Шлях развіцця: як мянялася школа мастацтваў, расказвае яе дырэктар і колішняя вучаніца Марына Арлоўская
Заўважалі, як часта называем галоўную кузню дзіцячага таленту «музыкалкай» ці музычнай школай? А між іншым яна з 2007 года з’яўляецца школай мастацтваў.
Пра тое, як мянялася ўстанова, узгадвае яе колішняя вучаніца, а зараз дырэктар Марына Арлоўская:
– Адразу адзначу, што школа заўсёды трымала высокі ўзровень: яркія прыклады таленту, артыстызму і прафесіяналізму дэманстравалі і настаўнікі, і вучні, таму яна вабіла дзяцей. Вось і я ў свой час паступіла туды на інструментальнае выкананне па класе баяна.
У маім дзяцінстве музычная школа знаходзілася па вуліцы Ленінскай непадалёк ад рынка ў драўляным доме. Потым яна пераехала ў сённяшні будынак аддзела адукацыі, а пасля – на Кастрычніцкую, 13.
Калі вучылася я, варыянтаў у «музыкалцы» было не так шмат: баян, акардэон, фартэпіяна, цымбалы, домра, духавыя інструменты і харавы клас.
Вядома, за шмат гадоў мы атрымалі добры штуршок развіцця, паступова ў нас з’яўляюцца новыя накірункі. Так, поспехам карыстаюцца харэаграфічнае і мастацкае аддзяленні. Доўгі час застаецца папулярным клас гітары. На працягу 3-х гадоў працуе эстрадны вакал, з’явіўся клас ударных інструментаў, з прыходам маладога спецыяліста ў мінулым годзе адкрылі клас саксафона. Расцём – не стаім на месцы.
Жыхары раёна добра ведаюць школу мастацтваў дзякуючы яе калектывам, якія ўдзельнічаюць амаль ва ўсіх урачыстых мерапрыемствах Астравеччыны. Даўно дзейнічае народны ансамбль народных інструментаў «Скарбніца». Памятаю, як захаплялася, калі на канцэртах выступалі мае настаўнікі музычнай школы, яны былі ў прыгожых нацыянальных касцюмах. На той момант нават не магла ўявіць, што калісьці стану ўдзельнікам гэтага калектыву. Дарэчы, гэта своеасаблівы брэнд раёна. Таксама быў духавы аркестр. Я выступала ў дзіцячым ансамблі народных інструментаў – ім кіравала, як і цяпер, Надзея Паўлаўна Шарэйка.
Сёння ў нас ёсць цудоўныя дзіцячыя калектывы: узорны ансамбль народнай песні «Міхалінка», узорны хор «Ветразь», харэаграфічныя калектывы «Карамелькі» (у Астраўцы) і «Іскрынкі» (Кемелішскі філіял). Усе яны неаднойчы станавіліся пераможцамі шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і, вядома, упрыгожаннем школьных і раённых канцэртаў.
Радуюць талентам настаўнікі. На працягу некалькіх гадоў сярод жыхароў Астравеччыны карыстаюцца поспехам вакальны ансамбль «Кансананс» і вакальна-інструментальны ансамбль.
Плануем стварыць дзіцячы кавер-гурт – над гэтым працуюць маладыя настаўнікі духавога аддзялення. Увогуле стараемся аб’ядноўваць дзяцей у вакальныя і інструментальныя ансамблі.
Арганізавалі своеасаблівую прафарыентацыю: адкрылі для маленькіх астраўчан, патэнцыяльных нашых вучняў, групу эстэтычнага развіцця. Сюды бяром малышоў з двух з паловай гадоў. З дзецьмі займаюцца харэаграфіяй, харавымі спевамі, выяўленчым мастацтвам. За час заняткаў становіцца зразумела, што больш падабаецца і падыходзіць дзецям: маляваць, спяваць, танцаваць ці іграць на музычных інструментах. І гэтыя дзяўчынкі з хлопчыкамі – нашы самыя юныя артысты на канцэртах, менавіта на нашай сцэне робяць першыя творчыя крокі. Дарэчы, малышы выступаюць не толькі ў сваіх нумарах, мы далучаем іх да падтанцоўкі юным салістам, якія ўжо з’яўляюцца нашымі вучнямі. Шмат наведвальнікаў групы эстэтычнага развіцця працягвае раскрываць талент у школе мастацтваў.