Командир войсковой части 7434 Сергей Лойко рассказал о службе и своём надёжном тыле

09:00 / 08.11.2023


Як школьны ўрок вызначыў прафесійны лёс, пра ваенную службу і свой надзейны тыл карэспандэнту “АП” расказаў камандзір вайсковай часці 7434 Сяргей Лойка, чый партрэт сёлета занесены на Дошку гонару Астравецкага раёна.

У ПРАФЕСІЮ ПРЫВЁЎ ВЫПАДАК

У 11 класе я ўжо знаходзіўся на паўкроку да залічэння ў Гомельскі ўніверсітэт спажыўкааперацыі: прайшоў падрыхтоўчыя курсы пры гэтай вну і паспяхова здаў папярэднія экзамены… І вось аднойчы да нас на ўрок дапрызыўнай падрыхтоўкі прыйшоў ваенкам – падпалкоўнік Кузанкін. Ён расказаў дастаткова коратка пра службу ў арміі -- я зразумеў: вось што мне трэба і пачаў рыхтавацца да паступлення ў Ваенную акадэмію.

З профілем і ўстановай вызначыўся, а вось які накірунак абраць – факультэтаў жа там шмат… Узяў буклет у ваенкамаце і выбраў той, дзе ў папярэдні год быў самы высокі конкурс – гэта быў факультэт унутраных войскаў. Вызначыцца то вызначыўся з профілем, аднак да паступлення ў акадэмію не ведаў пра ўнутраныя войскі практычна нічога – першыя ўражанні склаліся пасля курса маладога байца.

Бацькі неадназначна адрэагавалі на такое маё, можна сказаць, імгненнае рашэнне, аднак гэта быў мой выбар – і яны яго прынялі. Таму калі здаваў іспыты па фізічнай культуры, маці, стоячы непадалёк, трымала за мяне кулакі. Ды і ўвогуле падтрымку бацькоў я заўсёды адчуваў – што ў пачатку службы, што цяпер, яны, мабыць, перажываюць за мае справы і радуюцца маім поспехам больш за мяне самаго.

Па першым часе ў акадэміі мне было нялёгка. Так, прымусіла ўзяць волю ў кулак фізпадрыхтоўка. Спортам, па вялікім рахунку, я ў школьныя гады не займаўся (гульні ў футбол-валейбол-баскетбол у дзяцінстве – гэта не тое), таму, калі здаваў нарматывы пры паступленні, выканаў мінімум, ужо адчуў недахоп фізпадрыхтоўкі. А першы восеньскі крос паспяхова прабег… на “двойку”. Я тады толькі змяніўся з нарада, не выспаўся, аднак для курсанта гэта не ўважлівая прычына. Было і сорамна, і крыўдна адначасова. Аднак менавіта гэты момант даў зразумець, што адных акадэмічных заняткаў мала, трэба дадаткова штодзённа працаваць над сабой. Працаваў. І на 2-м курсе ўжо меў стабільнае “выдатна”, а пазней і на разрад здаў. Да слова, актыўна займаюся спортам і цяпер – гэта стала неабходнасцю.



Што тычылася астатніх прадметаў, не даводзілася над імі карпець: усё давалася лёгка. Я і школу скончыў з залатым медалём, і акадэмію – з дыпломам з адзнакай. Добрая вучоба адыграла ролю падчас размеркавання: з высокім рэйтынгам мог выбіраць, таму спыніўся на ваеннай часці, якая была бліжэй да роднага Камянца, – у Брэсце.

ЗМЯНІЎ ШМАТ НАКІРУНКАЎ ДЗЕЙНАСЦІ

– Думаў быць бліжэй да дому, а за тыдзень да выпуску з акадэміі ўсё крута змянілася: мне прапанавалі месца камандзіра ўзвода ў мінскай вайсковай часці 5529. Згадзіўся.

Быў камандзірам роты, калі наша часць перадыслацыравалася і стала падструктурным падраздзяленнем вайсковай часці 5448. Напэўна, гады службы там былі для мяне самымі складанымі, бо ўсё пачынаў з нуля: новае месца, новы будынак, новы калектыў, іншы накірунак службы і трэба наладжваць сістэму работы. Адна справа, калі ты прыходзіш туды, дзе працэс адладжаны, і зусім іншая, калі табе яго запускаць. Давялося ў часці нават пажыць. Словам, сабраў сумку і сказаў жонцы, што вярнуся праз пару месяцаў. (Усміхаецца.) Дарэчы, не я адзін так “пераехаў” – людзі, якія аказаліся побач, вельмі дапамагалі. Было цяжка, але вопыт атрымаў неацэнны. А галоўнае – у нас усё атрымалася.



Змяніў некалькі накірункаў дзейнасці за час службы ў 5448. Спярша ў мяне была рота па ахове аб’ектаў МУС – займаліся аховай адміністрацыйных будынкаў, тады аказвалі садзейнічанне супрацоўнікам ДАІ па суправаджэнні вышэйшых службовых асоб, а пасля займаліся патрульна-паставой службай у адным з раёнаў сталіцы. І кожнаму новаму накірунку папярэднічала складаная работа: у максімальна зжаты тэрмін перафармаціравацца, вывучыць дакументы, прапрацаваць сітуацыі з кожным супрацоўнікам. Паспяхова выконваць такія задачы атрымлівалася дзякуючы людзям, якія са мной працавалі.

Пакуль служыў, завочна скончыў Акадэмію МУС. А тады паступіў на факультэт генштаба Ваеннай акадэміі – гэта ўжо быў стацыянар. Пасля выпуску прапанавалі пасаду ў толькі што створаным у галоўным упраўленні камандуючага ўнутранымі войскамі аддзеле – службова-баявое прымяненне ўнутраных войскаў у асобых умовах. І зноў давялося наладжваць сістэму з нуля, і зноў – у максімальна кароткі тэрмін. Толькі там усё ўвайшло ў сваю каляіну, як зноў прапанова: колькі можна сядзець у Мінску, ці не хацеў бы куды “пракаціцца”? Я: ну канешне! Хаця, куды мяне плануюць накіраваць, не здагадваўся. (Смяецца.) Словам, даў згоду, а праз 2 тыдні даведаўся, што буду служыць у вайсковай часці 7434. Цудоўна: новая часць, унікальны профіль, атамная станцыя яшчэ будуецца, пад ахову не ўсё ўзята… І зноў – новая спецыфіка службы. Так у 2021 годзе я прыехаў у Астравец. Мяне прызначылі первым намеснікам камандзіра-начальнікам штаба, а праз год – на пасаду камандзіра.

За больш чым 20 гадоў у прафесіі гэта ўжо сёмы накірунак дзейнасці ў маёй кар’еры.

КАМАНДЗІР ПАВІНЕН БЫЦЬ ТОНКІМ ПСІХОЛАГАМ

– Ва ўнутраных войсках сістэма службы пабудавана так, што, ідучы па кар’ернай лесвіцы, ты не можаш прапусціць якойсьці прыступкі – так напрацоўваецца вопыт.

Да таго, як заняць сённяшнюю пасаду, служыў камандзірам узвода, камандзірам роты, начальнікам службы, камандзірам батальёна, намеснікам камандзіра часці, таму добра разумею, што павінен рабіць кожны з маіх падначаленых, і магу дакладна вызначыць, у якім падраздзяленні чалавек свае абавязкі будзе выконваць максімальна добра.



Мой службовы графік – далёка не 5 на 2, а ўсе 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень, нават калі я дома – тэлефон мой заўсёды ўключаны. (Усміхаецца.)

Ці здараецца на службе “выключаць рэжым камандзіра”? Скажу так: камандзір – гэта тонкі псіхолаг. Тут трэба вельмі дакладна адчуваць момант. Неабходна ведаць чалавека і ведаць, якую задачу яму паставіць, як гэта зрабіць, у які момант і нават якім тонам сказаць. А яшчэ помніць, што існуюць словы “калі ласка”.

Ад таго, наколькі граматна і тактоўна акрэсліш задачу, залежыць яе эфектыўнае выкананне. Субардынацыя, функцыянальныя абавязкі – гэта ўсё зразумела. Але праз палку высокай якасці не даб’ешся. Ну і важна падабраць пад сябе калектыў – я не пра афіцэраў, якіх размяркоўваюць пасля заканчэння вну, а пра кар’ерны рост падначаленых. Так, назіраеш за работай чалавека, размаўляеш з ім, бачыш, што ён вырас да пэўнага ўзроўню, а калі прапануеш пасаду, ён пачынае вагацца – і разумееш, што не гатовы і будзе памылкай яго прызначаць. А вось шанец таму, у каго не зусім хапае вопыту, ведаў, але ён гарыць, гатовы працаваць над сабой, лічу, трэба даваць абавязка, бо такі чалавек вельмі хутка напрацуе неабходную базу.

