Для тех, кто хочет стать военным: абитуриентам на заметку

11:45 / 21.01.2024


Да заканчэння навучальнага года і здачы іспытаў засталося мала часу – і выпускнікі будуць маніторыць табліцы падачы дакументаў у навучальныя ўстановы, пралічваючы магчымыя варыянты.  Асобна з катэгорыі будучых абітурыентаў вылучаюцца тыя, хто выбраў курс на атрыманне ваеннай спецыяльнасці – для гэтых юнакоў і дзяўчат першым крокам насустрач сваёй мары будзе не ЦЭ ці ЦТ, а прафесійны адбор.З чаго пачынаць, на што звярнуць увагу, а таксама пра асаблівасці ўступнай кампаніі ў вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы і на адпаведныя факультэты грамадзянскіх вну расказаў карэспандэнту «АП» начальнік групы прызыву Астравецкага райваенкамата Рыгор Дземідовіч.


ВЫЗНАЧЫЦЦА З ПРАФЕСІЯЙ

 – Адразу акрэслю: прэтэндаваць на паступленне ў ваенныя вну ці на адпаведныя факультэты могуць выключна грамадзяне нашай краіны.
Што тычыцца агульнай інфар­мацыі пра навучальныя ўста­новы, накірункі прафесіі, уступ­­ныя іспыты, то ўсё гэта можна паглядзець на сайтах Міністэрст­ва абароны, райваенкамата альбо звярнуцца да нас асабіста – раскажам, параім, падкажам.
Дзяўчат прымаюць не на ўсе спецыяльнасці. 


 Звярніце ўвагу! 

 «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць» – гэты выраз пра дні адкрытых дзвярэй. 

Дату, час і месца правядзення прафарыентацыйных дзён размяшчаюць на сайтах навучальных устаноў. На такіх прэзентацыях абітурыентам і іх бацькам расказваюць не толькі пра спецыяльнасці, асаблівасці вучобы, паказваюць матэрыяльна-тэхнічную базу, але і знаёмяць з умовамі быту курсантаў. 

ЗВЯРНУЦЦА Ў ВАЕНКАМАТ

 Менавіта гэтая ўстанова стане адліковай кропкай на шляху да атрымання прафесіі.
– Калі вызначыліся з вну і спецыяльнасцю, ідзіце ў ваенкамат. Тут на кандыдата фарміруюць асабовую справу, неабходную для паступлення. 
Абітурыент напіша заяву, дзе пазначыць абраныя навучальную ўстанову, факультэт і спецыяльнасць. 
Да заявы патрэбна бу­дзе прыкласці аўтабіяграфію, пісь­мовую згоду законных прад­стаўнікоў (калі кандыдат непаўналетні), характарыстыку, даведку аб навучанні, копіі дакумента аб адукацыі, пасведчання аб нараджэнні і чатыры фотаздымкі 4,5x6,0.
Дакументы ваенкамат прымае да 1 красавіка. 


 Звярніце ўвагу! 

 Не адкладвайце на апошнія дні падачу заявы – чым раней вы звернецеся, тым больш часу бу­дзе на вырашэнне момантаў, звязаных з праходжаннем прафадбору. Напрыклад, спатрэбіцца дадатковае медабследаванне вузкага спецыяліста, якога няма ў мясцовай паліклініцы.

 ПРАЙСЦІ ПРАФАДБОР

 – Прафесійны адбор складаецца з некалькіх момантаў: вызначэнне стану здароўя і псіхалагічнага адбору. Праходзіць гэта ў 2 этапы:
папярэдні – па месцы жыхарст­ва абітурыента;
канчатковы – у абласным камісарыяце.
Спярша кандыдата на паступленне накіруюць на медагляд. На падставе паданай у ваенкамат заявы абітурыенту афармляюць карту медыцынскага абследавання, згодна з ім вызначаюць стан здароўя і ступені годнасці маладога чалавека па абранай спецыяльнасці. 
Калі гаварыць пра наш раён, то папярэдні агляд праходзяць у Астравецкай паліклініцы – ён павінен быць завершаны да канца красавіка, каб трапіць на канчатковы (у маі) – у Гродне на абласным зборным пункце.

 Звярніце ўвагу!

Для кожнай ваеннай спе­цыя­ль­насці вызначана пэўная група здароўя. Чым раней даведаецеся ступень сваёй годнасці, тым больш часу застанецца на «падумаць»: магчыма, пера­арыентуецеся на тую ваенную спецыяльнасць, на якую будзеце праходзіць па стане здароўя. 
Псіхалагічны адбор – гэта рашэнне заданняў рознага тыпу. Ён таксама складаецца з 2-х этапаў: папярэдняга (пасля вынікаў медкамісіі, калі кандыдат пры­знаны годным да паступлення) – у райваенкамаце і канчатковага – на абласным зборным пункце.

