Ганна Грунт: жанчына, якая вымыла касцёл
Кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Проста гэтае паняцце многія ўспрымаюць па меншай меры як выратаванне тапельца з ледзяной вады ці дзіцяці на пажары. А подзвіг, як па мне, бывае і звычайны, будзённы, паўсядзённы, незаўважны і не ацэнены… Хоць пры тым далёка не кожны на яго здатны.
…Улетку раённы савет ветэранаў арганізаваў паездку сваіх актывістаў па цікавых мясцінах Астравеччыны. У маршруце, апроч іншага, быў заяўлены кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Багародзіцы. Ксёндз-пробашч Аляксандр Сямінскі падрабязна расказаў пра храм – помнік драўлянага дойлідства, пабудаваны ў 1781 годзе; пра яго гісторыю, фундатара Станіслава Прушынскага, партрэт якога захоўваецца ў бакавой капліцы, і многія іншыя цікавыя падрабязнасці. Калі ж госці пацікавіліся, чаму ў касцёле стаяць рыштаванні – рамонтных работ мы не заўважылі, святар адказаў:
– Наша парафіянка Ганна Грунт узялася вымыць касцёл. Ужо заканчвае…
Праз колькі дзён патэлефанавала ўдзельніца той вандроўкі Ларыса Мартынава:
– Ведаеце, што мяне больш за ўсё ўразіла ў гэтай паездцы? Жанчына, якая мые касцёл. Мне здаецца, гэта подзвіг.
Скажаце, перабольшванне? Але кожная гаспадыня, якая хоць аднойчы рабіла генеральную ўборку дома ці кватэры, думаю, пагодзіцца з Ларысай Аляксандраўнай. А калі ўлічыць, што сваё жытло мы «генералім» хоць бы раз на год, а драўляныя сцены касцёла не мыліся, падобна, з часу яго заснавання, ды і плошчу нават самага вялікага дома не параўнаць з шырынёй і вышынёй кемелішкаўскага храма, то… Як там гаварыў герой папулярнага фільма? Пагадзіцеся: нешта гераічнае ў гэтым ёсць.
…Ганна Грунт працуе медсястрой у Кемелішкаўскай амбулаторыі. Але дарэмна мы спрабавалі застаць яе ў абедзенны перапынак на рабоце ці дома. У вольную гадзінку яна прыімчала на веласіпедзе… Так, вы правільна здагадаліся – у касцёл: трэба памяняць ваду кветкам, прыбраць завялыя, глянуць гаспадарскім вокам, дзе яшчэ што трэба падправіць.
– Гэта мой храм, – крыху саромеючыся ўвагі прэсы да свайго, як ёй здаецца, самага звычайнага занятку, тлумачыць Ганна Рыгораўна. – Я родам з Рытані, на гэтай зямлі жылі ўсе мае продкі. У кемелішкаўскім касцёле бралі шлюб дзед з бабай, мама з татам, мы з мужам. Тут мы ўсе хрысціліся і дзяцей сваіх хрысцілі, адсюль праводзілі ў апошні шлях памерлых родзічаў. Гэта як родны дом. Ці нават больш… Здараецца, нейкія згрызоты на рабоце ці ў сям’і, а прыйдзеш у касцёл – душа адпачывае: хочацца жыць, нешта рабіць, каб стаў ён яшчэ прыгажэйшым!
Жанчына прызнаецца, што напачатку хадзіла ў храм нячаста – па патрэбе, на вялікія святы.
– А потым Ванда Раманаўна Кісель запрасіла мяне ў сваё колка. Я шмат чаго даведалася: пра святы, і не толькі галоўныя, але і невялікія, пра святых. Стала цікава.
Паступова Ганна Грунт уцягнулася ў касцёльнае жыццё – духоўнае і паўсядзённае. Апроч іншага, дапамагала ў гаспадарчых справах.
– Што ксёндз прасіў, тое і рабіла. Мне любая работа не цяжкая, абы ў задавальненне, – гаворыць Ганна Рыгораўна.
Неяк прыйшла яе чарга прыбіраць у касцёле.
– Прыбрала, абрусы памяняла, кветкі свежыя паставіла, – расказвае жанчына. – Усё здаецца, добра, прыгожа… У касцёле, праўда, сцены, столь, падлога цёмныя – прыкладна такія ж, як і звонку. Але так было заўсёды і здавалася, што па-іншаму і быць не можа. А ноччу мне мама прыснілася і кажа: «Аня, абрусы ты заслала, кветкі паставіла, а падлога ж у касцёле чорная…» Прачнулася, думаю: і праўда… Трэба вымыць падлогу.
Лёгка сказаць... І раз, і другі, і трэці спрабавала жанчына, якія толькі сучасныя сродкі не прымяняла – безвынікова: здавалася, што дошкі пафарбаваны ў чорны колер і нічым іх не адмыць. Мо, толькі з пятага разу векавая чарната стала паддавацца яе нястомным рукам. І ў рэшце рэшт падлога набыла першапачатковую прыемную жаўцізну.
А сцены ж – чорныя! І Ганна Рыгораўна распачала новы этап змагання за наданне храму першароднай чысціні…
– Таксама не адразу, але паддаліся. І так прыемна бачыць вынік! Хацелася працаваць. Кожны ранак падымалася з думкай: сёння трэба зрабіць вось тое ці гэта… Не адразу, патрошку, але ўсё атрымлівалася… Нібы нешта дапамагала, нейкая нябачная сіла. А як адмыла ўсё – такая прыгажосць паўстала! Сцены набылі колер свежаспечанага хлеба. Здаецца, нават дыхаць лягчэй, – дзеліцца радасцю Ганна Рыгораўна.
А потым настала чарга сталявання. Адмыць яго было цяжэй, чым усё астатняе, бо ўвесь час трэба працаваць на вышыні і з узнятымі рукамі. Але ў жанчыны быў ужо пэўны вопыт:
– Вядома, сродкі мыючыя. Але ўсё роўна найперш рукі трэба прылажыць… Спачатку добра размачыць, потым шчотачкай церці і церці, да стомы. Вядома, рука нямее. Але хацелася! І, здаецца, няцяжка было. А цяпер як пагляджу – сама сабе не веру: няўжо я гэта здолела зрабіць?
І са сталяваннем Ганна Грунт справілася! Толькі ў адным месцы над абразам Збавіцеля не змагла вымыць – не дастала. А я думаю: можа, так трэба было? Каб пабачыць, якім быў раней касцёл і параўнаць, якім ён стаў цяпер.
І зразумець велічыню звычайнага подзвігу простай жанчыны…
Амаль чатыры гады «дзяжурыла» Ганна Грунт у касцёле. І вынік гэтага «дзяжурства» адзначае кожны, хто пераступае парог храма: тут пануе асаблівая аўра, водар чысціні і амаль фізічна адчуваецца прысутнасць Бога.
– Калі чалавек за добрую справу ўзяўся, то ўсё атрымаецца, – пераканана Ганна Рыгораўна. – Тады сам Бог сілы дае! Цяпер прыкасцёльную тэрыторыю добраўпарадкуем. Людзі бачаць, што ксёндз рупіцца, і адгукаюцца, дапамагаюць. Трошкі нам засталося… Але і сёння да нас едуць людзі з Мінска, Гродна, з розных куточкаў Беларусі, захапляюцца архітэктурай, гісторыяй, намоленасцю нашага храма. Мне прыемна, што ёсць у гэтым і часцінка маёй працы…