Шлях да прызвання і прызнання Алены Каранкевіч

17:10 / 15.06.2024

У кабінеце галоўнага бухгалтара Астравецкай ЦРКБ Алены Каранкевіч на сцяне вісіць не карціна невядомага мастака, а лічыльнікі з костачкамі – галоўны рабочы інструмент колішніх бухгалтараў. Не, сама Алена Іванаўна на такіх ужо не працавала – так, дзеля цікавасці, навучылася складаць-адымаць. Але гэтыя лічыльнікі – як сімвал пераемнасці пакаленняў у пра­фесіі і не толькі ў ёй.
…Стаць бухгалтарам Лена не марыла. Ды і хто, скажыце, у ружовым юнацтве марыць усё жыццё сядзець за сталом, падбіваючы балансы? Яна пры­знаецца, што ўвогуле ні пра што асабліва не марыла. Бліжэй да выпускнога класа адказ на пытанне «Кім быць?» усё больш схіляўся да педагогікі, калі больш канкрэтна – да Мазырскага педагагічнага інстытута, які быў найбліжэй да дому: сям’я Сацураў жыла тады ў Хойніках. 
Ды ўмяшаліся абставіны непераадольнай сілы – аварыя на Чарнобыльскай АЭС. І вырашаючы, куды паступаць дачцэ-выпускніцы, бацькі кіраваліся не столькі будучай прафесіяй, колькі аддаленасцю навучальнай установы ад забруджанай зоны. Выбар выпаў на Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум.
Пасля яго заканчэння – размеркавання тады яшчэ не было – месца працы таксама шукалі па прынцыпе: чым далей – тым лепш. Алена паехала да цёткі ў Юрмалу. Там, у прыгожым латвійскім горадзе на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, і пачынала яна сваю працоўную дзейнасць з пасады бухгалтара ў адным з мясцовых санаторыяў.
Хто ведае, як бы склалася яе жыццё, калі б не надышлі незразумелыя, неспакойныя, непрадказальныя 90-я з іх парадам суверэнітэтаў і ўсім, што за гэтым паследавала. А бацькі да таго часу так дарэчы пераехалі ў Астравец. І Алена вярнулася ў Беларусь, дзе ўсё роднае, блізкае, дарагое: мова, прырода, людзі, маміна пяшчота, бацькаў клопат, любоў малодшага брата… 
А неўзабаве з’явілася і каханне. З Алегам яны пазнаёміліся выпадкова: яна адзначала ў рэстаране «Беларусь» дзень нараджэння, ён адпачываў там з сябрамі. Прабегла паміж імі іскра – і неўзабаве хлопец пакінуў Вільнюс, дзе да таго працаваў, і стаў астраўчанінам. Праз паўгода Алена змяніла прозвішча на Каранкевіч.
Жыць сталі з бацькамі: займець уласнае жыллё ў той час было практычна немагчыма. Цеснавата было ў трохпакаёўцы двум сем’ям – неўзабаве ў маладых нарадзілася дачушка. Бацькі сталі будаваць дом – вялікі, на дзве сям’і. Да таго часу, калі Андрэй, малодшы брат, ажаніўся, больш-менш абуладкавалі пару пакояў ды кухню і перабраліся.
Няпроста было і з работай у дзевяностыя ў Астраўцы: масавыя скарачэнні, беспрацоўе, нявыплаты зарплат… Вярнуўшыся з Юрмалы, Алена ўладкавалася загадчыкам склада на рынак – было такое структурнае падраздзяленне ў сістэме рай­спажыўтаварыства. Але калі на­дышоў час выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, яго ўжо не засталося, адпаведна, і яе месца работы. Пасля доўгіх пошукаў даведаліся, што з’явілася вакансія ў бухгалтэрыі раённай бальніцы. Вядома ж, прэтэндэнтаў на яе было нямала. Але тагачасны галоўны ўрач Валянцін Тачоны чамусьці паверыў у маладую бухгалтарку – а, можа, разгледзеў сваім мудрым позіркам у ёй нешта асаблівае, незаўважнае іншым?
Так у 1995 годзе Алена Іванаўна прыйшла ў бухгалтэрыю цэнтральнай раённай бальніцы, каб застацца тут на ўсё жыццё… За гэты час прайшла ўсе ўчасткі работы, спазнала асаблівасці кожнага з іх і, можна сказаць, плавала ў бальнічных фінансах як рыба ў вадзе. І з цягам часу зразумела што выпадкова абраная прафесія стала яе прызваннем.
Тым не менш, калі ў 2014 годзе Валянцін Ігнатавіч пра­панаваў ёй пасаду галоўнага бухгалтара, запанікавала: не спраўлюся! Адмаўлялася, плакала, прасілася… Але была ў Тачонага асаблівасць: умеў ён так зрабіць прапанову, што адмовіцца немагчыма.
– Першы год было вельмі, ну проста невыносна цяжка! – успамінае Алена Іванаўна. – Сама толькі ўнікала ў сутнасць работы галоўнага бухгалтара, а яшчэ змянілася разліковая група, на налічэнне зарплаты прыйшлі новыя спецыялісты, якія не ведалі спецыфікі нашай работы. Да таго ж толькі ўстанавілі новую бухгалтарскую праграму, якую трэба было асвойваць. Галава кругам! Месяцы два ці больш дапамагала налічваць зарплату і паралельна выконвала свае абавязкі. А яшчэ юрыста і эканаміста, гэта таксама трэба ведаць і разумець. Плакала, нервавалася, назад прасілася – ды дзе там! Хатнім даставалася. Думала, не вытрымаю… Дапамагло тое, што я прайшла ўсе ступені і ведала работу кожнага з бухгалтараў. Але з цягам часу і дзяўчаты ўсяму навучыліся, і я паабцёрлася. (Смяецца.) 
Алена Іванаўна вельмі цэніць свой калектыў – а ў падначаленні ў яе 12 бухгалтараў (раней было яшчэ 4 эканамісты, цяпер яны выдзелены ў асобны аддзел). І калі раптам узнікае жаданне нешта змяніць у жыцці – да прыкладу, работу, то спыняе найперш думка: дзе я знайду такі калектыў, дзе ўсе адзін за аднаго і адзін  – за ўсіх? Кожны ведае свой участак, кожны стараецца. А яе справа – каардынаваць, кантраляваць, вывучаць нарматыўную базу і па меры неабходнасці даносіць да людзей новыя патрабаванні.
Хоць гэта не так проста. Гадавы аб’ём фінансавання цэнт­ральнай раённай клінічнай бальніцы – амаль 35 мільёнаў рублёў, і ўсё, да капеечкі, патрэбна зрасходаваць своечасова і дакладна на тыя мэты, на якія яны прызначаны: харчаванне, медыкаменты, набыццё асноўных сродкаў, зарплату і г.д. І ўсё пракантраляваць, за ўсім прасачыць, бо кожная памылка каштуе вельмі дорага.
– І ўсё ж памылкі здараюцца, – прызнаецца галоўны бухгалтар. – Як бы ні стараўся. Часам справа нават не ў тым, што нечага не ведаеш ці не разумееш, а ў тым, што мы і кантралюючыя органы па-рознаму чытаем нарматыўныя дакументы – вобразна кажучы, у іншых месцах ставім коску ў фразе «караць нельга памілаваць». 
Да памылак Алена Іванаўна адносіцца філасофскі: знайшлі, запісалі ў акт, нават калі вымову далі – вельмі добра: цяпер бу­дзем ведаць і больш не дапусцім!
Бальнічны калектыў, не толькі бухгалтарская яго частка, стаў для Алены Каранкевіч настолькі блізкім і родным, што, калі прыйшоў час дачцэ выбіраць прафесію, маці параіла: ідзі ў медыцыну. Крысціна паслухалася, цяпер яна – урач-неанатолаг. Малады спецыяліст вельмі любіць сваю работу, яе паважаюць калегі і цэняць бацькі маленькіх пацыентаў, і гэта дае нагоду Алене Іванаўне ганарыцца дачкой.
…І ўсё ж нядаўна Алена Ка­ранкевіч зноў, як некалі, плакала і прасіла: не трэба! Гэта калі яе кандыдатуру вылучылі на занясенне на раённую Дош­ку гонару. Сапраўды, у калектыве цэнтральнай раённай клі­нічнай бальніцы каля тысячы супрацоўнікаў. Чаму ж менавіта галоўны бухгалтар?
Я спытала аб гэтым у галоўнага ўрача Уладзіміра Мажэйкі.
– Па-першае, таму, што Алена Іванаўна заслужыла гэтага сваёй шматгадовай добрасумленнай працай, – адказаў Уладзімір Часлававіч. – Па-другое, у нас не проста калектыў, а каманда, дзе праца кожнага, не толькі ўрача ці медсястры, важная і патрэбная. Калі, скажам, не будуць у час праплачаны ці атрыманы неабходныя інструменты, медыкаменты, абсталяванне, то ўрач не зможа выканаць сваю работу так, як належыць. Мы ўсе працуем на агульную справу, і ў ёй няма людзей галоўных ці другарадных.
…Некалі Валянцін Тачоны, калі «сватаў» Алену Каранкевіч на пасаду галоўнага бухгал­тара, напаўжартам казаў: «Зга­­джайся. А раптам спадабаец­ца?» Прыкладна тое ж атры­малася і з занясеннем яе парт­рэта на раённую Дошку гонару. Сёння Алена Іванаўна не кры­віць душой: такая адзнака яе працы прыемная.
Асабліва, калі трохгадовы ўнук Гардзей, калі праходзіць ці праязджае міма, паварочвае галоўку ў бок шэрагу партрэтаў лепшых людзей раёна і гаворыць:
– Лена, ты таксама там? 

Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик