Як мянялася жыццё калгасаў ад 1946 года да сённяшняга дня, аналізуем, гартаючы раённую газету

18:00 / 02.07.2024


Дзень Незалежнасці – доб­рая нагода вярнуцца ў мінулае і параўнаць, які шлях прайшла краіна і яе грамадзяне за гэты час, чаго дасягнулі, а што, магчыма, страцілі. Гартаем старонкі архіўных падшывак раённай газеты – напачатку «Сталінскай праўды», затым – «Астравецкай праўды» – і аналізуем…

Пасля вызвалення ад нямецка-фа­шысцкіх захопнікаў у Астравецкім раёне было ўтворана (дакладней, адноўлена, бо стварылі іх яшчэ ў 1940 годзе) тры калектыўныя гаспадаркі: калгасы імя Сталіна ў Ізабелінскім, імя Варашылава ў Варнянскім, імя Молатава ў Гервяцкім сельскіх Саветах. Масавая калектывізацыя пачалася пазней, у 1949-1950 гадах, а на першым часе ў калгасы запісваліся па добрай волі тыя, хто шчыра верыў у светлую будучыню – камунізм і марыў удзельнічаць у яго пабудове. 

У якасці прыкладу для параўнання возьмем лепшы на той час калгас імя Сталіна, які быў створаны ў вёсцы Ізабеліна. У 1946 годзе яго ўзначальваў Аляксей Іванавіч Ігнатоўскі. У адным з нумароў «Сталінскай праўды» за 1946 год чытаем пра падрыхтоўку да веснавой сяўбы. Перад яе пачаткам сельгас­арцель брала сацыялістычныя абавязацельствы: нарыхтаваць 20 куба­метраў дроў для газагенератарных трактароў (так, першыя трактары, якія, да слова, былі толькі ў МТС, «запраўляліся» дрывамі), дабіцца ўраджаю жыта і ячменю па 10 цэнтнераў з гектара, пшаніцы – 11, аўса – 9, льнасемя і льновалакна – на 3 цэнтнеры з гектара. Для таго каб заправіць глебу, арцельшчыкі абавязваліся сабраць 10 цэнтнераў попелу і 5 – птушынага памёту і да пачатку веснавой сяўбы давесці цяглавую сілу (на трактар спадзявайся, а на коніка не забывайся) да сярэдняй укормленасці.

У №75 за 25 верасня таго ж года ў артыкуле «Калгасная жывёлагадоўля на ўздыме» І. Алексяёнак расказвае, што ў калгасе імя Сталіна ёсць «4 фермы буйнай рагатай жывёлы, свіней, авечак і водаплаваючай птушкі. На малочна-таварнай ферме – 49 кароў (план перавыканалі на 2 галавы)». Для кармлення жывёлы «…нарыхтавалі 100 тон сілосу, для чаго скарысталі батву бульбоўніка, атаву і лісце агародных культур». (Асаблівасці мовы і правапісу захаваны). Можна ўявіць, якой была пажыўнасць гэтага «сілосу» і прадуктыўнасць жывёлы, якім яго кармілі. І гэта – «Жывёлагадоўля на ўз­дыме»!  

Але не толькі кармы былі «экза­тычнымі», угнаенні і іх нарыхтоўка – таксама. Так, у газеце за 2 лютага змешчана інфармацыя: «Кожны камсамолец калгаса імя Сталіна да дня выбараў абавязаўся сабраць па 2 цэнтнеры попелу і ўжо сабрана 5 цэнтнераў».  А ў №44 за 5 чэрвеня ў заметцы «Здабываюць торф на ўгнаенне» І. Алексяёнак расказвае, як брыгада з 10 калгасніц уручную капае торф: «Камсамолкі Эмілія Асіпкова і Марыя Анішчанка пры норме 5 кубаметраў накопваюць па 7-8».

Нехта скажа: знайшлі з чым па­раў­ноўваць! 1946 год, пасляваенная разруха... У той час радаваліся, што зямля хоць неяк, хоць чым-небудзь засеяна; што ніва дасць хоць які-небудзь ураджай, што каровы ёсць і іх нават крыху больш, чым планавалася, і яны даюць хоць некалькі літраў малака!

Добра, давайце параўнаем з больш познім часам – 1991 годам. Бяс­слаў­на закончыўся перыяд «разві­тога сацыя­лізму», прайшоў «па­рад суве­рэнітэтаў», Беларусь, як і ін­шыя краіны былога Савецкага Саюза, аб­вяс­ці­ла незалежнасць, у Белавежскай пушчы кіраўнікі Расіі, Украіны і Беларусі падпісалі пагадненне аб стварэнні Саюза Незалежных Дзяржаў...

