Казимир Перко после немецкого плена стал партизанским связным

10:45 / 02.10.2023



СЦІПІНСКІ СУВЯЗНЫ

У Тамаша і Магдалены Перкаў Казімір быў другім, малодшым, сынам – і адзіным, якога забралі на вайну.

-- Нарадзіўся свёкар у 1919 годзе, 18 студзеня, непадалёк Рытані ў вёсцы Сцепены (сённяшнія Сціпіны. – Заўв. аўт.), – расказвае нявестка ветэрана Ганна Перка. – Бацькі яго былі простымі сялянамі. Да слова, татка ж наш “перахрышчаны”. Па бацьку ён Тамашавіч – так і ў метрыцы запісана, і ў пасведчанні ветэрана працы, і ў пашпарце, а ў вайсковых дакументах, у тым ліку і пазнейшых узнагародных да юбілейных медалёў, – Фаміч альбо Фомавіч.

Чаму памылка ў імені па бацьку выйшла, ветэран не ведаў, ды і не лічыў тую акалічнасць важнай. Галоўным для яго было тое, што ён зрабіў свой унёсак у Вялікую Перамогу.

З агню ды ў полымя трапіў Казімір Перка ў самым пачатку Вялікай Айчыннай.

– Яго прызвалі на службу ў Чырвоную армію да вайны, і калі яна пачалася, свёкра, разам з іншымі салдатамі, адправілі на фронт, – тлумачыць Ганна. – Але ваяваць давялося нядоўга: падчас аднаго з баёў Тамашавіч трапіў у палон, з якога яму пашанцавала ўцячы. Маці (свякроў. -- Заўв. аўт.) расказвала, што прыйшоў ён у вёску страшны, знямоглы, змучаны… Сам бацька часам у згадваў, як іх прытулілі людзі, як, хаваючыся, дабіраліся дамоў.

Вярнуўшыся на радзіму, Казімір Перка стаў партызанскім сувязным.

З ліста ў Астравецкі райваенкамат старшыні Падольскага сельсавета Анастасіі Сцяпанаўны Плехаць, муж якой ваяваў у партызанскім атрадзе:

“ <…>. По его [Плехотя Мечислава Михайловича] рассказам были связные, которые содействовали партизанам. Он всё время рассказывал о г-не Перко Казимире Томашевиче, в настоящее время проживает в д. Стипинах Кемелишковского с/совета, что он активно помогал в разведке и нахождении немецких оккупантов, обеспечивал партизан продуктами питания. Это было с конца 1942 по 1944 годы.”

Ажаніўся Казімір Тамашавіч пасля вайны на дзяўчыне з суседніх Чэхаў.

– Яны ведалі адзін аднаго з маленства. Свякроў, Зофія звалася, надта працавітая была, на ўборцы лёну, на апрацоўцы дзялак яна першая ўсюды была – гэта яму вельмі падабалася, бо таксама працы ніколі не баяўся, – усміхаецца жанчына. – У іх нарадзілася двое сыноў. Непадалёк бацькоўскага свёкры пабудавалі свой дом – і ўсё самі, на сваіх плячах!

– Рабіў трактарыстам на машынна-трактарнай станцыі – спярша на “ДТоўцы”, гусенічным, а пасля на пагрузчык перайшоў – ніхто, акрамя яго, у калгасе на ім не ўмеў. Прыязджаў дадому позна, асабліва як пасяўная ці ўборка, – таму гаспадарку на сабе большасцю цягнула свякроў. Ён паважаны быў работнік – на святах заўсёды ўшаноўвалі за плённую працу, – працягвае Ганна. – Свёкра вабіла тэхніка – добра разбіраўся ў ёй, і асаблівая слабасць была да матацыклаў, некалькі іх меў! І сыноў, і ўнукаў да тэхнікі туліў. Маіх дзяцей ён шмат якой мужчынскай працы навучыў, яны за дзедам млелі.



Пайшоў з жыцця Казімір Тамашавіч у 1998 годзе.

– Бог адмерыў амаль 80 гадоў. Здароўе свёкру вайна, канешне, падарвала моцна: язва страўніка нагадвала аб сабе. Доўга пасля маці яго лячыла – гарбату усё з травы дубраўкі заварвала; па санаторыях часта ездзіў, – гаворыць нявестка ветэрана. – А памёр не ад хваробы: надта ж ён коней любіў. Яму нават былі дазволіўшы калгаснага каня дома трымаць. Як жа ён яго даглядаў! І вось аднойчы вырашыў праехаць вярхом – зваліўся, зламаў рабрыны і як злёг, так і сышоў на той свет…

Дзень Перамогі для Казіміра Перкі быў асаблівым святам.

– Убіраўся, медалі начышчаў. І штораз са свякроўю сварыўся з-за адзення: хоць і меў касцюм, у гэты дзень апранаў менавіта сваю пасляваенную тужурку, – смеючыся, прыгадвае Ганна. – Ветэранаў па вёсках на аўтобусе збіралі і везлі ў клуб на канцэрт, там і застолле для іх рабілі. 9 Мая для нашай сям’і заўсёды быў святочным днём – на гэты час ніякіх работ не планавалі. І сёння яно такім застаецца: мужавы бацька ветэран і мой дзед з Копыльшчыны (Павел Тарасавіч Пятроўскі) ветэран – як жа не ўзгадаць нашых абаронцаў, як не завезці кветкі на магілу!



Текст: