У гасцёўні “Візаві” – Марына Івашка і Алена Кандратовіч з КСУП “Гервяты”
Бываючы на розных сельскагаспадарчых мерапрыемствах, пачынаючы ад раённага кірмашу і заканчваючы абласнымі «Дажынкамі», заўсёды захаплялася энергічнасцю, адказнасцю, арганізатарскімі здольнасцямі тандэма КСУП «Гервяты» ў складзе прафсаюзнага лідара гэтай гаспадаркі Марыны Івашкі і намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алены Кандратовіч. І незвычайнае афармленне гервяцкага падворка, і напоўненыя цікавымі навінамі з жыцця прадпрыемства суполкі ў сацсетках, і арыгінальныя віншаванні ветэранаў і перадавікоў – гэта далёка не ўвесь пералік спраў ідэалагічна-прафсаюзнага актыву. Спецыялістаў карэспандэнт запрасіў у гасцёўню «Візаві».
З чаго і як пачалося ваша супрацоўніцтва? І хто найбольш на вас паўплываў?
Марына Івашка:
– У Гервяты прыехала за мужам: у 2010 годзе мяне пераразмеркавалі ў гэтую гаспадарку. Тагачасны старшыня калгаса Андрэй Янчэўскі ўзяў на працу эканамістам, праз некаторы час перавёў у галоўныя. Прафсаюзную пярвічку ўзначаліла ў 2019 годзе. Удзячна былому начальніку планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Наталлі Уладзіміраўне Волк-Леановіч – гэта проста неверагодны спецыяліст, прафесіянал і сапраўдны чалавек. Тэт-а-тэт яна, канешне, указвала на памылкі, недапрацоўкі, але на нарадах і семінарах заўсёды стаяла за нас, эканамістаў калгасаў, гарой. Падобнай мадэлі паводзін стараюся прытрымлівацца і я.
Алена Кандратовіч:
– У «Гервяты» прыйшла ў 2012-м. З Марынай мы былі вельмі розныя. Яна мела пэўны досвед і ўжо была прафесійным спецыялістам. Я ж, учарашняя студэнтка, не разумела, куды трапіла і што мне рабіць. Хацелася працаваць па спецыяльнасці – у мяне юрыдычная адукацыя, а прызначылі намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце. А хто гэта такі і што ён робіць, не ведала…
Напачатку не бачыла сябе ў сельскай гаспадарцы ад слова «зусім», таму што не мела ўяўлення пра спецыфіку гэтай галіны. Дзякуючы старшыні калгаса Аляксандру Вацлававічу Габрукевічу я прайшла добрую школу. Да канца дня павінна была ў пісьмовай форме напісаць справаздачу пра зробленыя за дзень справы. Напачатку плакала, нервавалася, перажывала, а потым уцягнулася. Гэта навучыла мяне планаваць, вызначаць першачарговыя задачы. Пасля першага дэкрэтнага адпачынку мы зблізіліся з Марынай, увогуле змяніліся мае адносіны да работы.
– Кажуць, што старшыня ці дырэктар на вёсцы – бацька, дзядзька і суддзя. Хто тады прафсаюзны лідар і ідэолаг?
Марына Івашка:
– Наш Ігар Уладзіміравіч Жданаў дакладна бацька. А вось мы… (Задумваецца.) Як прафсаюзны лідар, я, напэўна, памочнік і дарадца для працаўнікоў. Упэўнена, што невырашальных пытанняў няма – гэта тычыцца не толькі прафсаюзнай лініі. Канешне, усё ведаць немагчыма, таму не баюся кансультавацца з калегамі. А яшчэ я – «тэлефон гарачай лініі». (Усміхаецца.) Людзі ведаюць, што абавязкова дапамагу – колькі б сіл і часу гэта ні каштавала. Я больш лаяльная, а Алена – строгая.
Алена Кандратовіч:
– Гэта ў дачыненні камісіі барацьбы з п’янствам, якую ўзначальваю. А так я зусім не строгая. Думаю, што большасць работнікаў КСУПа ўспрымаюць мяне як арганізатара мерапрыемстваў і ўрачыстасцей.
Марына Івашка:
– Алена ў нас гаспадыня. Яна дакладна ведае, колькі і чаго трэба, у якія тэрміны зрабіць заказ і многае іншае. З апошняга, напрыклад, гэта афармленне спецыяльнага пасведчання пры правядзенні культурнага мерапрыемства. Прыемна, што арганізацыю свят дырэктар цалкам нам давярае.
– Дзяўчаты, вы сказалі, што не сорамна чагосьці не ведаць, галоўнае – не баяцца пытаць. А якімі прынцыпамі ў рабоце кіруецеся яшчэ?
Алена Кандратовіч:
– Да любога чалавека трэба ставіцца паважліва, важна быць чалавечным у любой сітуацыі.
Марына Івашка:
– Усе праблемы вырашым разам – мой дэвіз па жыцці. Нездарма лейтматыў нашага галіновага прафсаюза «Любіць людзей, працаваць для людзей!».
Стараюся стасавацца з працаўнікамі на роўных, калі прыязджаю на ферму ці комплекс, то аператараў машыннага даення, цялятніц ласкава называю «мае дзяўчаты».
Пэўны час у нас туга ішла работа з санаторным аздараўленнем. Людзям тлумачыла, што можна скарыстацца турам выхаднога дня – гэта цалкам бясплатна, але ахвочых не знаходзілася. Было прыемна, калі на прафсаюзным справаздачна-выбарным сходзе адна жанчына падзялілася ўражаннямі ад адпачынку ў санаторыі і падзякавала. Зваротаў у пярвічку пабольшала!
– Якая пара года вам падабаецца найбольш і чаму?
Марына Івашка:
– Лета і, адпаведна, жніво.
Алена Кандратовіч:
– Мне таксама! Гэта неверагодна прыгожая пара. І плённая. Нашы работнікі здабываюць хлеб, забяспечваюць харчовую бяспеку краіны. А мы ў сваю чаргу аддзячваем ім грашовымі прэміямі і падарункамі, якія прывозім на поле. Камбайнеры і вадзіцелі хоць і стомленыя, але ў такія імгненні літаральна свецяцца. Гэта дарагога каштуе.
Марына Івашка:
– Я яшчэ люблю калядныя і навагоднія святы. Па-першае, ствараем адпаведны настрой у адміністрацыйным будынку дзякуючы адпаведнаму дэкору і ўпрыгожанням. Па-другое, апранаемся ў касцюмы Снягурак, у апошнія гадзіны перад выездам знаходзім Дзеда Мароза і выпраўляемся ва ўсе структурныя падраздзяленні нашай гаспадаркі. Ад наймальніка і прафсаюза ўручаем працаўнікам падарункі. Летась вадзілі карагоды, віншавалі адзін аднаго. Для дзяцей работнікаў арганізавалі ранішнік у мясцовым клубе з уручэннем салодкіх падарункаў. Такія памятныя моманты абвязкова здымаем! Сёлета наша навагодняе відэа на «Ютуб» набрала звыш тысячы праглядаў.
Акрамя гэтага, актыўна вядзём «Інстаграм», сайт прадпрыемства. Людзям хочацца бачыць сябе ў сацыяльных сетках. Паролі ёсць і ў мяне, і ў Алены, таму абнаўляе суполкі той, хто вальнейшы. На апошнім прафсаюзным сходзе работнікі таксама дзякавалі за тое, што аператыўна з’яўляецца інфармацыя: анлайн выкідвалі фотасправаздачы з абласных «Дажынак» у Зэльве, цікавыя моманты віншавання хлебаробаў, ветэранаў.
Алена Кандратовіч:
– Сапраўды, зіма і лета – самы напружаны перыяд, але ад гэтага не менш прыемны. Арганізацыйныя моманты, на жаль, забіраюць шмат часу і не так заўважны для старонняга вока. Здараецца, што толькі 29 снежня ўзгадваем, што для ўласных дзяцей не падрыхтавалі падарункі ад Дзеда Мароза. (Усміхаецца.)
Марына Івашка:
– Думаю, Алена, мяне падтрымае, што асаблівую асалоду прыносіць выбар падарункаў на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Новы год, 23 лютага, 8 Сакавіка, Дня пажылых людзей, юбілейныя дні нараджэння… Вядома, бывае, што камусьці не дагадзілі ці хтосьці потым выгаварыў…
– А як навучыліся прымаць такія сітуацыі? Крыўдна ж, калі стараўся, укладваў душу, а ў адказ атрымаў «не спадабалася»…
Алена Кандратовіч:
– Такія людзі заўсёды будуць, як і тыя, каму «зайшло». Апошніх, да слова, больш. Заўсёды хтосьці падыходзіць, дзякуе ці адрасуе шчырае «Дзяўчаты, вы такія малайцы!». Тым больш побач з намі ёсць людзі, якія гатовы ў любы момант падставіць плячо дапамогі.
Марына Івашка:
– Напачатку крыўдзілася. Але дзякуючы Алене навучылася адэкватна ставіцца да такіх сітуацый. Пад усіх не падстроішся. Галоўнае – нам давярае шэф, а астатняе мы зробім.
Алена Кандратовіч:
– Крытыкаваць заўсёды прасцей. На гэты конт ёсць цудоўнае выслоўе «Крытыкуеш – прапаноўвай, прапаноўваеш – рабі, робіш – адказвай».
– За час сумеснай работы, напэўна, здараліся смешныя ці экстрэмальныя сітуацыі?
Алена Кандратовіч:
– Гэта можна расказваць? (З умешкай паглядзела на Марыну. – Заўв. аўт.) Калі мы летам праваліліся ў роў на тваёй машыне…
Марына Івашка:
– Прычым асабістай. Забягаючы наперад, скажу, што тыя прыгоды мы, канешне, закументавалі на камеру тэлефона – ролік набраў звыш 10 тысяч праглядаў!
Было так. У самым разгары корманарыхтоўка. Невялікія сходы з удзелам кіраўніцтва КСУПа, прафсаюза, ідэолага праводзілі на ўчастках, дзе ішла касавіца. З Алёнай паехалі на маёй машыне. Усё прайшло добра, а вяртаючыся назад, селі нават не ў яму, а ў роў – ні туды і ні сюды. Вадзіцель на МАЗе, які вазіў «зялёнку», відаць, па нашых тварах усё зразумеў. Літаральна за некалькі хвілін – аказваецца, адмысловым чынам трэба было выкруціць колы – выехаў з пасткі. Шчаслівыя вярнуліся ў кантору.
– Падзяліцеся планамі на будучыню.
Марына Івашка:
– З бліжэйшых – далучыцца ў сакавіку да акцыі «Наш жывёлавод», якую падчас зімне-стойлавага перыяду штогод праводзіць райкам прафсаюза работнікаў АПК. А яшчэ нядаўна ў нас узнікла неверагодная ідэя, якую, верыцца, атрымаецца рэалізаваць.
Алена Кандратовіч:
– Раскрываць усе сакрэты не будзем. Нездарма ж кажуць: хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы. Адзінае скажу: гэта будзе для людзей і пра людзей!
– Дзякуй за гутарку! І няхай задуманае збываецца.