У «Астравецкай праўдзе» за 18 студзеня 1992 года змешчаны вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 1991 год, якія каменціруе галоўны заатэхнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Святлана Прыко. Да таго часу калгаса імя Сталіна даўно не было, пасля чарговага ўзбуйнення гаспадарак знік і яго правапераемнік – калгас імя ХХІІ партз’езда. Напачатку 90-х вёска Ізабеліна, навакольныя землі і фермы ўваходзілі ў склад калгаса «Чырвоны Кастрычнік» – да слова, таксама адной з лепшых гаспадарак раёна па тым часе. 

З табліцы аб выніках работы жывё­лагадоўчых ферм раёна вынікае, што малочнатаварнай у той час у Ізабеліна не было, не кажучы ўжо пра фермы па ўтрыманні «авечак, свіней і водаплаваючай птушкі». Але паказчыкі на ферме па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы тут самыя высокія ў раёне: у 1991 годзе сярэднясутачныя прывагі склалі тут 663 грамы, а ў цэлым у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» – 586 грамаў і гэта была адзіная гаспадарка, якая не знізіла вытворчасць мяса ў параўнанні з папярэднім годам. У ліку лепшых даглядчыкаў раёна – прозвішчы дваіх чырвонакастрычніцкіх жывёлаводаў: бычкі ў групе Я.С. Шафран кожныя суткі прыбывалі на 764 грамы – самы высокі паказчык у раёне, на трэцім месцы І.Б. Трахневіч – 725 грамаў. Можна меркаваць, што працавалі гэтыя людзі на ізабелінскай ферме – магчыма, нашы чытачы пацвердзяць ці абвергнуць нашы здагадкі і раскажуць пра работу ў той час – сваю ці калег.

Ад кожнай калгаснай каровы ў «Чырвоным Кастрычніку» надоена за год у сярэднім па 2 882 кілаграмы малака (па раёне – 2 840). 

А што ж цяпер?

Пасля шэрагу рэарганізацый сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, змен назваў і юрыдычных статусаў калгас «Чырвоны Кастрычнік» уз’яднаўся з ко­лішнім «Шляхам Леніна» і фактычна ўліў­­­ся ў склад КСУП «Гудагай». Сёння гэта, без перабольшвання, адна з самых буйных гаспадарак у раёне, плошча якой складае больш за 12 тысяч гектараў сельгасугоддзяў  і амаль 8 тысяч гектараў ворыва і дзе ўтрымліваецца без малога 11 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 3 112 кароў. І пры гэтым самая паспяховая. Тут збіраюць самыя высокія ў раёне ўраджаі. Да прыкладу, у мінулым, не самым урадлівым годзе, на круг атрымалі 34,7 цэнтнера з гектара, а ў 2022-м кожны гектар даў гудагайскім хлебаробам па 47,8 цэнтнера (узгадайце мару пра ўраджайнасць у 10 цэнтнераў калгаснікаў з арцелі імя Сталіна!).  Ат­рым­ліваюць найбольш прадукцыі жы­вёлагадоўлі: за 5 месяцаў ад каровы надоена амаль удвая больш малака, чым за ўвесь 1991 год: 4 297 кілаграмаў. 

А вось сярэднясутачныя прывагі на ізабелінскай ферме засталіся амаль на тым жа ўзроўні, што і ў 1991 годзе: па выніках работы за 5 месяцаў яны склалі 754 грамы. Хоць гэты паказчык і вышэйшы, чым у сярэднім па гаспадарцы, але цяпер ізабелінскія жывёлаводы толькі на пятым месцы, а на першым – ферма «Слабодка», дзе сярэднясутачныя прывагі складаюць 892 грамы. 

І ўсё ж усё гэта – цэнтнеры, прывагі, надоі – маюць значэнне толькі тады, калі ў выніку паляпшаецца дабрабыт людзей, якія працуюць дзеля іх дасягнення. Дык вось, 21 жніўня 1946 года «Сталінская праўда» пісала, што «калгаснікі калгаса імя Сталіна атрымалі першы аванс жыта ў колькасці 1 кілаграма за працадзень. Сем'і калгаснікаў Сташкевіча Іосіфа, Архіпенка Данілы, Аляксеева Фамы атрымалі па 30-40 пудоў хлеба ў аванс за свае выпрацаваныя працадні». (Пра грашовую аплату калгаснікі тады нават не марылі.) Для параўнання: цяпер заработная плата гудагайскіх механізатараў складае 2 117 рублёў, жывё­лаводаў – 1 875, вадзіцеляў – 1 600. А натуральную аплату збожжам удзельнікі жніва атрымліваюць у адпаведнасці з калектыўным дагаворам у дадатак да атрыманай (прама скажам: зайздроснай для працаўнікоў многіх іншых гаспадарак і сфер) зарплат.

Так што не маюць рацыі тыя, хто любіць наракаць на цяжкае сёння і нахвальваць светлае ўчора. Лічбы і факт – рэч упартая, з імі не паспрачаешся…


Ніна АЛЯКСЕЕВА.

Фото: Алёна Ганулич