ЧАСЦЬ У НАС УНІКАЛЬНАЯ

З гісторыі часці

Дзень часці 7434 адзначае 8 лістапада. У гэты дзень у 1939 годзе ўтворана першае падраздзяленне 132-га асобнага канвойнага батальёна войскаў НКУС, які дыслацыраваўся ў Брэсцкай крэпасці – там 22 чэрвеня 1941 года сустрэлі Вялікую Айчынную вайну байцы батальёна. Тады ён быў рэарганізаваны ў 241-шы полк. У 1960-х гадах стаў 78-м атрадам канвойнай аховы, пазней – вайсковай часцю 7434, якая дыслацыравалася ў Баранавічах. У 2010 годзе яе расфарміравалі, сцяг часці перанеслі ў галоўнае ўпраўленне камандуючага. Пасля прыняцця Прэзідэнтам рашэння аб будаўніцтве АЭС, узнікла неабходнасць утварэння воінскага фарміравання па ахове асоба важнага дзяржаўнага аб’екта. Ім стаў 11-ты батальён – гэта вайсковая часць 7434. У 2016 годзе пунктам часовай дыслакацыі батальёна стаў ваенны гарадок Аколіца, а ў студзені 2017-га адбыўся марш з Аколіцы на Астравеччыну і 15 сакавіка часці ўручаны баявы сцяг.

– Наша часць унікальная. Яна выконвае задачу, якую ў краіне раней ніводнае воінскае фарміраванне не выконвала: ахоўваем атамную электрастанцыю.

Мы вучыліся ў расійскіх калег – вопыт у іх вельмі багаты, аднак не ўсё можна прымяніць да нашых рэалій. Мае папярэднікі Віктар Юр’евіч Жадобін і Вячаслаў Віктаравіч Баракаў зрабілі тытанічную работу, прычым з чыстага ліста. Таму калі я прыйшоў, шлях ужо быў пракладзены і сістэма адладжана. Але гэта не азначала, што мая задача была – толькі сачыць за працэсам, яго трэба ўдасканальваць, бо час не стаіць на месцы, і калі ты спынішся, табе ўжо будзе цяжка дагнаць. Да таго ж з’яўляюцца новыя ўчасткі адказнасці, мяняецца калектыў.

Заўважу, што такой сістэмы аховы, як на БелАЭС, няма больш нідзе – гэта сімбіёз расійска-беларускага варыянта. І гэты накірунак мы ўвесь час удасканальваем, вывучаючы сусветны вопыт.

Наш атрад спецпрызначэння адзіны ў рэспубліцы, які выконвае такую спецыфічную функцыю, як наша. А з 14 кастрычніка ля ахоўваемага часцю аб’екта з’явілася зона з асобым прававым рэжымам – і атрад заступіў на дзяжурства.

Што тычыцца харчавання ваеннаслужачых. Наколькі я ведаю, толькі ў часцях унутраных войск ежу гатуюць вайскоўцы. Калі гаварыць пра 7434, то пельмені, піца, бабка… -- словам, усё, акрамя сушы, робяць нашы повары. І госці, якія да нас прыязджаюць, заўсёды ў захапленні ад нашай смачнай і разнастайнай кухні.



Яшчэ адна адмецінка: ваенна-патрыятычны клуб “Адзінства”. Дзякуючы камандуючаму ўнутраных войск Мікалаю Мікалаевічу Карпянкову гэты накірунак работы з дзецьмі набыў масавы характар. Нашаму клубу больш за год, у ім займаюцца і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Акрамя заняткаў па фізічнай, баявой, агнявой падрыхтоўцы, выхаванцы шмат вандруюць па Беларусі. За гэты непрацяглы час клуб стаў папулярным – у часць тэлефануюць бацькі з просьбай залічыць сыноў-дачок, а тыя ў сваю чаргу ідуць запісвацца праз школу. Да слова, з чатырох нашых выпускнікоў трое выбралі прафесію ваеннага.

МОЙ МОЦНЫ ТЫЛ

– Жонка крочыць са мной па афіцэрскім жыцці ад самага яго пачатку – атрымання лейтэнанцкіх пагонаў.

Мы аднакласнікі, а вось звярнулі ўвагу адзін на аднаго пасля заканчэння школы. (Усміхаецца.) Я паступіў у Ваенную акадэмію, яна – у Акадэмію фізкультуры і спорту. Неяк выпадкова сустрэліся. Пасядзелі. Потым убачыліся зноў. Пачалі спатыкацца на выхадных. А пасля заканчэння вну пажаніліся.

Прыехалі ў Мінск, жылля няма – прытулілі жончыны сябры. Потым знялі аднапакаёвую кватэру. Нарадзілася дзіця – перабраліся ў двухпакаёвую, з’явілася другое – трохпакаёвая спатрэбілася… А тады мяне перавялі ў іншую часць -- дабірацца амаль праз увесь горад. Ізноў пераезд. Пазней далі арэнднае жыллё, а з цягам часу пабудавалі ўласнае. Калі адправіўся на новае месца службы, разумеў, што зрываць за сабой родных не мае сэнсу: самому трэба абуладкавацца, разабрацца з новымі абавязкамі, ім таксама патрэбен час… Сям’я вытрымала без мяне месяц. А тады патэлефанавала жонка, маўляў, знайшла фірму па перавозцы рэчаў – на наступных выхадных будзем пераязджаць. (Усміхаецца.)

