Каманда “20 А”, Панджшэрская цясніна і ордэн Чырвонай Зоркі. Успамінамі аб службе ў Афганістане падзяліўся Вацлаў Казлоўскі
10:00 / 15.02.2023
Многія чулі, што Вацлаў Андрэевіч воін-інтэрнацыяналіст, але далёка не ўсе – што ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, адзінкі – як праходзілі яго армейскія будні, і, напэўна, ніхто – што ён на самой справе бачыў і адчуваў ля Панджшэрскай цясніны Афганістана.
Толькі вадзіцель!
Нарадзіўся і вырас наш зямляк у вёсцы Гродзі Гервяцкага сельсавета. Бацька быў будаўніком у калгасе, маці – даяркай. Сям’я трымала карову, таму штораніцы да іх хаты пад’язджаў малакавоз. І маленькі Вацлаў не ленаваўся ўстаць у 5 гадзін, каб пракаціцца па вёсцы на гэтай машыне. З вадзіцелем у іх была дамоўленасць: шафёр даваў пакіраваць, а хлопчык за гэта спяваў яму песні. Наогул, тэхніка вабіла Вацлава з дзяцінства. Ужо ў 5-м класе ён смела «ганяў» на мапедзе, а праз некалькі гадоў перасеў на матацыкл. Пры гэтым юнак з задавальненнем не толькі ездзіў, але і рамантаваў, перабіраў па запчастках сваіх двухколавых сяброў. І купляў іх за ўласныя грошы, якія зарабляў падчас летніх канікул у калгасе. Разам з сябрамі яны касілі крапіву, закладвалі яе ў ямы, рыхлілі кукурузу спецыяльнымі плужкамі… А больш за ўсё хлопцу падабалася працаваць памочнікам камбайнера на жніве. І справа была не толькі ў добрым заробку, але ў тым, што занятак быў звязаны з тэхнікай. Ці трэба казаць, што Вацлаў выбраў прафесію вадзіцеля. У старэйшых класах ён з лёгкасцю здаў на правы ў Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце і нават паспеў перад арміяй папрацаваць на «газоне» ў калгасе «Радзіма». Тады хлопец і не здагадваўся, што гэты невялікі шафёрскі вопыт вельмі спатрэбіцца ў армейскім жыцці.
Каманда «20 А»
Павестку Казлоўскі атрымаў 16 красавіка 1985 года, а 18-га – адправіўся на службу. Провады не спраўлялі, проста сабраліся ўвечары ў вузкім коле родных і сяброў, а назаўтра – з рэчамі ў дарогу. Куды хлопец едзе, ніхто не ведаў. Замест пункта прызначэння ён пачуў кароткае «каманда «20 А». Такі ж запіс ў яго ваенным білеце. Вацлаў нічога і не пытаў – загады не абмяркоўваюцца! Але, нягледзячы на сакрэтнасць, здагадваўся, што яго хутчэй за ўсё накіруюць у цёплыя краіны. І не памыліўся: праходзіў вучэбку хлопец у Батумі. А там горы, мора, сонца… – экзотыка! Спасцігаць армейскую навуку было няцяжка, тым больш Казлоўскага рыхтавалі як вадзіцеля бронетранспарцёра (БТР), а ён з тэхнікай быў на «ты».
Пасля вучэбкі хлопца з іншымі навабранцамі прывезлі ў Кабул. Там іх чакалі «купцы»: адабралі некалькі вадзіцеляў, падвялі да БТР, адсунулі жалюзі з маторным адсекам і давай экзаменаваць: гэта што? а вось гэта? калі тут паламаецца, што будзеш рабіць?
– Канешне, БТР адрозніваецца ад ГАЗа, але ж «сэрца» ў машын амаль аднолькавае, таму і разабрацца было няцяжка, – сціпла тлумачыць наш зямляк.
Навука цаной у жыццё
У Кабуле хлопец бачыў толькі часавых са штык-нажамі, якія прагульваліся па вуліцы. А вось Баграм, сюды яго даставілі на «вяртушцы», сустрэў жудаснымі выбухамі артылерыі. «Куды яны страляюць, каго там бачаць?» – здзіўлена падумаў тады Вацлаў. Гэта былі першыя ўражанні 18-гадовага воіна-інтэрнацыяналіста ад баявых дзеянняў у Афганістане. І наўрад ці ён тады мог уявіць, што такія гукі стануць вернымі спадарожнікамі ў бліжэйшыя 2 гады.
Канчатковым месцам службы Казлоўскага стаў 177-мы мотастралковы полк 40-й Арміі, які ахоўваў участак дарогі Дашы – Баграм. Вацлаў трапіў у 4-ю роту, што знаходзілася ля ўвахода ў Панджшэрскую цясніну.
– Неверагодна прыгожае месца з каляровымі гарамі, а праход у цясніну так далёка ўверсе, што нават і не бачны, – дзеліцца Вацлаў Андрэевіч. – Як убачыў упершыню, галава ад захаплення закруцілася.
А вось умовы выжывання – інакш не скажаш – былі не такімі захапляючымі. Замест асвятлення – змочаны ў салярцы, падпалены кусок анучы ў жалезнай бляшанцы, ад якога зямлянка ранкам нагадвала капцілку. Па суседстве з салдатамі, амаль пад кожным каменьчыкам, жылі скарпіёны і фалангі (вярблюжыя павукі). На суткі выдавалі толькі 250 грамаў вады – хочаш пі, а хочаш мыйся. Пошта – раз на месяц. І ніякіх самавольных адлучак з роты, бо назад жывым дакладна не вернешся.
– Ды гэта дробязі,– усміхаецца воін-інтэрнацыяналіст. – Стараслужачыя нам хутка растлумачылі, што трэба рабіць і куды не варта хадзіць, каб выжыць. Іх навука была часам жорсткай, але на 100% дзейснай. Напрыклад, нам не дазвалялі выпіць нават гэтыя 250 грамаў вады. Глыток-два, рот прапаласкаў – і ўсё. Так арганізм загартоўваўся да неверагоднай спёкі, што там стаяла. А каб пілі ўдосталь, хутка памерлі б ад гарачыні.
Дарога выжывання ці пастка смерці
Урывак з паэмы
Аляксандра Харытонава
«Боль Афгана»
***
Вновь видишь: танки, бэтээры…
И братья в них горят живьём,
На «трассе дружбы» – лишь расстрелы,
С высоких гор в нас льют огнём.
А мы идём… Ползём в теснине…
Толкая вниз машин костры,
А «дух» здесь свой, мы – на чужбине!
На каждой сопке их посты!
Вацлаў быў старшым вадзіцелем БТР. Кожны ранак у 5 гадзін ён з сапёрамі ездзіў на размініраванне дарогі, каб прачысціць яе для калоны. Надзейным памочнікам у гэтай справе быў сабака – жывёла беспамылкова вылічвала міны, якія сапёры затым абясшкоджвалі. Але маджахеды прыдумалі новыя пасткі: ставілі адна на адну дзве міны – і калі верхнюю выкопвалі, то ніжняя ўзрывалася.
– Супрацьтанкавыя яшчэ нястрашна – тры разы падрываўся, тройчы кантузія, – працягвае Вацлаў Андрэевіч. – Самае небяспечнае – фугас. «Духі» звязвалі два артылерыйскія снарады, разам з батарэйкай прыкопвалі між каляіны, кідалі на зямлю дошчачку з двума цвікамі з дротам – мінус і плюс – смяротная пастка гатова. Трапіш на такую – танк не вытрымае, не кажучы пра БТР ці грузавік. Аднойчы нашы хлопцы на БМП (баявая машына пяхоты) падарваліся, мы іх пасля з таго, што ад машыны засталося, даставалі. Упершыню з такім сутыкнуўся – зніякавеў. А затым прывык бачыць смерць. Дзень прайшоў, ты жывы – дзякуй Богу. Загінулым таварышам мы ставілі самаробныя помнікі з колаў ад БТР.
Рота, дзе служыў Вацлаў, абслугоўвала дарогу Панджшэрскай цясніны і пасля ранішняга размініравання хлопец выязджаў на суправаджэнне калон. Гэта было штодзённае смяротна небяспечнае падарожжа – ніхто не ведаў, ці застанецца жывым.
– Ці часта нас абстрэльвалі і ці траплялі ў засады?.. – паўтарае маё пытанне Вацлаў Андрэевіч і ненадоўна змаўкае. – Калі раз на тыдзень нас не палівалі агнястрэльным дажджом – гэта было вялікае шчасце. Але так шанцавала нячаста. На тэрыторыі Панджшэрскай цясніны «арудавала» банда Ахмед-шаха. Гэта быў вопытны і моцны праціўнік. Да таго ж яго групіроўка мела падтрымку з Пакістана. Часам мы траплялі ў пекла на зямлі. Раскажу адзін выпадак. Была калона дзесьці з 60 машын – трапілі ў засаду. Палілі па нас з якой толькі можна зброі. Білі па першай, сярэдняй і апошняй машынах, каб спыніць калону – а гэтага дапусціць нельга, бо знішчаць ушчэнт. Таму мы падбіралі хлопцаў з абстрэленых БТРаў, а транспарт, што выйшаў са строю, спіхвалі ў прорву. Тады і атрымаў мой бронетранспарцёр гранатамётам – зарад прапаліў браню, дэсантнікаў усіх «паклаў», раніў кулямётчыка ў пазваночнік, а мяне – у шыю. Але мы выбраліся. Трацячы прытомнасць я ўрэзаўся БТРам у іх дукан (магазін) – і нас прысыпала, можа, таму і выжылі. Прыйшоў да сябе ўжо загіпсаваным, у Кабуле. Вучыўся па-новаму хадзіць. Але вычухаў – і вярнуўся ў 4-ю роту.
Сярод узнагарод Вацлава Андрэевіча ёсць ордэн Чырвонай Зоркі. А вось за што ён яго атрымаў мужчына расказаў сціпла.
– У той час аб’явілі так званае перамір’е: савецкім салдатам было забаронена страляць. Мы суправаджалі калону. Толькі ўехалі ў каменную пастку цясніны – а там ужо чакаюць. Што было пасля?.. Нас проста разнеслі ўшчэнт. Прыкладна з 50-ці машын ацалела, можа, 15. Мы з кулямётчыкам проста ратавалі сваіх хлопцаў з падпаленых БТРаў, колькі і як маглі. Выбраўся адтуль нават без раненняў. Хтосьці скажа: пашанцавала. Але ў мяне і зараз у вадзіцельскіх правах ляжыць абразік Маці Божай Вострабрамскай, што дала, адпраўляючы на службу, мама.
А праз некалькі дзён мяне выклікалі ў полк і ўрачыста ўручылі ордэн Чырвонай Зоркі. Было вельмі прыемна. А тое перамір’е хутка адмянілі.
Армейскае брацтва, торт з пячэння і Гаўруша
Пра баявыя заданні Вацлаў Андрэевіч успамінаў неахвотна – і гэта зразумела. Затое з энтузіязмам расказваў пра новы БТР-80, які ён выпрабоўваў першым; імпартныя тавары ў афганскіх дуканах; непаўторны смак купленай там «Фанты»; надпіс «Белая Русь» на люках БТРаў «бульбашоў» і многае іншае. Але галоўнае – менавіта ў Афгане старшы вадзіцель Казлоўскі даведаўся, што такое сяброўства.
– Нельга словамі пераказаць, кім мы былі адзін для аднаго, – адзначае воін-інтэрнацыяналіст. – Калі я ішоў, ведаючы, што ззаду мяне прыкрывае таварыш, не азіраўся. Хутчэй горы зварухнуліся б з месца, чым ён мяне падставіў. Камандзіры, вадзіцелі, снайперы… Беларусы, украінцы, армяне… – мы былі адной сям’ёй. Елі з аднаго кацялка, разам святкавалі ці гаравалі і стаялі адзін за аднаго гарой. У арміі я стаў самастойным і многаму навучыўся. Мне не праблема памыць, зашыць, прыгатаваць – ды наогул нішто не праблема. Мы нават торты на дні нараджэння самі рабілі. Куплялі ў дуканах пячэнне, расціралі яго, перамешвалі са згушчонкай, зверху ўпрыгожвалі вішнямі з кампоту – прыгажосць і смаката! (Усміхаецца.) А яшчэ ў нас гадаванец быў – малпа Гаўруша – у афганца купіў. Гэта была пацеха і радасць для ўсёй роты. Ён у строй разам з намі станавіўся, бананамі частаваўся, а ўжо як ляжа спаць – не зварухнеш. А як трывогу аб’яўлялі – зашываўся так, што доўга не маглі знайсці. Так і служылі: сябравалі, радаваліся, вучыліся…
Дэмбель
Два гады… Суправаджэнне калон, начныя варты, атакі маджахедаў, пераадольванне страху і першы націск на курок… Але ўсё калі-небудзь заканчваецца. Аднойчы ротны паклікаў Вацлава да сябе і паведаміў радасную навіну: паколькі ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, паедзе дадому ў першай адпраўцы. І пачалося…
– Разумееце, гэта… як бы вам дакладней расказаць, – усхвалявана тлумачыў Вацлаў Андрэевіч. – Уся рота цэлую ноч рыхтавалася. Адзін пагоны прасаваў, другі спражку на рамяні чысціў, трэці абцасы на ботах падразаў. У нас не было параднай формы, але за ноч хлопцы нават старую рабілі ідэальнай. Ранкам мой зменшчык – навабранец – дарэчы, таксама «бульбаш» падганяе мой БТР, рассцілае прасціню, уся рота выстройваецца побач – прахаджу па прасціне, зменшчык яе скручвае, а я наказваю захоўваць яе, пакуль не напішу ліст, што дабраўся дадому жывы-здаровы. Далей мяне садзяць на браню БТР – і вязуць уздоўж роты. Хлопцы з аўтаматаў, кулямётаў мне салютуюць. А ў мяне сэрца сціскаецца, слёзы наварочваюцца – і на радзіму хочацца, і хлопцаў пакідаць шкада. Так у нас кожнага дэмбеля выпраўлялі. Гэта ж такая радасць – таварыш жывы дадому вяртаецца!
Толькі Вацлаў адразу дахаты не трапіў. У Кабуле яго пакінулі пераначаваць і, як узнагароджанага, здымалі для праграмы «Время» ў рэпартажы «Провады афганцаў на Радзіму». Пасля хлопец адправіўся ў Ташкент, з Ташкента – у Кіеў, а з Кіева – у Мінск. А ў сталіцы на вакзале сустрэўся адзін таксіст.
– Ён у мяне пытае: ну што, дадому? А я разумею, што ў гэты дзень на Астравец нічога ўжо не едзе. Ды не, кажу, не паспею дадому. Дык ён дзверку аўто адкрывае – сядай, кажа, паедзем! Аказалася, верталётчыкам у Афгане быў. Спрабаваў спыніць яго ў Астраўцы, дзе старэйшыя сястра і брат жылі. Ды не, кажа: дадому, значыць, дадому. Прыязджаем у Гродзі. Бацькі на агародзе завіхаліся. Выходжу з машыны, мама як убачыла, так і заплакала. Бацька, пачуўшы яе плач, спалохаўся, падумаў, штосьці здарылася. А затым мяне ўбачыў... Дарэчы, я вярнуўся 9 мая.
А таго таксіста Казлоўскія не адпусцілі – гасцяваў у іх 2 дні. Гэта ж такое шчасце – ён прывёз ім сына, якога яны неаднойчы хавалі ў страшных думках.
Жыццё працягваецца!
Пасля вяртання Вацлаў каля месяца адпачыў і пайшоў працаваць у «Сельэнерга». Хутка сустрэў дзяўчыну, ажаніўся, стаў бацькам. На працягу 10 гадоў узначальваў раённае аб’яднанне воінаў-інтэрнацыяналістаў. Каля 25 гадоў быў вадзіцелем у райвыканкаме, пасля – у НІАЭП, цяпер працуе шафёрам на Беларускай АЭС. Абранай прафесіі Вацлаў Андрэевіч не здрадзіў, як і прынцыпам: шанаваць, што маеш, паважаць родных і любіць жыццё.
– Напэўна, па-іншаму і быць не магло, – прыходзіць да высновы мой суразмоўца. – Канешне, Афган пакінуў след, але і дапамог стаць сапраўдным мужыком. Таму я нават удзячны яму за загартоўку. Не трэба баяцца цяжкасцей. Жыццё працягваецца!
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва героя.