Один из самых молодых в Беларуси профессоров Руслан Якубцевич: об учителях – школьных и в профессии, деле жизни, тонкостях специальности и студентах
Напярэдадні дня сустрэчы выпускнікоў карэспандэнт «АП» некаторым з іх задаў 5 пытанняў аб галоўным:
Кім марылі быць і кім сталі?
Якім вы былі вучнем?
Як вы лічыце, хто або што дало вам стартавую пляцоўку і паўплывала на ваша станаўленне?
Якія са сваіх дасягненняў у прафесіі лічыце самымі важнымі і чаго б яшчэ хацелася дасягнуць?
Што пажадаеце выпускнікам, асабліва тым, хто знаходзіцца на раздарожжы?
Руслан Якубцэвіч – адзін з самых маладых у Беларусі прафесараў, доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Аўтар шэрагу кніг, публікацый, патэнтаў на вынаходніцтва. Узнагароджаны граматамі Гродзенскага аблвыканкама, Савета Міністраў Беларусі, знакам «Выдатнік аховы здароўя», Падзякай Прэзідэнта і інш.
З пачатковых класаў ведаў, што стану ўрачом. Перад вачыма быў яркі прыклад мамы, якая працавала фельчарам у паліклініцы. Пасля школы забягаў да яе на работу, бачыў медыцынскіх сясцёр, доктараў – мне падабалася атмасфера, якая там панавала. У старэйшых класах шмат чытаў галіновай літаратуры, якую браў у мясцовай бібліятэцы. З цікавасцю вывучаў кнігі і даведнікі, па якіх займаліся студэнты-медыкі. У падручніках сустракаліся незразумелыя для школьніка паняцці і тэрміны, але мне было вельмі цікава. Як бачыце, дзіцячая мара ажыццявілася. Я ўрач. Загадваю кафедрай у медуніверсітэце і навукова-клінічным аддзелам у Гродзенскай клініцы. У рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі мы працуем з крытычнымі пацыентамі, якія знаходзяцца паміж жыццём і смерцю. Да гэтага працяглы час узначальваў аддзяленне дэтаксікацыі і гемадыялізу.Сказаць, якім я быў вучнем, лепш атрымаецца ў школьных настаўнікаў. (Усміхаецца.) Падчас вучобы ў школе гэта былі педагогі-прафесіяналы: класны кіраўнік Марыя Паўлаўна Леановіч, настаўнік біялогіі Вольга Станіславаўна Гаваноўская. Апошняя прывіла мне любоў да навукі. Яна не толькі дзялілася ведамі, але і падтрымлівала, накіроўвала ў патрэбнае рэчышча, больш таго – верыла ў мяне. І першыя абласныя перамогі сталі магчымымі дзякуючы Вользе Станіславаўне. Увогуле ўдзячны кожнаму школьнаму настаўніку за веды і ўклад, якія яны зрабілі ў свой час у маё развіццё.
У медыцынскім універсітэце я, як і большасць юнакоў, на першых курсах марыў стаць хірургам. Каб лепш зразумець спецыфіку прафесіі, у вольны ад лекцый і заняткаў час дзяжурыў санітарам і падпрацоўваў медбратам у бальніцы.
Пачынаючы з 4 курса асаблівы ўплыў на мяне аказаў наш прафесар, Настаўнік з вялікай літары Уладзімір Уладзіміравіч Спас – заснавальнік айчыннай анестэзіялогіі, гродзенскай школы анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў, якіх ведаюць далёка за межамі нашай краіны… Уладзімір Уладзіміравіч пасеяў веру ў навуку, у сябе. Дзевяць гадоў назад я змяніў прафесара на месцы загадчыка кафедры.
Увесь гэты час работу доктара сумяшчаю з навуковай і выкладчыцкай дзейнасцямі. Гэта не так часта сустракаецца: як правіла, урач ці практык, ці, наадварот, тэарэтык. Унікальнасць нашай спецыялізацыі – у яе практычнай накіраванасці: анестэзіялогію і рэаніматалогію немагчыма ўявіць толькі на голай тэорыі.
Першы важны момант – настаўніцтва, пераемнасць ведаў. Мы вучым студэнтаў, якія заўтра стануць урачамі, будуць нас лячыць і працаваць дзеля дабрабыту краіны.
Другі – гэта, канешне, практычная работа. У аперацыйнай наш голас часам рашаючы.
Трэці складнік – навука. У нас вялікая кафедра. Мы праводзім шматлікія даследаванні, па выніках якіх можна смела казаць пра тое, што мы змаглі знізіць працэнт ускладненняў, лятальных канцоў ад розных захворванняў. Таксама гэта напісанне даведнікаў для студэнтаў, урачоў, навуковых артыкулаў у сур’ёзныя часопісы бліжэйшага і далёкага замежжа. І, канешне ж, работа ў накірунку павышэння кваліфікацыі.
Лічу, што няма аднаго чалавека, які б спрыяў таму, што спецыяліст становіцца прафесіяналам. Гэта шэраг абставін, людзей, якія сустракаюцца на жыццёвай дарозе. Мне пашчасціла быць знаёмым з яркімі асобамі, на якіх хочацца раўняцца.
Мы працуем ва ўмовах тонкай грані, калі чалавек знаходзіцца паміж жыццём і смерцю. Сваім самым галоўным дасягненнем лічу ўратаваныя жыцці. Такіх прыкладаў за гэты час, думаю, шмат – не адна тысяча дакладна…
Таксама гэта яркія, цікавыя выпадкі з практыкі, калі беспаспяховага пацыента атрымлівалася выцягнуць з таго свету.
Другое важнае дасягненне – цэлая плеяда вучняў, многія з якіх сталі высокакласнымі спецыялістамі. Паралельна з урачэбнай работай выкладаю на кафедры каля 20-ці гадоў. З многімі былымі студэнтамі стасуемся, абмяркоўваем працоўныя моманты, сустракаемся на курсах павышэння кваліфікацыі… Для выкладчыка вышэйшай школы важна быць не толькі класным урачом, але і ўмець запальваць у студэнтах любоў да прафесіі, жаданне працаваць і дапамагаць людзям. Думаю, гэта падуладна харызматычным педагогам. Атрымліваючы зваротную сувязь ад будучых медыкаў, разумею, што ўсё раблю правільна. Мы займаемся навукай, пошукам новых метадаў дыягностыкі, даследавання і лячэння пацыентаў. З дапамогай нашых распрацовак знізіўся паказчык лятальных канцоў ад розных паталогій, сепсісаў, складаных інфекцый прыблізна на 30%. Мы вынайшлі новыя методыкі лячэння складаных пацыентаў. У нас ёсць шэраг патэнтаў, якія атрымалі еўразійскае прызнанне, публікацыі ў аўтарытэтных салідных часопісах – гэта сведчыць, што нашы дасягненні будуць служыць людзям.
Развіваем Гродзенскую ўніверсітэцкую клініку і робім ухіл на цеснае супрацоўніцтва вучоных і ўрачоў-практыкаў. Я ўзначальваю аддзел анестэзіялогіі і рэанімацыі, куды ўваходзіць 7 клінічных падраздзяленняў нашай спецыялізацыі. Намагаемся аптымізаваць вучэбны працэс і зрабіць так, каб навука служыла на карысць практычнай аховы здароўя.
З асабістых дасягненняў, напэўна, назаву абарону доктарскай дысертацыі ў 2018 годзе і атрыманне звання прафесара напрыканцы 2023 года.
Мне хочацца бачыць сябе ў тых прасторы, атачэнні, у якіх знаходжуся зараз. Хочацца і надалей дапамагаць людзям, выбудоўваць стратэгіі лячэння складаных пацыентаў і зараджаць на новыя пачынанні маіх студэнтаў і маладых урачоў.
Не забывайце, дарагія выпускнікі, вашу школу, настаўнікаў і заўсёды з гонарам нясіце назву вашай навучальнай установы.
Жадаю, каб шлях у любой галіне быў цікавым і нескладаным; каб працалюбства і інтэлект дазволілі з лёгкасцю і з задавальненнем асвоіць абраную прафесію. Памятайце, што менавіта веды – аснова поспеху. Будуць здарацца памылкі, але яны, як і расчараванні, ні ў якім выпадку не павінны станавіцца нагодай для журбы. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць.
Таксама хачу нагадаць, што ў жыцці не бывае выпадковасцей, яно заўсёды будзе зводзіць вас з цікавымі людзьмі. Ваша задача – разгледзець гэтую лёсавызначальную сустрэчу.
Хачу пажадаць, каб вы заўсёды былі ўдзячны такім людзям, калі ваша вышыня пераўзыдзе іх рубеж. Памятайце, што побач будзе хтосьці незадаволены вашымі поспехамі. Заўсёды будзьце вышэй на некалькі галоў за тых, каму нічога не падабаецца.
Не бойцеся мяняць жыццё. Лепш захаваць запал у душы на новае дасягненне, чым таптацца на месцы, марнуючы час на нецікавай і нелюбімай рабоце.
Пажаданне будучым медыкам: ніколі не адмоўце ў дапамозе чалавеку, нягледзячы на яго светапогляд, саслоўе, веравызнанне. Памятайце: урач – гэта не зусім работа, а хутчэй прызванне. У любых сітуацыях кіруйцеся мудрасцю, якую мне перадаў мой прафесар: хтосьці плыве па цячэнні, хтосьці – супраць, а вы плывіце туды, куды вам трэба.
Сёння, як ніколі, ёсць столькі магчымасцей для атрымання любой прафесіі, у тым ліку і медыцынскай. Неймаверна хутка і якасна развіваюцца транспланталогія, анестэзіялогія, хірургія… Таму тых, хто захоча звязаць свой лёс з медыцынай, міласці просім у наш універсітэт!