Тут трэба аддаць належнае маёй другой палавінцы: ведаю, што прыме любое маё рашэнне, якое тычыцца службы. Яна заўсёды кажа: ведала, за каго выходзіла замуж. За 20 гадоў сумеснага жыцця, жонка ўжо з аднаго позірку можа “адсканіраваць” мой настрой і дакладна вызначыць, як у мяне справы. (Усміхаецца.)



Калі камандзір “пераўвасабляецца” ў сем’яніна? Хацелася б, канешне, каб па дарозе дадому ці хаця б на парозе, але так не заўсёды атрымліваецца. Часта жонка з дзвярэй нагадвае: усё, ты дома, “тумблер” пераключыўся – я, дзеці тут. А ў мяне тым часам думкі яшчэ ў часці, кубак чаю дапіў – і пачаў улівацца ў сямейны рытм. Праўда, калі дзеці падбягаюць, абдымаюць – працэс “пераключэння” адбываецца хутчэй. Доўга раскачвацца няма калі, бо ўсе лягуць спаць, а з роднымі пабыць, пагутарыць хочацца. Ведаю, што ім маёй увагі не хапае.

Па шчырасці, час, які я магу амаль цалкам аддаць сям’і, – гэта адпачынак. Праўда, чым вышэй пасада, тым ён становіцца “карацейшым” – з’яўляюцца службовыя справы, якія патрабуюць маёй прысутнасці. Стараемся праводзіць адпачынак актыўна – у вандроўках па Беларусі. Мясціны выбіраем разам, а вось маршруты пракладваю я. Прыкладна гэта адбываецца так: тата ўносіць прапановы, куды можна з’ездзіць, пытае, колькі дзён адвядзём на вандроўку – і пачынае выстройваць лагістыку: як едзем, дзе жывём… Жонцы застаецца спакаваць чамаданы. Адно толькі: тата ж прывык працаваць па-ваеннаму, таму можа сказаць: “Пачатак маршу ў 8 гадзін – праз дзве выязжаем”. І ўсе пачынаюць бегаць, збірацца... (Усміхаецца.)

Да слова, калі трэба будзе маму падмяніць на кухні, тата гэта зробіць: і пельмені зварыць, і бліноў напячэ. Праўда, у мяне ўжо і памочніца добрая ёсць – дачка-дзевяцікласніца, якая, у выпадку чаго, і тату падменіць. У выхадныя маю абавязак сабаку выгуляць, хоць куплялі яго для дзяцей, але праз месяц яны пра тое забыліся – і клопат стаў нашым з жонкай. (Смяецца.) А вось урокі, падзелкі з дзецьмі, іх выхаванне – гэта ўсё наша мама, мой моцны тыл.

Прадоўжыце фразу:

Я не прывык… На паўшляху паварочваць. Калі нешта робіш, трэба гэта рабіць да канца. Як кажуць, цяжка першыя 20 гадоў, а потым прывыкаеш. (Усміхаецца.)

Раніца камандзіра часці пачынаецца… з будзільніка. Прычым ён будзіць усю сям’ю. І першы ўсхопліваецца сабака, які стараецца куды-небудзь схавацца, каб яшчэ паляжаць. (Усміхаецца.) Калі сур’ёзна, раніца камандзіра часці пачынаецца ў часці. Гадзіна часу да выхаду на службу належыць сям’і, калі мы разам снедаем, штосьці абмяркоўваем. А потым у мяне ёсць паўгадзіны – гэта час у дарозе, калі пракручваю ў галаве дзень: што правесці, з кім спаткацца, якія задачы паставіць, што праверыць…

Часам хочацца ўзяць, і як… Калі нерв узрушваецца, лепш замаўчаць, вытрымаць паўзу, палічыць да 10-ці – і, супакоіўшыся, працягваць работу.



Мары застаюцца марамі, ці… Не люблю слова “мары”, люблю слова “мэта” – вось яе трэба дасягаць і ставіць новую, каб рухацца наперад.

Быць гонарам раёна – гэта… Вынік работы вялікай каманды – ад байца да камандзіра, людзей, адданых сваёй справе і аб’яднаных агульнай мэтай – не падвесці адзін аднаго. А яшчэ – статус, пэўныя абавязкі і штуршок наперад – значыць, рушыш у правільным накірунку. 


Текст: Рита Дремо
Фото: из архива