Што за звон у шаргуноў – адказ на “Дзедаўскую прыладу”
На чарговае, 11-е, заданне конкурсу «Дзедаўская прылада» амаль усе удзельнікі адказалі правільна. Так, на здымку – шаргуны, бразготкі, бразгуны – элемент конскай збруі, які размяшчаўся на шыі жывёліны і выконваў своеасаблівую апавяшчальна-музычную ролю. Падкрэсліваю, што прылада на здымку выкарыстоўвалася ў першую чаргу ў конскай збруі, а ўжо пасля некаторыя людзі пачалі прыстасоўваць яе іншай хатняй жывёліне. Таму, прабачце, але мы не залічылі адказ адной з удзельніц, якая паведаміла, што гэта бразготкі для быкоў, кароў ці коз, каб яны не згубіліся на пашы ці ў лесе.
У астатнім усе адгадалі прыладу правільна. Умоўна можна было падзяліць канкурсантаў на дзве катэгорыі: старэйшыя, якія пачыналі свой аповед со слоў: «Дык я ж памятаю, як звінелі-пераліваліся бразготкі на конях – гэта было ў маім дзяцінстве», і маладзейшыя, зазірнуўшыя ў пошуках правільнага адказу на гарышча дзядулевай хаты і падключыўшы ў дапамогу ўсюдыісны інтэрнэт. Цудоўна, што адны дзеляцца ўспамінамі, а другія – дапытваюцца і шукаюць.
Першай патэлефанавала Ларыса Гаваноўская, распачаўшы размову з ужо ўзгаданых слоў, што звон бразготак асацыіруецца ў яе з дзяцінствам і выклікае радасныя эмоцыі. У той час гэтую прыладу вешалі на коней падчас урачыстай нагоды: вяселля, хрэсьбінаў, паездак у царкву ці касцёл і іншага. Бразготкі былі і ў бацькі жанчыны. У дзяцінстве яны нагадвалі ёй арыгінальны вяночак з металу.
Прыемныя ўспаміны з маленства выклікаў здымак і ў Леанарды Якель. Яна таксама паведаміла, што звычайна шаргуны вешалі на каня падчас вяселля, таму, як толькі дзеці чулі іх вясёлы перазвон, тут жа беглі туды, адкуль ён даносіўся, бо там частавалі цукеркамі. А калі ажаніўся старэйшы брат, Леанарда і сама ехала ў прыгожым возе з бразготкамі – усе сяброўкі зайздросцілі. Яшчэ жанчына ўзгадала, што падчас куцці на Ражаство яны, ужо дзяўчатамі, варажылі: беглі на жытнёвае поле, прыкладвалі вуха да зямлі і слухалі, адкуль пачуюць шаргуны – туды і замуж пойдуць. Цяпер Леанарда з усмешкай успамінае, што часам чакаць даводзілася доўга, яны замярзалі і прастывалі.
Цікавымі падрабязнасцямі аздобіў правільны адказ і Генрых Лукашэвіч. У той час людскі статак кароў пасвілі па чарзе і ў асноўным гэта быў абавязак дзяцей. На каталіцкае свята Зялёныя Свёнткі (Спасланне Духа Святога), яны бралі бразгуны, упрыгожвалі іх бярозавымі галінкамі і надзявалі на шыю не коням, а рагулям. За гэта дарослыя, якія вечарам сустракалі статак, частавалі малых якімі-небудзь прысмакамі. Яшчэ мужчына ўзгадаў, што яго бацька, які добра граў на губным гармоніку, нярэдка браў у рукі яшчэ і шаргуны і пастукваў імі па калену.
Падрабязную гістарычна-азнаямленчую даведку даслала Наталля Шумарава. Аказваецца, бразготкі вядомыя з даўняга часу, і мелі шырокае прымяненне. Напрыклад, іх вешалі на жывёліну і лоўчых птушак, прымацоўвалі да вопраткі людзей, прадметаў у жылых памяшканнях, музычных інструментаў, цацак. У старажытнарускім касцюме выконвалі ролю дэкаратыўных дэталяў і гузікаў, а таксама служылі абаронай ад злых духаў. А вось шырокае прымяненне як элемент конскай зброі бразготкі атрымалі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Шмат яшчэ цікавай інфармацыі даслала Наталля, але, каб усё пераказаць, не хопіць і паловы газетнай старонкі.
Яшчэ адна пастаянная ўдзельніца нашага конкурсу Ірына Яновіч па традыцыі да разгорнутага дакладнага адказу дадала яшчэ і здымак прылады, якая захавалася ў яе сям’і да гэтага часу. Не абмінула жанчына і народны фальклор, прывёўшы цэлы спіс песень, у якіх усхвалялі бразготкі.
Не толькі падчас вяселля, але і калі жаніх ехаў у сваты чаплялі на збрую шаргуны – і цудоўны звон развосіўся на ўсё наваколле. Вось такія, акрамя іншых, звесткі паведаміла Рэгіна Дрэма.
З задавальненнем, як адзначыла ў электронным лісце, працягвае ўдзельнічаць у конкурсе і Наталля Блахіна. Толькі яна глянула на заданне №11, як у галаве тут жа ўсплыў выраз «тройка коней з бразготкамі». Жанчына прывяла нямала фактаў з гісторыі існавання прылады. Напрыклад, што першыя бразготкі ўяўлялі сабой пустыя шарыкі са скуры, дрэва ці гліны з каменьчыкамі ўнутры. З металу іх сталі рабіць пазней. Першапачатковая функцыя прылады была практычнай: папярэджванне іншых удзельнікаў руху і станцыйных наглядчыкаў аб набліжэнні коннага экіпажу, а таксама адпужванне драпежных звяроў. Дарэчы, Наталля са шкадаваннем адзначае, што ў яе дзяцінстве коней у дзядулі ўжо не было. А вось бразготкі засталіся – і яны знайшлі годнае прымяненне ў гульнях, пераўтвараючыся ў бранзалет, пацеркі ці музычны інструмент. У завяршэнне жанчына таксама ўзгадала некалькі песен і вершаў.
У чарговы раз падрабязнае даследаванне па дзедаўскай прыладзе правяла Аляксандра Працута. Сярод іншага, яна паведаміла, у якім парадку размяшчаліся бразготкі на скураным ашыйніку, а яшчэ, што за ціхі буркатлівы звон іх называлі варкунцы, пазванцы, балабончыкі, граматунчыкі.
У хаце Таццяны Бразевіч бразгуноў не аказалася. Але гэта не перашкодзіла даслаць жанчыне, як заўсёды, падрабязную інфармацыю, што гэта такое і як выкарыстоўвалася.
Дзякуй удзельнікам за цікавыя і разнастайныя адказы! Колькасць балаў атрымалася наступнай: 6 атрымала Аляксандра Працута, 5 – Ірына Яновіч і Наталля Блахіна, 4 – Таццяна Бразевіч і Генрых Лукашэвіч, 3 – Ларыса Гаваноўская, Леанарда Якель і Наталля Шумарава, 2 – Рэгіна Дрэма. Спадзяюся, наступнае заданне таксама не выклікае цяжкасцей.