Жніво на Астравеччыне пачалося з абмалоту азімага ячменю

15:13 / 28.06.2024


Першым сярод культур на Астравеччыне даспеў азімы ячмень. Менавіта з яго ў раёне пачалася ўборка. Думаю, нават старажылы не прыгадаюць такіх ранніх тэрмінаў жніва.

Пад яго на Астравеччыне адведзена 1 405 гектараў, у чацвер усе гаспадаркі раёна распачалі ўборачную кампанію. Журналіст даведаўся, хто і з якім настроем працуе на ўборцы ў адзінай у раёне насенняводчай гаспадарцы – КСУП “Гудагай”, тым больш і плошчы пад ячменем тут самыя вялікія – 318 гектараў.

Пра масавае жніво гаварыць пакуль не выпадае: у адрозненне ад жніўнага “першынца”, іншыя культуры яшчэ даспяваюць. Таму ячмень у КСУП “Гудагай” абмалочвае адно звяно ў складзе пяці камбайнаў айчыннай вытворчасці, адзін з якіх кіраўніцтва КСУП “Гудагай” набыло сёлета. Яшчэ адна новая хлебаўборачная машына чакае свайго выхаду ў поле на масавую ўборку.

Пра што, а пра тэхніку гэта гаспадарка дбае! Адзін з мінулагодніх лідараў уборачных кампаній Валерый Змітровіч з дня на дзень павінен атрымаць навюсенькі МАЗ грузападымальнасцю 20 тон. Пакуль мужчына возіць збожжа “дзесяцітоннікам”.

На новым збожжаўборачным камбайне айчыннай вытворчасці сёлета працуе адзін з мінулагодніх лідараў жніва Уладзімір Шаблавінскі, якому дапамагае Сяргей Масойць. Верыцца, што хлебаўборачная машына, над якой лунаюць сцягі Беларусі і КСУП “Гудагай”, абавязкова прывядзе хлебаробаў да перамогі.


Сяргей Масойць і Уладзімір Шаблавінскі

Для нязменнага першага “тысячніка”, а пазней і “двухтысячніка” сярод камбайнераў на працягу апошніх жніўных кампаній Яўгена Грабоўскага сёлетняя ўборка 16-я. Якраз на гэтым полі мы перасякаліся з мужчынам некалькі гадоў назад. З днём нараджэння блізкага чалавека тады віншавала сям’я, шматлікія родзічы і сябры. Сюрпрыз атрымаўся! – прызнаваўся ў той год мужчына.

Запытала ў хлебароба, ці плануе сёлетнія народзіны, як і ў апошнія гады, сустрэць у кабіне камбайна і ці хоча паўтарыць мінулагодні пераможны вынік.

– Хто яго ведае, да 8 жніўня, магчыма, і скончыцца ўборка. Сёлета пачалі абмалочваць азімы ячмень, лічы, на тыдзень раней, чым летась, – патлумачыў Яўген. – Жніво толькі пачалося, таму рабіць прагнозы – дарэмная справа. Учора набіў 112 тон, сёння, думаю, будзе не менш. За 2-3 дні ўбяром ячмень і будзе невялікі перапынак, пакуль не пачнецца масавая ўборка.

Іншы механізатар Сяргей Семянцоў, які шмат сезонаў працаваў памочнікам, нарэшце, дарос да старэйшага камбайнера. Ён не стаў утойваць, што марыць трапіць у лік першых “тысячнікаў” раёна.


Сяргей Семянцоў

– А хто ж не марыць! – шчыра адказаў камбайнер. – Але самае галоўнае, не спяшаючыся, каб не было страт, убраць саспелы ўраджай. Акрамя мяне і Яўгена, тут ячмень убіраюць Іван Бародка, Андрэй Мацуткевіч і Уладзімір Шаблавінскі. А я чакаю памочніка, пасля 5 ліпеня павінен прыйсці хлопец-выратавальнік.

Па традыцыі на ўчастку замацоўваюць адказнага на жніве. Дзяжурства пільна нёс аграном-аграхімік Аляксандр Ярмак, малады аграном і назіраў за камбайнамі, і шчыра разграбаў валкі саломы, каб праверыць страты.


Аляксандр Ярмак

 – Гэтае поле, якое без малога дасягае 300 гектараў, разбілі на некалькі ўчасткаў. Спачатку хлопцы ўбіралі эліту, якая пойдзе ў насенны фонд, потым – другую рэпрадукцыю, – расказаў Аляксандр. – Працуюць акуратна, нараканняў няма.

І па пасевах, і па ўраджайнасці ўжо можна меркаваць, што гэты год будзе больш хлебным. Прынамсі, на ўчастку , з якога распачалася ўборка ў КСУП “Гудагай”, ячмень на круг даваў звыш 50 цэнтнераў, а летась сыпаўся толькі за 35.


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич