Як у Астраўцы спявалі “Дразды”: інтэрв’ю з Віталем Карпанавым і рэпартаж з концэрта

09:33 / 17.01.2023
850

Прызнацца, ніколі не была блізка знаёмая з творчасцю гурта “Дразды”. У студэнцтве некалькі разоў бачыла іх выступленне на зборных канцэртах да Дня горада ці Дня Незалежнасці ў Гродне, дзе гарэзлівыя хлопцы запомніліся ўменнем “заводзіць” гледачоў. Некаторыя іх песні “чаплялі”, а некаторых я наогул ніколі не чула. З таго часу мінула больш дзесяці гадоў. Не так даўно “Дразды” “выстралілі” хітом “Хата бацькоў”, які стаў вельмі папулярным у Беларусі – яго ведаюць і спяваюць ва ўсіх яе куточках. У мінулым годзе гурт запусціў аднаіменны тур па гарадах і вёсках, а 11 студзеня яны завіталі ў Астравец. Чым не нагода пазнаёміцца бліжэй з творчасцю колішніх хлопцаў-гарэзаў у “кедах”.

IMG_0073.jpg

Віталь Карпанаў: “Я – хлопец з вёскі!”

Знаёмства пачалося з інтэрв’ю, якое саліст гурта Віталь Карпанаў пагадзіўся даць перад канцэртам. Дарэчы, ён адразу ўразіў шчырасцю, адкрытасцю і размовай на беларускай мове.

– Як настрой перад выступленнем?

– Цудоўны! У вас прыгожая ўтульная зала. Мы выступалі ў Астраўцы раней, але гэта было даўно, яшчэ ў старым будынку Дома культуры. За гэты час горад змяніўся. Калі мне сказалі, што ўсе білеты даўно раскуплены, было вельмі прыемна – значыць, людзям падабаецца наша творчасць. Мне нават тэлефанавала жанчына з Гудагая, якая скардзілася, што хацела набыць 4 білеты, але не паспела, бо ўсе свабодныя месцы забраніравалі – а раптам іх не выкупяць і яны прападуць, а яна ж гатова адразу купіць. Як тут не дапамагчы? Звязаўся з арганізатарамі з сектара культуры і папрасіў, каб знайшлі 4 месцы для гэтых людзей – абяцалі паставіць яшчэ 4 крэслы. Дарэчы, ведаю, што жадаючых трапіць на канцэрт было значна больш. Таму прыедзем у Астравец з дадатковым канцэртам 18 лютага. Хто не паспеў сёння, прыходзьце!

– У вас насычаны графік?

– Мы выступаем кожны дзень. Сёння Астравец, заўтра – Баранавічы, Магілёў, Докшыцы ці якісьці яшчэ куточак Беларусі. У некаторых гарадах праводзім і па 2 канцэрты, бо не ўсюды вялікія залы, дзе адразу змесцяцца ўсе жадаючыя. Мы едзем усюды, дзе нас чакаюць і рады чуць нашыя песні.

– Цяпер гурт выступае ў рамках тура “Хата бацькоў.” Аднаіменная песня хутка стала папулярнай – як яна нарадзілася і ў чым сакрэт такога поспеху?

– Гурт амаль 20 гадоў на эстрадзе і за гэты час у якіх толькі накірунках сябе ні спрабавалі: спявалі і пра кеды, і пра Балі, і пра “не танцую” і пра іншае. Хуліганілі і балагурылі на сцэне. Але ўсяму свой час: мы сталі больш дарослымі, пачалі ўспрымаць жыццё па-іншаму і спяваць пра сваё, беларускае: месца, дзе нарадзіліся, блізкіх людзей, родную мову, культуру. Так з’явіліся песні “Вёска”, “Каханая дзяўчына”, “Еду я дадому”. І гэтыя творы, як і ўзгаданая “Хата бацькоў” прыйшліся даспадобы людзям і знайшлі водгук у іх сэрцах – значыць, мы на правільным шляху.

– Сярод артыстаў нячаста пачуеш беларускую мову, а вы на ёй спяваеце і размаўляеце.

– Гэта дзякуючы асяроддзю, дзе нарадзіўся і вырас, а я ж хлопец з вёскі. А таксама майму класнаму кіраўніку Алене Бярнардаўне, якая была настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яшчэ ў нас багатая практыка. Праўда, раней так не было і да нашай мовы мы таксама “дараслі”. Але апошні год, дзе б ні выступалі, – размаўляем па-беларуску. Да таго ж цяпер працуем з беларускім паэтам Леанідам Пранчаком. Гэта наш сучаснік, ён пісаў для “Песняроў”, піша для “Сяброў”, а зараз і для “Драздоў”. Я ўбачыў яго вершы ў “Фэйсбуку” і тут жа стаў іх напяваць. Так пачалося супрацоўніцтва і з’явіліся песні “Сланечнік”, “Мама”, “Беларуская мова”. Мы рыхтуем цыкл беларускіх песен на словы Леаніда Іванавіча, якія, ужо ўпэўніліся, адгукаюцца ў сэрцах беларусаў.

– Што для вас галоўнае на сцэне?

– Калі адчуваем, што людзям патрэбна тое, што мы робім: яны прыйшлі на канцэрт, заціўлены ў нашай творчасці, спяваюць разам з намі – мы шчаслівыя! Быць артыстам на самой справе вельмі складана. Трэба мець талент, вывучыцца, а пасля і ўдала знайсці прымяненне сваім здольнасцям – бывае ж, што артыст то патрэбен, то непатрэбен, для поспеху павінна ўсё супасці. І таму сёння, калі мы збіраем поўныя залы, людзі спяваюць нашы песні – гэта шчасце. Памятаю, гадоў 10 назад я патэлефанаваў у аддзел культуры, прадставіўся і пачуў у адказ: “Дразды”? Хто вы такія і што хочаце?” Словы ранілі ў самае сэрца, гэта вельмі крыўдна для артыста. Цяпер жа мне часта тэлефануюць, пішуць у сацыяльных сетках: “Віталь, нам падабаюцца вашы песні. У нас ёсць добры клуб на 150 месцаў, прыязджайце да нас”. Адказваю, каб яны звярталіся з гэтай просьбай у мясцовы Дом культуры – маўляў, хочам канцэрт “Драздоў”. Такім чынам мы запусцілі народную хвалю і выступаем усюды, куды запрашаюць і дзе чакаюць: у аграгарадках, вёсках, райцэнтрах. Галоўнае, што людзям падабаецца.

– А ў вас ёсць любімы гурт ці артыст?

– Канешне, і не адзін. Многія спевакі кажуць, што выраслі на песнях “Бітлс”, а мяне натхнілі “Белыя ружы” “Ласкавага мая”. Пасля быў Юрый Антонаў, ранні “Ляпіс”, але найбольш паўплывалі песні легендарнага Уладзіміра Мулявіна. Я неаднойчы пытаў у сябе – чаму песні “Песняроў” любілі ў Савецкім Саюзе? Бо яны адначасова душэўныя, жыццёвыя, простыя, але з глыбокім сэнсам – гэта песні пра кожнага з нас.

– Што пажадаеце астраўчанам?

– Усім людзям жадаю міра, дабра, шчасця! Каб мы адзін аднаго паважалі, не сварыліся і прабачалі. І каб сустракаліся на нашых канцэртах і атрымлівалі толькі пазітыўныя эмоцыі!

– Дзякуй за гутарку.

IMG_0149.jpg

Гучалі песні і жарты

Што можна сказаць пра сам канцэрт? Толькі тое, што на ім варта было пабываць. “Дразды” выступалі ў сваім амплуа – простых беларускіх хлопцаў. Дарэчы, Віталь адразу пацікавіўся, ці прысутнічае тая самая жанчына і яе сябры з Гудагая, – і ўпэўніўшыся, што яны на месцы, пачаў выступленне. Падчас канцэрта творчыя нумары чаргаваліся з жартамі і ўспамінамі. Віталь Карпанаў узгадваў, як дапамагаў разносіць маці пошту па вёсцы, як у дзяцінстве з сябрамі вечарам заглядваў у вокны сельскага клуба, каб падгледзець, як танцуе моладзь, як пасталеўшы ўжо сам вяртаўся з танцаў дадому разам з усходам сонца і, каб не атрымаць наганяю ад мамы, адразу ішоў даіць карову, як паехаў у горад і стараўся размаўляць па-руску, цураючыся вясковай “трасянкі”, а цяпер разумее, якое гэта глупства. Саліст расказваў пра ўсё жартаўліва, задорна і разам з тым праўдзіва. Гледачы смяяліся, а многія пазнавалі сябе і сваё юнацтва.

IMG_0165.jpg

IMG_0180.jpg

І, канешне ж, песні. Няўрымслівыя “Кеды” і “Вясковы лавелас” , мілагучныя “Каханая дзяўчына” і “Сланечнік”, чуллівыя “Беларуская мова” і “Вёска” і шмат іншых – кожная з іх выклікала гамму пачуццяў: смех, радасць, настальгію, дрыжыкі па скуры і слёзы на вачах. Гледачы дружна пляскалі ў далоні, прытуптвалі нагамі, а некаторыя ўставалі і танцавалі пад вясёлыя мелодыі, запальвалі ліхтарыкі на мабільніках і махалі імі пад лірычныя песні. А калі ў завяршэнні канцэрта загучалі першыя ноты “Хаты бацькоў” – не дамаўляючыся, усе дружна ўсталі і пачалі спяваць разам з артыстамі: “Не прадаецца хата бацькоў, куток бацькоўскі не прадаецца…” І ўпэўнена, у многіх, як і ў мяне, перад вачамі стаяла тая самая бацькоўская хата, дзе ўсё пачалося і дзе так па-своеасабліваму б’ецца сэрца.

Пасля быў выхад гурта “на біс”, доўгія апладысменты, кветкі і фота на памяць. Час праляцеў вельмі хутка – “Дразды” па-сапраўднаму “запалілі” ў Астраўцы.

P.S. Я ніколі асабліва не цікавілася творчасцю “Драздоў”, але пасля іх канцэрта ўжо які дзень у галаве гучаць простыя, але мудрыя словы з іх песні: “А для шчасця мне патрэбны родны край і родны дом. Бог у сэрцы, сонца ў небе і сланечнік пад акном…” Таму тым, у каго не атрымалася трапіць на выступленне гурта, раю зрабіць гэта ў лютым. Пазітыўныя эмоцыі і цудоўны настрой гарантаваны. Праверана на сабе!




Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений