Старшеклассники Островетчины демонстрировали единство и непобедимость

16:30 / 09.10.2023


Крэатыўна дэманстравалі камандны дух, гулялі ў віктарыну, малявалі і прэзентавалі плакаты… У Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшоў конкурс раённых грамадскіх аб’яднанняў БРПА і БРСМ “Калі мы разам – мы непераможныя”.

Адзінства і непераможнасць дэманстравала 5 каманд: “Ніка” з СШ №1, “Васілінкі” з СШ №2, “Сябры” з Варнянскай СШ, “Непераможныя” з Гервяцкай СШ і “Незабудкі” з Рымдзюнскай СШ.

У першым конкурсе хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі прэзентавалі каманду, але расказалі і паказалі, у чым сутнасць і ўзаемасувязь сяброўства, адзінства і патрыятызму. Яны пастараліся зрабіць гэта як мага цікавей і крэатыўней, разбавіўшы нумары песнямі і танцамі. А “Васілінкі” і “Сябры” вылучаліся тым, што выступалі на беларускай мове. Дарэчы, менавіта гэтыя каманды былі мацнейшымі ў першым заданні.

Пасля творчых нумароў надышла чарга інтэлектуальнай гульні. Каманды адказвалі на пытанні пра беларускія славутасці і традыцыі, а таксама працягвалі вядомыя выразы. З гэтым заданнем амаль усе справіліся на “выдатна”.

У апошнім конкурсе ўдзельнікам зноў спатрэбіліся фантазія, кемлівасць і творчасць – яны малявалі плакат на тэму “Мы – будучыня краіны”, а пасля абаранялі сваю работу. У кагосьці гэта атрымалася больш сціпла, а ў некага, напрыклад, гервятцаў – эмацыйна і захапляльна. Усе каманды парадавалі яркімі і змястоўнымі плакатамі.

У выніку пераможцамі конкурсу сталі “Васілінкі”, 2-е месца занялі “Сябры”, а 3-е – “Непераможныя”. Яны атрымалі падарункі ад райкама ГА БРСМ.






 


Текст:
Фото: Марина Мацкевич