Падчас акцыі “Наш жывёлавод” узнагародзілі 15 работнікаў КСУП “Гудагай”

10:00 / 20.02.2023

Гэта гаспадарка – флагман раённай малочнай вытворчасці, тут найбольш малочна-таварных ферм і комплексаў, за студзень бягучага года 92% “гудагайскага” малака трапіла да перапрацоўшчыкаў гатункам экстра... Поспехі і высокія вытворчыя паказчыкі КСУП “Гудагай” – вынік зладжанай работы ўсёй каманды прадпрыемства і кожнага працаўніка паасобку.

Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрыем Адулам і прафсаюзным лідарам пярвічнай арганізацыі КСУП “Гудагай” Ганнай Налівайкай нам спатрэбілася два дні, каб наведаць гудагайскія жывёлагадоўчыя аб’екты і адзначыць Падзякамі і падарункамі работу лепшых даярак, даглядчыкаў, механізатараў і цялятніц. Мы даведаліся пра надоі і тых, хто за імі стаіць, убачылі ўмовы, у якіх працуюць людзі і ўтрымліваецца жывёла, пагутарылі з працаўнікамі – пра работу і не толькі.

Пагалоўе па гаспадарцы дасягае 10 399 асобін, у тым ліку 3 тысячы кароў. Валавы надой за мінулы год – 8 408 кілаграмаў.


КОМПЛЕКСЫ

“Смілгі”

Пагалоўе – 1 486 асобін, у тым ліку 646 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 9 717 кілаграмаў.

Самы малады, самы сучасны, самы перадавы – усе гэтыя эпітэты пра малочна-таварны комплекс “Смілгі”, які літаральна за два гады “вырас” праз дарогу ад аднайменнай фермы. А яшчэ гэта адзіная ў раёне і трэцяя ў рэспубліцы малочная “фабрыка”, дзе ёсць унікальная даільная ўстаноўка “Апола”. У гэтым устройстве аб’яднаны тэхналогія аўтаматычнай апрацоўкі вымені напрыканцы дойкі прама ў даільным стакане, прамыўка і дэзінфекцыя апарата пасля зняцця.

На адным з будынкаў вісіць вялікі банар са словамі “Усё залежыць ад нас. Будзем лепш працаваць – будзем лепш жыць”, якія, думаецца, сталі працоўным дэвізам “смілгоўцаў”.

За камплектаванне дойнага статка высокапрадуктыўнымі рагулямі, “пашпартызацыю” ўсіх жывёл адказвае заатэхнік-селекцыянер Аксана Высоцкая. Жанчына родам з Газы. З маленства яна з братам прападала на мясцовай ферме. А інакш быць і не магло: маці працавала даяркай, бацька – ветэрынарным урачом. У старэйшых класах дзяўчына вырашыла, што звязацьжа сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Вучоба ў Ільянскім аграрным каледжы, практыка ў СВК “Варняны”, дзе давялося лячыць свіней, кароў, быкоў, далі Аксане важкі багаж тэарэтычных і практычных ведаў. Да “Смілгоў” яна ўзначальвала МТК “Ліпнішкі”. Дарэчы, і муж жанчыны працуе ў КСУП “Гудагай”: Артур неаднаразова станавіўся першым “тысячнікам” сярод маладых вадзіцеляў. А пазалетасць Высоцкія занялі 2 месца ў абласным этапе сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.


Аксана Высоцкая і Алег Бразевіч (МТК “Смілгі”) 


Аператар машыннага даення Яніна Мядэйша ў сельскай гаспадарцы звыш 35-ці гадоў. У старэйшых класах яна атрымала пасведчанне трактарыста. А пасля школы пайшла працаваць шафёрам у калгас “Чырвоны Кастрычнік”.

– Тэхніку любіла з маленства. З бацькам і сенавала, і арала, і на ферме дапамагала – ён быў жывёлаводам. – Маці была загадчыкам “Ліпнішак”. Цётка Яніна Казюлевіч у свой час лічылася перадавой даяркай, – узгадвае жанчына. – Пасля замужжа я перайшла ў цялятніцы, пазней – у даяркі. Калі ў Смілгах пабудавалі комплекс, нас з дзяўчатамі перавялі сюды. “Ліпнішкі” засталіся, праўда, цяпер гэта не малочна-таварная, а ферма па адкорме і дарошчванні жывёлы.

У 2020 годзе Яніна Мечыславаўна перамагла ў раённым сельскагаспадарчым спаборніцтве сярод даярак малочна-таварных ферм – ад каровы жанчына надаіла звыш 6 500 кілаграмаў малака.

З першых дзён на комплексе працуе Алег Бразевіч. Па спецыяльнасці мужчына трактарыст-машыніст, але догляд за жывёлай яму больш па душы. З напарнікам Віктарам Мацкелем яны даглядаюць кароў: падсуваюць кармы, мыюць паілкі, выдаляюць гной.

Яніна Мядэйша (МТК “Смілгі”)

“Германішкі”

Пагалоўе – 1 722 асобіны, у тым ліку 685 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 10 405 кілаграмаў.

Гэты комплекс стабільна ўваходзіць у тройку лепшых на Гродзеншчыне. А яго аператар машыннага даення Ірына Свіла некалькі гадоў назад стала трэцяй у вобласці ў конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіў абкам прафсаюза работнікаў АПК.

Сярод іншых “братоў” “Германішкі” вылучаюць амаль што хатняя атмасфера і ўтульнасць. Самаробны камін, квітнеючае дрэва і іншыя дробязі – усё зроблена рукамі працаўнікоў.

Больш за 35 гадоў у сельскай гаспадарцы памочнік начальніка комплексу Яніна Рзун. Працоўную дзейнасць пачынала лабарантам у калгасе “Шлях Леніна”. Тагачасны старшыня Мечыслаў Валуевіч заўважыў яе стараннасць і прапанаваў паспрабаваць сябе ў ролі памочніка загадчыка фермы. Спачатку было складана, але паступова яна ўцягнулася – ды так, што за гэты час да дробязей ведае ўсе нюансы жывёлагадоўлі і малочнай вытворчасці. На форуме сельскіх жанчын, які ўпершыню летась прайшоў у сталіцы, Астравеччыну прадстаўлялі тры працаўніцы МТК “Германішкі”, у тым ліку і Яніна Баляславаўна.

Больш за паўтары тысячы галоў штодзень корміць Дзяніс Сідарэнка. Стаж работы мужчыны ў сельскай гаспадарцы больш за 15 гадоў. Сучасны камп’ютарызаваны кормараздатчык “Сіла-кінг” нямецкай вытворчасці трактарыст атрымаў 5 гадоў назад. Гэты разумны агрэгат сам набірае патрэбную колькасць сенажу, сіласу і іншых кампанентаў, якія потым змешвае. Дарэчы, у розных рагуль – рознае меню. Рацыён фарміруецца ў залежнасці ад прадуктыўнасці жывёлы.

Аператар машыннага даення Ганна Гурштын працуе на раздоі. Каб прывучыць навацельную карову да дойкі, трэба папацець. У першыя дні пасля ацёлу жывёла дае густое і карыснае малако – малозіва, якім выпойваюць цялят. Акрамя гэтага, даярка клапоціцца пра нецеляў і прымае ацёлы. Цяпер Ганна Станіславаўна і яе напарніцы дояць 32 першацёлкі і асобна 28 хворых на мастыт кароў.

Дзяніс Сідарэнка, Ганна Гурштын, Яніна Рзун (МТК “Германішкі”)


 

“Кярняны”

Пагалоўе – 578 асобін, у тым ліку 219 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 3 747 кілаграмаў.

Гэты варнянскі комплекс крыху больш за год назад арандаваў КСУП “Гудагай”. За такі невялікі прамежак часу тут адбылася рэканструкцыя даільнай залы і іншых жывёлагадоўчых памяшканняў, перакрыты дах у некаторых кароўніках, зацэментаваны праходы, пабудаваны спецыяльны навес для цялят. Але “гудагайцы” на гэтым не спыніліся – у “Кярнянах” кіпіць будоўля: запланавана ўзвядзенне некалькіх новых кароўнікаў, даільнай залы і іншых аб’ектаў. Праз некалькі гадоў, па меркаванні дасведчаных у жывёлагадоўлі людзей, гэты комплекс не будзе саступаць сучаснаму МТК “Смілгі”.

Начальнік МТК “Кярняны” Тарэса Млынкоўская тут з 2021 года, хоць у раённай жывёлагадоўлі не навічок. Па словах жанчыны, працаваць цяпер адно задавальненне: на комплексе з’явіўся ветэрынарны ўрач, палепшалі ўмовы для людзей і для жывёлы, а кармы вылучаюцца якасцю. У адрозненне ад іншых гудагайскіх комплексаў, дзе малако стабільна мае гатунак экстра, у “Кярнянах” яно пакуль ідзе на перапрацоўчыя прадпрыемствы вышэйшым і першым. Але ўсе перадспасылкі для паляпшэння якасці “белага золата” тут ёсць.


Тэрэза Млынкоўская (МТК “Кярняны”)

“Малі”

Пагалоўе – 1 760 асобін, у тым ліку 685 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 9 725 кілаграмаў.

Гэта адзін з самых узроставых комплексаў КСУП “Гудагай” і адзіны ў раёне, дзе карыстаюцца камп’ютарнай праграмай прыгатавання кармоў “КОРМ”. Раздатчык “Матрыкс-17В” сам загружае і змешвае кампаненты – трактарысту застаецца толькі кіраваць гэтай сельгасмашынай і сачыць за камп’ютарнай праграмай.

За падсуванне кармоў на сталах адказвае вопытны механізатар Зыгмунд Лукашэвіч. Таксама мужчына выдаляе гной, возіць муку. На комплексе, трактарыст шчыруе трэці год, да гэтага працаваў на ўборцы траў. Дарэчы, Зыгмунда Адамавіча неаднаразова прызнавалі лепшым касцом Гродзеншчыны па выніках працоўнага спаборніцтва прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

З гандлю ў сельскую гаспадарку тры гады назад прыйшла Святлана Лукша. Зрабіць выбар на карысць жывёлагадоўлі ёй прапанавала свякроў, якая працуе ў “Малях” жывёлаводам. Хоць маладая жанчына гарадская і ніколі не даіла кароў, яна хутка прызвычаілася да апарата. Цяпер Святлана не горш за больш вопытных калег раздойвае першацёлак. Па словах жанчыны, ёй тут усё падабаецца: і калектыў, і начальства, і зарплата.

Амаль паўтысячы цялят з нараджэння да двух месяцаў даглядаюць 4 працаўніцы, у тым ліку і Жанна Эксцяровіч. Папаіць малых, перасцяліць клеткі, наліць у вядзерцы свежую ваду – у клопатах дзень пралятае хутка. Так незаўважна для Жанны Вячаславаўны прамільгнула 10 гадоў на комплексе.

Жанна Экцяровіч, Зыгмунд Лукашэвіч, Святлана Лукша (МТК “Малі”)

ФЕРМЫ

“Лоша”

Пагалоўе – каля 600 быкоў і цялушак аднаўлення.

Больш за чвэрць стагоддзя ў аграпрамысловым комплексе працуе Тэрэса Млынская. Да ўзбуйнення КСУП “Гудагай” жанчына была кладаўшчыком на калгаснай запраўцы ў Лошы. З 2013 года яна брыгадзір жывёлагадоўчай брыгады. Больш таго, Тэрэса Генрыхаўна трымае шэфства над фермамі “Лоша” і “Міндзяны”, дзе дарошчваюць цялушак і быкоў. Сыны загадчыка таксама працуюць у КСУП “Гудагай”. Генрых, да прыкладу, пазалетась стаў лепшым у прафсаюзным працоўным спаборніцтве сярод занятых на ўнясенні арганікі механізатараў.

Прыемнай нечаканасцю для Тэрэсы Млынскай стала пуцёўка на 10-дзённы адпачынак у санаторыі “Беларусачка” ад прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі КСУП “Гудагай”.



Тэрэса Млынская (ферма “Лоша”)

“Кялёйці”

Пагалоўе – 416 асобін, у тым ліку 184 дойныя каровы. Валавы надой за мінулы год – 6 371 кілаграмаў.

Малочна-таварная ферма адметная тым, што працуюць тут родзічы і сваякі. Магчыма, у гэтым і крыецца сакрэт вялікіх надояў. У групе аператара машыннага даення Тэрэсы Баер каля 50-ці галоў. Акрамя гэтага, даярка клапоціцца пра нованароджаных цялят. “У іншай сферы сябе не бачу. Тут і муж, і сын, і нявестка, і кума, і швагерка, і брат працуюць. Таму без перабольшання скажу: ферма – маё жыццё”, – зазначыла жанчына.


Тэрэса Баёр (МТФ “Кялёйці”)

“Індрубка”

Пагалоўе – 332 асобіны, у тым ліку 191 дойная карова. Валавы надой за мінулы год – 6 295 кілаграмаў.

Малако адсюль адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. Такім вынікам могуць пахваліцца нават не ўсе комплексы раёна, не кажучы пра фермы. Не толькі кармы, умовы ўтрымання жывёлы, але і сумленнасць даярак уплывае на якасць. Ад таго, наколькі яны старанна апрацуюць вымя, сцэдзяць першы струмень, залежыць гатунак малака. І раней “Індрубка” лічылася лепшай фермай на Астравеччыне, а яе даярка Наталля Шатроўская (тады яшчэ Жаброўская) першая ў раёне надаіла 4 тысячы кілаграмаў малака. На ферму жанчына прыйшла адразу пасля заканчэння школы. “Думала, што часова, – а выйшла, што на ўсё жыццё” , – сказала жанчына Наталля Уладзіславаўна.


Наталля Шатроўская (МТФ “Індрубка”)

“Дравянікі”

Пагалоўе – 564 асобіны, у тым ліку 199 дойных кароў. Валавы надой за мінулы год – 6 417 кілаграмаў.

У калгас імя Мічурына Альфрэд Янкоўскі прыйшоў у 1979 годзе. “Шафёрыў” там да арміі і пасля дэмабілізацыі. Каля 10 гадоў малоў збожжа на калгасным млыне ў Палушах, а апошнія некалькі гадоў ён правая рука загадчыка комплексу. Сумнявацца ў вопытнасці, дасведчанасці і кампетэнцыі памочніка брыгадзіра вытворчай брыгады не выпадае: Альфрэд Іванавіч на памяць ведае ўсе лічбы па ферме, пачынаючы ад колькасці пагалоўя і заканчваючы леташнімі надоямі.


Альфрэд Янкоўскі (МТФ “Дравянікі”)

“Рукшаны”

Пагалоўе – 408 асобін, у тым ліку 191 дойная карова. Валавы надой за мінулы год – 5 713 кілаграмаў.

У раённай жывёлагадоўлі Марыя Радзькова з 1987 года. Калі ў Лошы была малочна-таварная ферма, даіла там кароў. Потым перайшла ў “Рукшаны”. У адрозненне ад комплексаў, дзе аператары дояць, што называецца, у адзін кацёл – на ферме ў кожнай даяркі свая група. У Марыі Станіславаўны – 50 кароў і 16 цялятак. Малышоў яна гадуе да 2 месяцаў. Бычкі застаюцца ў “Рукшанах”, а цялушак пераводзяць на МТФ “Індрубка”. Па прызнанні жанчыны, у яе ёсць любіміца. Рагуля па мянушцы Булачка (не дзіва, што карову так назвалі!) есць усё: сала, батон, хлеб.


Падзяку і падарунак прымае Марыя Радзькова (МТФ “Рукшаны) ці ў газету 1669

З першых вуснаў

Юрый Адула:

– КСУП “Гудагай” у многіх сэнсах паказальная гаспадарка. Тут клапоцяцца не толькі пра вытворчыя паказчыкі і эканоміку прадпрыемства, але і пра людзей. Работнікі пастаянна атрымліваюць летняе і зімовае спецадзенне і абутак. На жывёлагадоўчых аб’ектах створаны ўмовы для працы і адпачынку, ёсць пакоі для прыёму ежы з неабходным абсталяваннем, раздзявалкі, душавыя кабіны і пральныя машыны. Праўда, па МТФ “Рукшаны” ў мяне ўзніклі заўвагі: неабходны рамонт санітарна-бытавых памяшканняў, стан якіх значна саступае астатнім фермам гэтага сельгаспрадпрыемства.



Текст:
Фото: Алёна Ганулич