Охраняют БелАЭС бойцы войсковой части 7434
Унутраныя войскі нашай краіны сёлета адзначаюць асаблівую дату – 18 сакавіка споўніцца 105 гадоў з дня іх заснавання. Непасрэднае дачыненне да гэтага свята мае вайсковая часць 7434 – адзіная, якой даручана ахова надзвычай важных дзяржаўных аб’ектаў і спецыяльных грузаў.
Пра ўнікальнае фарміраванне, байцоў і іх службу ў розных падраздзяленнях – у гэтым матэрыяле.
«Гісторыя ўнутраных войскаў Беларусі вядзе адлік з 1918 года – тады ў Віцебску стварылі канвойную каманду з ліку добраахвотнікаў. А вось летапіс нашай часці пачынаецца з 1939 года, калі быў сфарміраваны 132-гі асобны батальён НКУС, асноўная частка якога дыслацыравалася ў Брэсцкай крэпасці. Шэсць гадоў таму вайскоўцы часці 7434 прыбылі на месца пастаяннай дыслакацыі ў в. Міхалішкі, а ў 2020-м заступілі ў першы каравул па ахове атамнай электрастанцыі.
-У нас на ўзбраенні навейшыя ўзоры спецыяльнай тэхнікі і зброі, маецца неабходная вучэбна-матэрыяльная база для баявой падрыхтоўкі, нашы ваеннаслужачыя падрыхтаваны да выканання пастаўленых задач, таму з упэўненасцю зазначу, што галоўны стратэгічны аб’ект нашай дзяржавы – Беларуская АЭС – пад надзейнай аховай».
Сяргей Лойка, камандзір часці.
Ураджэнец Ашмяншчыны Яўген Альшук дзяжурны кантрольна-прапускнога пункта ў 2-й роце аховы.
Малады чалавек ва ўнутраных войсках шосты год: адслужыўшы тэрміновую, ён застаўся на кантракт.
– Перад тым як заступіць на месца баявога дзяжурства, байцы, незалежна ад падраздзялення, павінны прайсці медагляд і інструктаж, атрымаць спецсродкі – кожны па сваім накірунку, прыняць пост у папярэдняй змены і толькі тады заняць акрэсленыя пазіцыі, – тлумачыць Яўген. – Я, да прыкладу, забяспечваю прапускны рэжым на аб’ект: займаюся аглядам транспарту, які ўязджае на тэрыторыю і пакідае яе.
– Разам са мной нясуць варту і салдаты тэрміновай службы, – працягвае баец. – Дзесьці 3 месяцы пасля прызыву працягваецца перыяд навучання маладога папаўнення. Пасля КМБ ідзе размеркаванне салдат па ротах, а там падчас нясення варты вучым-падказваем хлопцам – і праз пэўны час яны ўжо выходзяць на самастойныя дзяжурствы.
Астраўчанін Максім Станчыц стажыруецца ў роце аховы.
У маі 2022-га хлопца прызвалі на тэрміновую, а нядаўна ён перайшоў на кантракт. Пакуль Максім стажор.
– Калі пацікавіліся ў ваенкамаце, у якой часці хачу служыць, назваў 7434 – да гэтага працаваў у Дэпартаменце аховы, таму структура МУС мне была бліжэй, – дзеліцца вайсковец. – На перыяд стажыроўкі я замацаваны за камандзірам узвода. Усё, чаму вучаць, даецца лёгка, да таго ж ведаў пра тыя абавязкі, якія давядзецца выконваць, – думаю, што ўсё ў мяне атрымаецца. А пакуль назіраю за тым, як выконваюць свае баявыя задачы мае саслужыўцы, і набіраюся вопыту.
Арцём Малаховіч з Падольцаў служыць ва ўзводзе спецыялістаў-кінолагаў.
– Мяне прызвалі ў 7434 на тэрміновую, а праз восем месяцаў я перайшоў на кантракт, – расказвае хлопец. – Спярша служыў у 1-й роце аховы, праз год перавёўся ў кінолагі.
Для гэтага Арцём прайшоў 4-месячныя курсы ў вучэбным кіналагічным цэнтры ўнутраных войскаў у Магілёве.
– На заняткі, дарэчы, ехаў не адзін, а ў пары з сабакам, – усміхаецца Арцём. – Звычайна жывёлы, з якімі едзеш на вучобу, будуць потым з табой і служыць. Са мной так не адбылося – па вяртанні з цэнтра далі другога сабаку. Спачатку мой падапечны дазваляў сабе «свавольствы»: агрэсіі не праяўляў, а вось каманды выконваў, калі хацеў, але мы з ім хутка пасябравалі.
Нясуць разам з кінолагамі баявую варту лабрадоры, нямецкія і бельгійскія аўчаркі. І хоць у часці для кожнага сабакі маецца асобны вальер, вайскоўцам дазваляюць забіраць «саслужыўцаў» дамоў.
– На тэрыторыі часці абсталяваны кіналагічны гарадок, дзе мы займаемся з нашымі падапечнымі, каб яны не згубілі навыкі, галоўны з якіх – агляд транспарту, – тлумачыць малады чалавек.
– Калі, вадзіцель, да прыкладу заступае на баявое дзяжурства пасля агляду тэхнікі, то кінолаг – пасля прыёмкі вальера, – зазначае Арцём. – Да слова, з сабакамі выходзім на развод і адтуль адразу выпраўляемся да месца прызначэння.
Павел Свідэрскі з Глыбокага служыць у роце баявога і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння намеснікам камандзіра аўтамабільнага ўзвода.
– Тэрміновую службу я праходзіў ва ўнутраных войсках і, звольніўшыся ў запас у 2012 годзе, вырашыў звязаць лёс з арміяй, – расказвае пра сябе Павел. – Служыў на радзіме, а шэсць гадоў таму прапанавалі перавесціся ў Астравецкі раён.
– Мы перавозім асабовы састаў, які заступае на баявыя дзяжурствы, – працягвае мужчына. – Вадзіцелямі ў нас служаць як салдаты кантрактнай, так і тэрміновай службы, якія да прызыву ў армію атрымалі вадзіцельскія пасведчанні. За кожным замацавана вызначаная машына.
Да слова, пра хлопцаў-тэрміноўшчыкаў. Пасля КМБ для іх арганізоўваюць двухтыднёвыя вучэбна-метадычныя зборы: вайскоўцы паўтараюць Правілы дарожнага руху, вучацца кіраваць транспартам, вывучаюць характарыстыкі рознай тэхнікі, праходзяць стажыроўкі ў каравуле. І ў завяршэнні здаюць экзамен, які называецца маршам: садзяцца на машыны і ўрачыста праязджаюць калонай.
Ашмянец Аляксандр Ашкяловіч баец-вадзіцель 3-й роты спецыяльнага прызначэння.
Аддаўшы грамадзянскі абавязак Радзіме, малады чалавек вырашыў застацца ў часці.
– Яшчэ падчас тэрміновай службы камандаванне накіравала ў Печы вучыцца на вадзіцеля баявых машын. Калі ўпершыню сеў на БТР, зразумеў, ездзіць на ім нескладана – хоць і габарыты немаленькія, і агляд не вельмі, і шумнавата. Затое як добра такія ідуць па бездарожжы! – усміхаецца Аляксандр. – А вось «Ліс», хоць і вагою 8 тон, вельмі просты ў кіраванні, сказаў бы, як легкавы аўтамабіль.
Да байцоў гэтага падраздзялення прад’яўляюць самыя высокія патрабаванні, таму што гэта своеасаблівая мабільная група павінна быць гатовай да выканання розных задач.
– Добра ведаць даручаную тэхніку, сачыць за яе станам, умець прафесійна ёй кіраваць – гэта толькі тое, што тычыцца вадзіцельскай справы, – удакладняе малады чалавек. – А яшчэ фізпадрыхтоўка, агнявая і гэтак далей – словам, незалежна ад таго, якую пасаду ты займаеш, павінен быць, як кажуць, у поўнай баявой.
Фота з архіва в/ч 7434.