ПАДАЦЬ ДАКУМЕНТЫ Ў ВНУ

 – Калі кандыдат паспяхова прайшоў прафадбор, наступ­нымі крокамі будуць здача патрэб­ных іспытаў, атрыманне атэстата і падача дакументаў у абраную вну.
З умовамі паступлення абіту­рыент можа азнаёміцца на сайтах навучальнай установы ці Мі­ністэрства абароны альбо звяр­нуў­шыся ў ваенны каміса­рыят – да начальніка групы прызыву на ваенную службу ці вяду­чага спецыяліста групы прызыву.
Патлумачу, што сфарміра­ва­ную ваенкаматам асабовую справу на рукі не выдаюць – яе адпраўляюць непасрэдна ў тую навучальную ўстанову, у якую плануе паступаць абітурыент.
Конкурс для юнакоў і дзяўчат асобны. 
Залічэнне ў ваенную вну і на адпаведныя факультэты грама­дзянскіх навучальных устаноў адбываецца ў пачатку жніўня – і адразу (у жніўні) курсанты ад­праў­ляюцца да месца размяшчэння. Гэта абумоўлена тым, што навучэнцы павінны асвоіць курс пачатковай ваеннай падрыхтоўкі да пачатку вучобы і прыняць прысягу.

 Звярніце ўвагу! 

 Калі абітурыент не праходзіць па конкурсе на адзін факультэт, ён мае магчымасць перападаць дакументы на іншы ваенны факультэт, запоўніўшы на месцах адпаведныя дакументы, – гэта можна зрабіць пры ўмове, што падыходзяць група здароўя і зда­дзеныя ЦЭ і ЦТ. Тое ж тычыцца ў тым ліку і варыянтаў з рознымі навучальнымі ўстановамі.

Тыя абітурыенты, якія не прай­шлі па конкурсе, могуць спрабаваць свае сілы на наступны год, але сабраны пакет дакументаў ужо будзе неактуальным – пісаць заяву і праходзіць прафадбор давядзецца зноў.

ЛІЧБА

4 жыхары раёна сталі курсантамі вну краіны ў 2023 годзе.
2 заявы (на 12.01.2024) на праходжанне праф­адбору для паступлення ў ваенную сферу 
ўжо пададзена ў райваенкамат.


Сябры Мікіта Дудаў і Арцём Садоўскі выпускнікі СШ №2. Хлопцы вызна­чыліся з пра­фесіяй яшчэ ў 10 класе: мараць служыць ва ўнутра­ных войсках

 – Будзем паступаць у Ваенную акадэмію – там ёсць адпаведны факультэт. Мы з бацькамі ўжо і на дзень адкрытых дзвярэй туды з’ездзілі, для сабраных правялі экскурсію па акадэміі, расказалі пра ўсе факультэты, спецыяльнасці, асаблівасці прыёму і залічэння, пазнаёмілі з матэрыяльнай базай. Мы нават мелі магчымасць пагутарыць з курсантамі, – расказвае Арцём. – Калі ўсё складзецца, як задумаў, хацеў бы ў перспектыве трапіць у атрад спецпрызначэння.
– Чым прывабліваюць менавіта ўнутраныя войскі? Спецыфікай службы. Я толькі ў агульным ўяўляю яе, але тое, што бачыў і чуў, у тым ліку падчас экскурсій у вайсковую часць 7434, – падабаецца, – гаворыць Мікіта. – Рыхтуюся па прадметах: для паступлення на абраны факультэт буду здаваць мову, матэматыку і гісторыю Беларусі. Буду спадзявацца, што мае планы стануць рэальнасцю.
Хлопцы разумеюць, што спачатку будзе нялёгка – давядзецца змяніць звыклы распаволены рытм жыцця на армейскі. 
– Але нішто нас не палохае, мы хочам стаць сапраўднымі аба­ронцамі Радзімы. Ды і ўсё гэта будзе потым, пакуль наша галоў­ная мэта – паступіць. Ужо схадзілі ў ваенкамат, напісалі заявы, узялі пералік неабходных для асабовай справы дакументаў, даведаліся пра некаторыя нюансы – словам, маральна гатовы, да іспытаў рыхтуемся, – усміхаюцца маладыя людзі.

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо