Як прайшоў Рытанскі фэст

16:37 / 25.06.2024


У мінулую нядзелю ў Рытані панавала святочная атмасфера – тут праходзіў традыцыйны фэст. Што было на свяце, чым вабілі ўдзельнікаў і гледачоў, расказаў загадчык мясцовага клуба Аляксандр Юргелянец:

– Цяжка ўявіць, што мы не арганізавалі Рытанскі фэст – ён у нас кожны год! Звычайна ўся дзея разгортваецца на пляцоўцы каля лесу, якую загадзя рыхтуем з дапамогай сельсавета і лясгаса, каб жыхарам і гасцям было камфортна. Але сёлета надвор’е ўнесла карэктывы: прайшоў дождж і прымусіў змяніць месца сустрэчы, бо апаратуру трэба берагчы. Нягледзячы на такія перашкоды, фэст адбыўся – гледачоў чакалі каля клуба.

Пачалі свята рыбакі, якія ў 6 гадзін раніцы выйшлі паспрабаваць шансаванне. Удзельнічала менш 10-ці чалавек, ды і клёў быў не надта – усё з-за дожджыка. Затым стартавала спаборніцтва «Касі, каса, пакуль раса». Ацэньваліся тут чыстата і шырыня пракоса, а таксама хуткасць выканання.





Дадалі яшчэ адзін конкурс –  не ведаю, ці ёсць дзе такі, – «Трымер-віртуоз». Вядома, тут крытэрыі, як для касцоў, не падыходзяць, таму, каб потым судзіць справядліва, удзельнікам паказаў тэрыторыю і прапанаваў вольную тэму. А яны ўжо пастараліся: хто сэрца «выстрыг», хто «Я люблю Рытань» ці «Я люблю Беларусь».

У клубе спаборнічалі ў більярдзе і дартсе, на вулічнай пляцоўцы побач гулялі ў міні-футбол і валейбол.




Непадалёк разгарнулася выстава рэтра-тэхнікі, на якой былі прадстаўлены не толькі матацыклы і машыны, але і творы кулібіна нашага сельсавета. Вы б толькі бачылі, што вырабляе з савецкіх бензапілаў жыхар Кемелішак Баляслаў Вашкевіч! Веласіпеды, аналагі папулярных зараз электрасамакатаў і іншае. Я ў захапленні! Вельмі хачу, каб моладзь бачыла і старую тэхніку, і тое, што з яе можна зрабіць.

Планаваў правесці на фэсце парад мотаблокаў, але не атрымалася – абавязкова пастараюся ўвасобіць гэтую ідэю ў жыццё ў бліжэйшы час і запрасіць як мага больш удзельнікаў. Думаю, будзе цікава!




Перад канцэртам выступіў старшыня сельвыканкама Рыгор Цэйка, узнагародзілі пераможцаў конкурсаў. А затым пайшлі вакальныя і танцавальныя нумары, забаўляльныя праграмы для дзяцей, працавалі батуты, жадаючыя маглі пакаштаваць шашлычок і іншыя смакоцці. І традыцыйная дыскатэка на заканчэнне.




Текст: Светлана Фёдорова