Дарога хлеба і чаю, выступленне артыстаў, экскурсіі ў музей – чым яшчэ прываблівае “Дыялог нацый” у Рымдзюнах

10:38 / 02.07.2024


Своеасаблівы міні-фестываль нацыянальных культур сабраў у мінулую нядзелю ў Рымдзюнах прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей. Тут прайшло брэндавае свята гервяцкага краю “Дыялог нацый”, які вядзе свой адлік з 2019 года.

– “Дыялог нацый” – гэта брэндавае мерапрыемства Рымдзюнскага сельскага клуба-бібліятэкі і раёна ў цэлым. Астравецкая зямля – шматнацыянальны край, тут пражывае шмат нацыянальнасцей – і ўсе суіснуюць дружна і мірна. А наша мэта – аб’яднаць усіх, каб на адной сцэне мы маглі пачуць песні, вершы, мову розных народаў, – упэўнена загадчык Рымдзюнскага сельскага клуба-бібліятэкі Наталля Недалтоўская. – Самае галоўнае, што на нашым свяце ўсе нацыянальнасці разумеюць адзін аднаго. І мы можам гаварыць на розных мовах на адной сцэне. Сённяшняе свята – адно з самых прыгожых.


У арганізатараў зрабіць яго такім сапраўды атрымалася. На сцэну, змяняючы адзін другога, выходзілі народны ансамбль народнай песні “Світанак”, народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Жыльвіціс”, народны ансамбль песні “Рэха Астраўца”. Парадавалі сваёй творчасцю вакальны ансамбль “Забава” пад кіраўніцтвам Таццяны Газуновай і артысты Астравецкага раёна з Кемелішскага, Гервяцкага, Міхалішкаўскага, Варонскага клубаў, а таксама прадстаўнікі раённай арганізацыі БРСМ.

І, канешне ж, вабілі выставы ручнікоў і дэгустацыі “Дарога хлеба” і “Дарога чаю”, упрыгожаныя рамонкамі.

– Брэнд нашага свята – рамонак, звычайная простая кветачка, якая цвіце ў кожнай краіне. Прадстаўлена ў нас і “Дарога хлеба”, таму што хлеб – галоўная страва, якая стаіць на стале ў розных краінах. Яго выпякаюць і ўжываюць беларусы, рускія, літоўцы і палякі, таму што хлеб у доме – гаспадар, а на рабоце – сябар. І было вельмі прыемна, што мы не дзяліліся на нацыі і народнасці, усіх нас аб’яднаў наш родны край, -- лічыць Наталля Недалтоўская. – Удзячна КСУП “Гервяты”, а таксама ўсім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы  і арганізацыі свята. Дзякуючы нашаму адзінству, у нас усё атрымалася.

Дарэчы, сёлета да ўжо стаўшага традыцыйным “Чаю даўгалецця” арганізатары прыгатавалі кменны напой, які быў папулярны ў гервяцкім краі. І яго смак ацанілі наведвальнікі “Дыялогу нацый”.



Яшчэ адным момантам урачыстасці сталі экскурсіі ў музейныя пакоі сельскага клуба- бібліятэкі. За апошнія гады яны абнавіліся і вабілі наведвальнікаў новымі экспазіцыямі і старажытнымі рэчамі. Забавы падрыхтавалі і для дзетвары: каля клуба працавалі гульнёва-забаўляльныя пляцоўкі, можна было паласавацца салодкай ватай і папкорнам, выйграць у бяспройгрышнай латарэі.

Свята доўжылася не адну гадзіну, але прыйшлося да душы ўсім, бо аб’яднала яго ўдзельнікаў цудоўнымі песнямі, народнымі традыцыямі і культурай братніх народаў.

З першых вуснаў

Дайва Пашкявічуце-Гурыновіч, жыхарка аг. Рымдзюны:


– Наш клуб падобнае свята ладзіць не першы год і збірае на яго ўсю вёску і многіх жыхароў раёна. Дарэчы, не раз прымала ўдзел у яго арганізацыі. Сёння як глядач – і гэта таксама цудоўна.

Спадзяюся, што “Дыялог нацый” будзе радаваць нас яшчэ не адзін год. Вельмі добра, калі пад адным дахам збіраюцца людзі розных нацыянальнасцей у імя сяброўства, дабрыні і міра ва ўсім свеце. Здорава быць часткай гэтага цудоўнага мерапрыемства.


Текст: Елена Ярошевич
Фото: Ярослава Ладейщикова