Учитель СШ №3 Марина Бабич мечтает, чтобы и её дети продолжили дело предков

18:00 / 01.05.2024


Фота з архіва гераіні

Здаецца, што ў Марыны Бабіч (на фота трэцяя злева)  прос­та не было варыянтаў пры выбары прафесіі. Яе бабуля Вера Конан была першым дырэктарам толькі пабудаванай Спондаўскай СШ, яе маці Лілія Сініца ўвесь час працавала настаўнікам у гэтай жа школе, яе цётка Інэса Золатава і старэйшая сястра Дзіяна Жытковіч таксама выбралі педагагічны шлях. Гэта аказала ўплыў на Марыну, з дзяцінства нават не разглядала іншых прафесій. Аднак яна дадае, што не змагла б займацца тым, што не падабаецца. Пагэтаму справа бацькоў – сапраўды яе справа.

У адрозненне ад бабулі, мамы і сястры – настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, спачатку Марына марыла выкладаць геаграфію. Але літаральна перад паступленнем перадумала – і далучылася да сямейнай дынастыі беларусазнаўцаў.

– Паглядзела на маму, яе любоў да роднай мовы – і зразумела, што таксама хачу прывіваць любоў да нашага, беларускага, – расказвае гераіня. – Дый гадзін геаграфіі не так ужо і шмат, а філолагі заўсёды запатрабаваныя. Цяпер разумею, што тое раптоўнае рашэнне было правільным, і ні на хвіліну не пашкадавала, што выбрала факультэт беларускай філалогіі і культуры.

  Стаж жанчыны ў сістэме адукацыі 20 гадоў. Настаўнічаць пачынала ў роднай Спондаўскай школе. Пасля пераехала ў Астравец, быў перыяд работы ў дзіцячым садку, і вось ужо чацвёрты год Марына Чаславаўна вучыць роднай мове і літаратуры дзяцей у СШ №3, з’яўляецца класным кіраўніком любімага 8 «А», займаецца з вучнямі даследчай работай, рыхтуе да алімпіяд – і радуецца іх поспехам, якіх, дарэчы, нямала.

– Праз столькі гадоў магу ўпэўнена сказаць, што падабаецца працаваць у школе, – прызнаецца настаўнік. – Не ўяўляю жыцця без свайго класа, без сумесных паездак, мерапрыемстваў і размоў. Адзінае, што засмучае: многія дзеці ўспрымаюць беларускую мову як замежную. Таму мая мэта зрабіць так, каб вучні не проста пасядзелі на ўроку, а абавязкова штосьці вынеслі з яго і запомнілі. Тады, магчыма, зменяцца іх адносіны да прадмета і родная мова не будзе незразумелай. 

Марына Чаславаўна з цеплынёй і гонарам адзначае, што яна і зараз нярэдка звяртаецца за прафесійнымі парадамі да маці – і Лілія Сяргееўна заўсёды дае падказкі дачцэ.

А яшчэ мая суразмоўца прызналася, што ёй вельмі хочацца, каб іх дынастыя настаўнікаў працягнулася ў яе дзецях. І калі старэйшыя дачка і сын ніякіх памкненняў да гэтага не праявілі, то малодшая, другакласніца Таня, сказала, што будзе настаўнікам, як мама. 

– Пажывём – пабачым, – усміхаецца жанчына. – Але галоўнае – надзея ёсць!



Текст: Марина Гавдурович