Бацькі Галіны і Эдуарда Салаўёў сталі ў шэрагі абаронцаў у 1944-м

13:00 / 02.07.2024

22 чэрвеня, 9 мая, 3 ліпеня – гэтыя даты займаюць асаблівае месца ў сэрцах свіранцаў Галіны і Эдуарда Салаўёў. Бо іх бацькі, як і многія землякі, былі ў шэрагах вызваліцеляў акупаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі зямель. 

Віктара Іосіфавіча Салаўя і Мікалая Канстанцінавіча Мітуневіча прызвалі ў войска ў 1944 годзе. Да гэтага часу мужчыны ўжо стварылі ўласныя сем’і, у хаце іх засталіся чакаць жонкі і дзеці. 


Віктар Іосіфавіч Салавей

Узгадвае Эдуард Віктаравіч:

– Бацька родам з Магілёва. А маці мясцовая – з Літвян. Перад вайной бацькі пабраліся шлюбам – і аселі тут: нейкі час жылі ў Баярах (ужо той вёскі і няма), а тады пераехалі ў Малыя Свіраны.

Першынца – дачушку – дачакалі падчас акупацыі – у 1943-м. Праз год, калі вызвалілі нашы землі ад немцаў, мужчын пачалі забіраць у армію. Так бацька апынуўся на вайне. Расказваў, што былі і тыя, хто баяўся і не хацеў ісці туды, – хаваліся, у лясы ўцякалі. Таму па ваколіцах адшуквалі гэтых «герояў» і адпраўлялі на вайну. 

Дзе служыў татка, не скажу, бо ён нічога не гаварыў. Дакладна ведаю толькі, што ішоў у войска разам з чалавекам з Талюшанаў па прозвішчы Баран. І яшчэ, што атрымаў раненне ў баі – гэтага схаваць было немагчыма: добры шнар на галаве віднеўся.

Як сведчыць запіс ва ўліковай картцы райваенкамата, Віктара Салаўя прызвалі ў верасні 1944-га, на фронт ён трапіў у снежні. Служыў радавым стралком 9-га пяхотнага палка 3-й пяхотнай дывізіі. 


Пасля вайны татка працаваў у свіранаўскім калгасе паляводам, конюхам, а тады перайшоў у «агароднікі» на кемелішкаўскі вытворчы ўчастак. Займаўся вырошчваннем агуркоў, памідораў, капусты – каля гектара тэрыторыя была. Дарэчы, памідоры «сядзелі» ў земляных цяпліцах: глыбокіх ямах, якія зверху закрывалі шклом.

Гаспадарскі быў мужык, рукас­ты, нават кузню невялічкую ў двары абуладкаваў. 

Памёр у 1990 годзе.

Расказвае Галіна Мікалаеўна:


Мікалай Канстанцінавіч Мітуневіч 

(на заднім плане – злева)

– Тата мой з 1909-га. Ён з Мядзель­шчыны – з вёскі Станьчыкі, што непадалёк Канстанцінава. 

Жаніўся яшчэ да вайны, а ў 1937-м нарадзілася мая старэйшая сяст­ра Стася. Крыху падгадаваўшы малую, бацькі пакі­нулі яе з бабуляй у Станьчыках і адправіліся на заробкі ў Латвію. А калі пачаліся падзеі 1939 года, тата з мамай вярнуліся ў Беларусь – пешшу дабіраліся адтуль. Пасяліліся ў Спондах – тут у бабулі нейкі лапік зямлі быў.

У войска бацьку забралі ў 1944-м. Яго праводзілі жонка, дачка і сын. 

Падчас Вісла-Одарскай аперацыі тата атрымаў раненне ў нагу і правую руку, але гэта яго не засмучала: радаваўся, што ацалеў у той мясарубцы, хоць і вярнуўся дамоў інвалідам. 

А сярод усіх свят Дзень Перамогі для яго быў асаблівым. Вы ўявіце, у тыя часы ў хатніх гаспадарках амаль не было коней – усю жывёлу аддалі ў калгас. Ды пакуль калгасныя палі не спарадкуюць, у брыгадзіра яшчэ трэба было дапрасіцца каня, каб узараць зямельку пад бульбачку. І калі такая магчымасць выпадала 9 мая, бацька быў катэгарычным: у гэты дзень нават і думаць забыцца, бо гэта свята!

У адрозненне ад свёкра тата пра вайну расказваў і даволі часта – ды мне, малой, гэтыя аповеды былі нецікавыя. А як час праляцеў, ды сама гатова была распытаць, не было каго ўжо слухаць: не стала майго Мікалая Канстанцінавіча ў 1970 годзе.


Фота з архіва сям’і САЛАВЕЙ.

Текст: Рита Дремо