Схадзілі ў лес… Не за грыбамі, а за смеццем

09:30 / 22.10.2023


Пра «дзяжурства» спецыяльных камер,  барацьбу з парушальнікамі і  месцы, дзе найчасцей з’яўляецца смецце, карэспандэнт «раёнкі» даведаўся ў Астравецкім вопытным лясгасе. 

Па словах інжынера па ахове і абароне лесу Дзмітрыя Тварагаля, за апошнія некалькі гадоў экалагічная свядомасць жыхароў нашага раёна вырасла. Пра гэта сведчыць некалькі фактаў: смецця ў лесе паменшала, ахвочых паўдзельнічаць у штогадовых дабрачынных акцыях Мінлясгаса, такіх як «Ты­дзень лесу», «Чысты лес», пабольшала.




– Лічу, у гэтым накірунку добра спрацавала раённая жыллёва-камунальная гаспадарка, якая заключае дагаворы з насельніцтвам на вываз смецця нават з самых аддаленых вёсак раёна. Наколькі ведаю, цяпер забіраюць і адыходы расліннага паходжання. Мне здаецца, што немалаважным з’яўляецца і так званы чалавечы фактар. Пасля адпачынку на тым жа Янаўскім вадасховішчы людзі, якія плануюць яшчэ сюды прыехаць, абавязкова пасля сябе прыбяруць,  – працягвае думку Дзмітрый Тварагаль. – Заклапочанасць выклікае толькі будаўнічае смецце, якога найбольш знаходзім на ўзлесках. Бабуля з аддаленага ад райцэнтра населенага пункта наўрад ці будзе з Астраўца заказваць машыну і плаціць звыш ста, а то і больш, рублёў. Ёй прасцей папрасіць суседа, які на мотаблоку вывезе рэшкі шыферу куды-небудзь непадалёк… А так быць не павінна.  



Выяўляць аматараў вывезці ў лес смецце лясной ахове дапамагаюць камеры. 18 фотапастак пастаянна мяняюць «месца прапіскі». 

– Іх устанаўліваем там, дзе найбольш часта з’яўляецца смецце. Як паказвае практыка, парушальнік заўсёды вяртаецца на «месца злачынства», – працягвае спецыяліст. – Згодна з часткай 1 артыкула 16.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях мы маем права даць грамадзяніну пісьмовае папярэджанне. Але часцей за ўсё абыходзімся вуснай заўвагай, калі чалавек абяцае выправіцца. 

У Астраўцы, напрыклад, найчасцей смецце «вырастае» ў лясным масіве 2-га мікрараёна непадалёк ад магазіна «Санта». Туды і накіроўваемся з інжынерам па ахове і абароне лесу. 



Памятаю, калі некалькі гадоў назад пісала пра гарадскіх школьнікаў, якія, не чакаючы акцыі, выйшлі на ўборку лесу ў новых мікрараёнах, была ўражана колькасцю бутэлек, пластмасавага посуду. Тады гэтай «непатрэбшчынай» дзеці з настаўнікамі за некалькі гадзін напоўнілі прычэп трактара.

…Прайшліся па лясных сцяжынках. Толькі дзе-нідзе бачны паперкі ад цукерак ці пластыкавыя бутэлькі з-пад ліманаду – на першы погляд, сітуацыя некрытычная.

– Часцей за ўсё тут людзі скарачаюць дарогу дадому і банальна не даносяць да сметніцы тую ж упакоўку ад чыпсаў ці банку ад «Колы», – заўважае Дзмітрый. – Хочацца дастукацца да землякоў. Зразумейце, лес вось так і забруджваецца: хтосьці адзін кінуў паперку, за ім – другі, трэці… І не паспееш азірнуцца, як вырасце звалка. 



Текст:
Фото: Алёна Ганулич