Старшакласнікі прыбралі лес

08:16 / 09.10.2018
3

З кожным днём Астравец расце і прыгажэе. Растуць вакол нашага горада і зоны адпачынку, а каля іх – “красуюцца” сюрпрызы…. Дастаткова збочыць з гарадскіх вуліц у лес – і між дрэў здалёк то тут, то там блішчаць рознакаляровыя плямы смецця, якое, нягледзячы на намаганні лесаводаў, “вырастае”, як грыбы – прычым, у адрозненне, ад баравіков і падасінавікаў, нават дажджу не патрабуе.

IMG_0431.jpg

Старшакласнікі СШ №1 г.Астраўца вырашылі не чакаць аб’яўлення чарговай акцыі – і разам з настаўнікамі выйшлі на ўборку лесу ў першым мікрараёне.

Сяброўства школьнікаў з Астравецкім лясніцтвам доўжыцца не адзін год.

– У нас дзейнічае школьнае лясніцтва “Бярозка”, – расказвае класны кіраўнік 11 “Б” класа СШ №1 г.Астраўца Ганна Зянонаўна Дзятловіч. – Мы кожны год дапамагаем лесаводам садзіць лес, прыбіраць яго ад смецця, удзельнічаем у традыцыйных акцыях “Тыдзень лесу”, “Чысты лес”. Сёння на ўборку лесу выйшлі пасля ўрокаў. Радуе, што дзеці з задавальненнем падтрымалі гэтую ініцыятыву і дружна прыбіраюць лес.

IMG_0412.jpg

Ганна Зянонаўна, як сапраўдны ас выратавальных лясных аперацый, каардынуе работу школьнікаў. Разбіўшыся на дзве групы, яны рушылі ў розныя бакі. Пакеты літаральна на вачах запаўняліся смеццем.

– Калі ўбачыў, колькі смецця ў лесе – стала прыкра і сорамна за дарослых, – падымаючы чарговую бутэльку, гаворыць Мікіта Старадубцаў. – Хтосьці можа сказаць: навошта прыбіраць, калі пасля выхадных будзе такая ж карціна… Але ж некаму трэба гэта рабіць! І мы дапамагаем лесаводам.

IMG_0408.jpg

IMG_0404.jpg

За некалькі гадзін трактарны прычэп да верху запоўніўся бутэлькамі, паперкамі, аднаразовым посудам – а лес на нейкі час вызваліўся з абдымкаў смецця, якія літаральна душаць яго.

Дарослыя смецяць – дзеці прыбіраюць... Колькі гэта будзе працягвацца?... Пытанне пакуль што рытарычнае.

IMG_0420.jpg

IMG_0421.jpg

IMG_0417.jpg

IMG_0400.jpg

IMG_0395.jpg


Текст:
Фото: Алена Гануліч