Гродзенскага каледжа мастацтваў.




–Мы ўдзельнічаем у пленэры трэці год, – заканчваючы эцюд, расказвае Аляксандра. – Толькі летась Варвара прапусціла: якраз у каледж паступала. Нам тут вельмі падабаецца. Атмасфера своесаблівая, прырода, якую мала дзе сустрэнеш… І не толькі ў Трокеніках – у Міхалішках, Варнянах, Гервятах, на Сарачанскіх азёрах. Мы часта сюды прыязджаем проста адпачыць, натхніцца аўрай тутэйшых мясцін. І сёння не адразу паедзем дахаты – абавязкова праедземся па раёне.

Адметнасцю сёлетняга пленэра стала персанальная выстава вядомых астравецкіх мастачак маці і дачкі Тарэсы і Вікторыі Варановічаў “Сэрцу мілыя куточкі”. На больш чым двух дзясятках выстаўленых пад адкрытым небам карцін адлюстраваны мілыя сэрцу не толькі мастачак, але і многіх жыхароў Астравеччыны куточкі: дарога праз жытняе поле, па якой імчыць да роднага хутара аўтамашына; сонца, што купаецца ў цнатлівай цішыні лясной рэчкі; першыя пробліскі промняў на яшчэ голых пасля зімовага сну, але ўжо прагных да жыццядайнага цяпла галінках вербалозу…


–На гэтай выставе ў асноўным пейзажы, хоць мы працуем у рознай тэхніцы і розных жанрах, – гаворыць Тарэса Іосіфаўна. – Гэтыя карціны напісаны ў апошні год. Найбольш Вікторыяй: на выставе прадстаўлена 16 яе работ, маіх – 6. Найчасцей гэта не нейкія канкрэтныя мясціны, а зборны вобраз роднага карю, найбольш любімыя намі дарогі, рэчкі, лясы, хлебныя палі…

На выставе маці і дачка таксама паспелі зрабіць некалькі эцюдаў: Тарэса Іосіфаўна пісала алеем, Вікторыя – акрылавымі фарбамі.

–Нам падабаецца ўдзельнічаць у пленэрах, заўсёды з задавальненнем прымаем запрашэнні, – гаворыць Вікторыя. – Гэта ж цудоўна: цэлы дзень працуеш на свежым паветры, сам-насам з прыродай, з навакольным светам, побач з аднадумцамі, якія з табой на адной хвалі, абменьваешся з імі вопытам, даведваешся нешта новае...

А Людміла Кухарэвіч, натхнёная тутэйшымі мясцінамі, паспела напісаць не толькі эцюд, але і верш, які можна лічыць гімнам трокеніцкаму пленэру і яго нябачна прысутнаму за плячыма кожнага мастака нябеснаму апекуну:

А час бяжыць, цячэ, плыве.

І мы усе – на хвалях часу…

У памяці прад намі прадстае

Жыццё і талент, забыццю непадуласны.

Мясціны слаўныя, дзе нарадзіўся ён,

У Трокеніках, у маёнтку спраўным.

І вёсцы за Мар’яна Шышку-Богуша паклон –

За мастака, што стаў у свеце слаўным!

Вясна і восень, лета і зіма

Царуюць на крацінах пышна, як жывыя,

І дом мастачы, неба і зямля,

Мясціны Астравеччыны родныя, святыя.

Пленэр мастакоў у Трокеніках стаў ужо брэндавым святам гэтай вёскі. Завяршылася яно не толькі паказам работ усіх удзельнікаў і ўзнагароджаннем іх дыпломамі і памятнымі падарункамі, але і нязменнымі атрыбутамі кожнага вясковага свята: забавамі для дзяцей, паказальнымі выступленнямі супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, выставай-продажам вырабаў народных майстроў з Астраўца і Маладзечна, канцэртам і агульнай дыскатэкай. 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик