Бульдазерыст Дзяніс Скарульскі лічыць, што работа павінна прыносіць задавальненне

08:00 / 02.06.2024


Нягледзячы на дождж і спёку гэтыя людзі працуюць літаральна круглы год на ўлонні прыроды. Іх называюць рэаніматарамі зямлі і галоўнымі памочнікамі аграрыяў. Дзякуючы ім сельгасугоддзі Астравеччыны штогод прырастаюць сенажацямі і пашай, адпаведна павялічваюцца і малочныя рэкі…

Бульдазерыст

Дзяніс Скарульскі

Гэты год для мужчыны асаблівы: ён адсвяткаваў 20-годдзе працы ў прадпрыемстве меліярацыйных сістэм.

– Як прыйшоў у ПМС, так і застаўся. На адным месцы працую ўсё жыццё. Работа падабаецца, – прызнаўся мужчына. – Майму бульдозеру вытворчасці фірмы “Шанту” дзесяць гадоў. Тэхніка проста выдатная – ніякіх нараканняў няма. За гэты час былі, канешне, паломкі, але служыць машына спраўна. Тым больш нядаўна замянілі рухавік, так што яшчэ доўга, думаю, будзем у пары працаваць.

На аб’екце непадалёк ад вёскі Стрыпуны Дзяніс Скарульскі раўняў плошчы, бо ў нізіне шмат вільгаці і збіралася вада.

– На гэтым участку працую з Валерам Якелем, якому сёлета даверылі новы магутны экскаватар UMG E225C расійскай вытворчасці.  Вунь якую “гару” зрэзалі, паказваючы рукой у бок участка, расказаў мужчына. – Выкапалі вялікую сажалку, але работы яшчэ шмат. Хочацца па толку ўсё зрабіць, каб тэхніцы саўгасаўцаў прасцей і шпарчэй было хадзіць па полі.

Дарэчы, бульдозеры і экскаватары на аб’ект дастаўляюць з дапамогай трала. Пакуль вядуцца работы, яна застаецца на ўчастку, для работнікаў арганізаваны падвоз.

Летам у нас падоўжаны дзень: з васьмі раніцы да шасці вечара. Затое зімой скарочаны на гадзіну, расказаў мужчына.

Пацікавілася ў машыніста бульдозера, які за два дзесяцігоддзі работы выпадак запомніўся найбольш.

А хто яго ведае, прызадумаўся мужчына. – Кожны дзень па-свойму асаблівы: то зайцоў, то ліс, то казуль  сустракаю. Аднойчы каза прыйшла блізка-блізка, ажно падумаў, што ручная.

– Ад прадпрыемства шмат гадоў назад мне далі невялікі дамок у Астраўцы. Цяпер пабудавалі з жонкай кватэру. Пасля рамонту справім наваселле, падзяліўся мужчына.

У канцы нашай размовы Дзяніс Скарульскі трапна зазначыў, што ўсё, чым займаецца чалавек, у тым ліку работа, павінна быць у радасць.  У гэтым немудрагелістым меркаванні  і хаваецца сэнс простага шчасця людскога. Па ўсім бачна, што Дзяніс Скарульскі шчаслівы чалавек! 


Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич