Музыка іх звязала
14:00 / 08.03.2023
Зерне цікавасці ўпала – і прарасло ў задуму расказаць да 8 Сакавіка пра жаночую дружбу ўвогуле, Вольгі і Алены – у прыватнасці.
…Іх пазнаёміла і падружыла музыка: абедзве займаліся ў музычнай школе па класе цымбалаў у аднаго выкладчыка, на заняткі прыходзілі адна за другой, да таго ж агульныя ўрокі сальфеджыа, сумесныя мерапрыемствы – дзяўчынкі, хоць і жылі ў розных раёнах Смаргоні і вучыліся ў розных школах, пастаянна перасякаліся.
– Не магу сказаць, што Оля з дзяцінства стала маёй лепшай сяброўкай, – расказвае Алена Аляксандраўна. – У мяне была свая кампанія, у яе – свая. Тым не менш, мы заўсёды ішлі па жыцці нават не паралельна – побач.
Пасля школы абедзве паступілі ў Лідскі музычны каледж, Алена – на год раней. Вучыліся быццам бы і разам – але ў розных групах, у розных выкладчыкаў. У інтэрнаце жылі ў розных пакоях і на розных паверхах. Жыццё быццам выпрабоўвала іх узаемнае прыцягненне…
Пасля каледжа Вольгу размеркавалі ў Смаргонь, Алену – у Астравец. Але ў нашым горадзе працавала аднакурсніца Олі, яна часам прыязджала да яе ў госці – і не абмінала выпадку забегчы на чай да Лены. А потым яна сустрэла ў Астраўцы сваё каханне – сяброўка была запрошана на вяселле. Прыкладна адначасова нарадзіліся іх дзеці. Словам, у іх заўсёды было пра што пагаварыць і аб чым памаўчаць.
– Оля вельмі харызматычная, эмацыянальная, – захоплена расказвае пра сяброўку Алена Аляксандраўна. – Ёсць такое выказванне: яго любіць камера. Дык вось, Олю любіць сцэна! І гэтая любоў узаемная. Яна там як рыба ў вадзе! Умее не толькі цудоўна выканаць любы твор, але і прыдумаць, зрэжысіраваць, паставіць нумар. А як яна любіць свой інструмент! Мы ўсе, вядома, адданы цымбалам – без гэтага хто б столькі гадоў іграў на ім і вучыў музыцы дзяцей. Але ў Олі любоў асаблівая – бязмежная! Яна абагаўляе цымбалы! А які яна выкладчык! Вы б ведалі, колькі ў яе і яе вучняў перамог у розных конкурсах, прэмій, узнагарод! Памятаеце Насцю Ванееву, якая на шоу Максіма Галкіна «Лучше всех» не толькі прадэманстравала на ўвесь свет, як гучаць беларускія цымбалы, але і навучыла зорку, як правільна называецца наша краіна? Гэта Оліна вучаніца! Я ганаруся, што ў мяне такая сяброўка!
– Лена сапраўдны адданы сябар, – гэта ўжо Вольга Анатольеўна гаворыць пра блізкага чалавека. – Ёй можна расказаць пра ўсё на свеце, душу адкрыць – і ведаць, што ніколі нікому не перадасць вашу размову. Яна вельмі пазітыўная: пагаворыш з ёй – зарад добрага настрою атрымаеш. А яшчэ Лена валодае асаблівай рысай характару: яна абсалютна пазбаўлена пачуцця зайздрасці. Часта ж здараецца, што горам з сябрам можна падзяліцца – і ён дапаможа, а калі ў цябе радасць, поспех – засвецяцца ў вачах зайздрослівыя агеньчыкі. Лена не такая! Яна за мяне і за маіх вучняў радуецца, мо, больш, чым за сваіх!
Алена Аляксандраўна гаворыць, што ў іх сяброўскім тандэме роля вядучага належыць Вользе – і за радасцю прымае ролю вядомай. Прызнаецца, што ідэя іх творчага дуэта таксама належыць сяброўцы – але яна ўспрыняла яе з захапленнем! Цяпер Капылова і Грагоўская кожную суботу пасля заняткаў збіраюцца разам у Смаргоні ці ў Астраўцы і заўзята рэпеціруюць, развучваюць новыя кампазіцыі і творы.
Хочацца спадзявацца, што хутка іх набярэцца на цэлы сумесны канцэрт – і мы зможам захапляцца таленавітым прыгожым харызматычным дуэтам сябровак-цымбалістак.