Паглядзелі, як праходзіць пасяўная ў КСУП «Гудагай»

15:05 / 25.03.2023

Вясна сёлета выдалася ранняя. Нават на Астравеччыне – у самым паўночным раёне Гродзеншчыны – тэхніка ўжо выйшла ў поле.


— Пасяўная толькі пачалася. Збожжавыя сеюць тры гаспадаркі, у бліжэйшыя дні да іх далучацца астатнія. Наперадзе шмат работы, ёй папярэднічала вялікая падрыхтоўка: назапашванне насення, унясенне падкормак і ўгнаенняў, падрыхтоўка тэхнікі, – расказвае па дарозе на адно з гудагайскіх палёў першы намеснік старшыні райвыканкама Іван Карніла.


Каля вёскі Філіпаны ва ўсю шчыруюць гудагайскія земляробы – тут сеюць пшаніцу.

— У полі ўжо чацвёрты дзень, – расказвае механізатар КСУП “Гудагай” Пётр Сяргей Працую з самай раніцы.

Трактар сейбіта яшчэ паблісквае свежай фарбай.

— Тэхніка 2017 года, працую на ёй з мінулага сезона гаворыць мужчына. – А ў цэлым у калгасе ўжо амаль 35 гадоў.

Пасяўная, нарыхтоўка сенажу, узворванне глебы і зноў пасяўная…

— У сельскай гаспадарцы ўсё ідзе па крузе – і мы да гэтага звыклыя, – усміхаецца Пётр і зноў садзіцца ў свой трактар.


Побач з механізатарам на пасяўной шчыруе вадзіцель МАЗа Артур Высоцкі – ён падвозіць насенне.

— Падчас вучобы ў аграрна-тэхнічным каледжы ў КСУП “Гудагай” быў на практыцы. Сюды ж і працаваць прыйшоў, – расказвае мужчына. – Пачынаў на комплексе ў Германішках, потым перасеў на МАЗ – 12 гадоў ужо на ім працую.

За гэты час Артур не раз быў адзначаны ўзнагародамі ў маладзёжным спаборніцтве па выніках уборкі. Спадзяецца “гудагаец”, што і сёлетні год будзе для іх прадпрыемства паспяховым.

— Насенне ёсць, тэхніка працуе спраўна – пасяўную правядзём, як і належыць. А там галоўнае, каб надвор’е не падвяло! – усміхаецца мужчына.


Работы вясной у сельскай гаспадарцы хапае – толькі паспявай. І дзякуючы такім адданым людзям, як Пётр і Артур, у нас і ёсць хлеб на стале!


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.


Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

Текст: Главный администратор