У гасцёўні “АП” жанчыны з Дошкі гонару – Яніна Гродзь і Гелена Валэйка

08:18 / 16.12.2022
Працягваем знаёміць нашых чытачоў з працаўнікамі Астравеччыны, партрэты якіх сёлета занесены на раённую Дошку гонару. У гасцёўню рэдакцыі карэспандэнт запрасіў галоўных бухгалтараў найбольш паспяховых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Яніну Гродзь з КСУП «Гудагай» і Гелену Валэйку з КСУП «Гервяты» і папрасіў іх адказаць на аднолькавыя пытанні. 

– Хто паведаміў, што ваш партрэт трапіў на Дошку гонару і што пры гэтым адчулі?

Яніна Станіславаўна:

IMG_8885.jpg

– Даведалася ад нашага спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Вікторыі Юргелянец. Для мяне стала прыемнай нечаканасцю, што на такім узроўні ацанілі маю работу. Удзячна кіраўніцтву і ўсяму калектыву нашага КСУПа. 

Гелена Антонаўна: 
– Пра гэта расказала тагачасны на­меснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Сцефановіч. На раённую Дош­ку гонару мой партрэт трапіў у другі раз – упершыню ў 2015 годзе. Любому работніку важна ацэнка яго дзейнасці. Лічу, што ў КСУП «Гервяты» шмат адказных, добрасумленных працаўнікоў – бадай што кожны з іх варты лічыцца гонарам раёна. Па вялікім рахунку, паспяховасць работы любога сельгаспрадпрыемства залежыць ад таго, наколькі адказна кожны будзе выконваць свае абавязкі на сваім участку, і  гэта тычыцца не толькі спецыялістаў. 

– Чаму на Дошку гонару заносяць парт­рэт даяркі ці механізатара, зразумела. А за якія заслугі ў ганаровую галерэю, думаеце, трапіла ваша прозвішча? І якія крытэрыі вызначаюць паспяховасць дзейнасці галоўнага бухгалтара?

Яніна Станіславаўна:
– Многія фактары: своечасовасць прад­стаўлення справаздач, балансаў і іншай дакументацыі. Таксама, на мой погляд, улічваецца стаж работы – у сельскай гас­падарцы працую 38 гадоў. 

Гелена Антонаўна: 

IMG_8888.jpg

– Штат нашай гаспадаркі складае звыш 370 чалавек. У бухгалтэрыі акумулюецца работа ўсяго калектыву: вя­дзём улік прываг, надояў, налічваем заработную плату, сочым за эканоміяй… Апошні складнік лічу самым галоўным у развіцці сельгаспрадпрыемства.
Не мне меркаваць, чаму маё прозвішча па выніках 2021 года трапіла ў лік ганаровых. Пра гэта трэба цікавіцца ў кіраўніцтва КСУП «Гервяты». Але ўдзячна за давер. 

– Узгадайце першы працоўны дзень і раскажыце, як «выраслі» да пасады галоўнага бухгалтара? 

Яніна Станіславаўна:
– Пасля Ашмянскага сельскагаспадарчага тэхнікума мяне накіравалі ў калгас імя Каліна (Дайлідкі) – гэта было 1 жніўня 1984 года. Старшынёй быў Віктар Іванавіч Ярмак, галоўным бухгалтарам – Марыя Мар’янаўна Сяргей. Удзяч­на ім за дапамогу і слушныя падказкі. Пасля 16 гадоў работы мяне прызначылі галоўным бухгалтарам – было гэта ўжо пры Далговічы. Напачатку было боязна: весці ўсю бухгалтэрыю калгаса – адказна. Бачучы маю разубленасць, Валерый Часлававіч пацікавіўся, ці ўмею выпісваць даверанасці. Кіўнула галавой. А ён кажа: «Ну дык усё атрымаецца! Няма чаго хвалявацца». 
У 2009 годзе «Дайлідкі» далучылі да «Гервят», а мне прапанавалі пасаду галоўнага бухгалтара ў СВК імя Гашкевіча – пайшла. У 2012 годзе наш калгас далучылі да «Гудагая». Без уліку ўсіх гэтых рэарганізацый у маёй працоўнай кніжцы толькі некалькі запісаў. Дарэчы, камп’ютарныя праграмы, у тым ліку 1С, пачалі асвойваць дзесяць гадоў назад, да гэтага ўсю бухгалтарскую дакументацыю вялі ўручную. Калгас вялікі, аб’ёмы работы – таксама. Кожнаму спецыялісту купілі камп’ютар, усталявалі патрэбныя праграмы. Напачатку работнікі старэйшага веку нават мышку баяліся браць у рукі. Навучыліся! Новыя тэхналогіі і праграмы значна спрашчаюць работу, але аб’ёмы яе вялікія. 

Гелена Антонаўна: 
– Прафесію выбрала выпадкова. Дакладна не ведала, кім хачу быць. Пасля заканчэння Ашмянскага сельскагас­падарчага тэхнікума мяне накіравалі на Астравеччыну ў калгас «Радзіма» – было гэта напачатку 80-х гадоў. Удзячна тагачаснаму старшыні Анд­рэю Андрэевічу Галагаеву, які мяне, дзевятнаццацігадовую, літаральна з парога канторы супакоіў: «Не хвалюйся, усё атрымаецца!» І спе­цыялісты добра і прыязна сустрэлі. На дварэ – жнівень, самы гарачы час для аграрыяў. Мяне накіравалі на гервяц­кі склад весці ўлік збожжа. Акрамя гэта, «курыравала» вытворчасць сельгаспра­дукцыі жывёлагадоўлі. Калі браць бухгал­тарскі ўлік, то знутры ведаю работу ўсіх участкаў і накірункаў.
У 1986 годзе мяне прызначылі намес­нікам галоўнага бухгалтара, а з 2000-га – галоўным. Завочна адвучылася ў Ленін­градскім сельскагаспадарчым інстытуце. 

– Ці здараліся ў вашай рабоце памылкі і як вы да гэтага ставіцеся?

Яніна Станіславаўна:
– Нездарма кажуць: не памыляецца той, хто не працуе. Я таксама памылялася. Важна разумець спецыфіку работы бухгалтара: адна пераблытаная лічба грунтоўна ўплывае на вынік усёй справаздачы. Лічу, што да гэтага трэба ставіцца спакойна і імкнуцца надалей быць больш пільным, па некалькі разоў правяраць унесеныя дадзеныя. 

Гелена Антонаўна: 
– Памылкі, напэўна, здараюцца ў кожнага. Што тычыцца бухгалтарскай справы, то гэта ў асноўным падліковыя хібы ці несвоечасова здадзеная справаздача. І я памылялася, і іншыя бухгалтары. Стараемся разам вырашыць усе пытанні. У такім выпадку не трэба кідацца ў роспач ці, як кажуць, рваць на сабе валасы, – але абавязкова варта прааналізаваць сітуацыю, зразумець, чаму здарылася тая ці іншая памылка, каб больш не паўтарыць.

– Які перыяд на працягу года вам падабаецца найбольш і найменш і чаму?

Яніна Станіславаўна:
– Самы напружаны час у мяне ад сту­дзеня па канец сакавіка. Балансы, уся гадавая справаздачнасць, інвентарызацыі на фермах і складах, планаванне ўліко­вай палітыкі на новы год – пералік можна доўга працягваць. Работы вельмі шмат. Мяне зразумее любы бухгалтар. 
Па душы вясна. Калі прачынаецца прырода, пачынае зелянець трава і набухаюць на дрэвах пупышкі. Асабліва люблю май, калі цвітуць сады. Ля дома шмат кветак – гэта мая аддушына. 

Гелена Антонаўна: 
– Люблю вясну. Па-першае, менш бухгалтарскай работы; па-другое, і вока, і душу радуе прырода: з выраю птушкі прыносяць доўгачаканае цяпло, на клумбах і ўзлесках зацвітаюць першыя кветкі. 
Як для галоўнага бухгалтара, самыя складаныя – студзень і люты. Гэта і падвядзенне вынікаў работы за год, і балансы-справаздачы – часам даводзіцца заставацца на рабоце пасля заканчэння працоўнага дня.

– Якую прафесійную ролю ха­це­лі б прымерыць?

Яніна Станіславаўна:
– Столькі гадоў на адным месцы, што мне нават тэарэтычна складана сябе ўявіць у іншай галіне. Педагогам ці дызайнерам дакладна не была б. Магчыма, стала б тэрапеўтам альбо медсяст­рой. 

Гелена Антонаўна: 
– Не задумвалася, кім магла б стаць, акрамя як бухгалтарам… (Задумваецца.) Напэўна, была б добрым рэвізорам – падабаецца шукаць памылкі і нядрэнна гэта атрымліваецца. (Усміхаецца.) 

– Што папрасілі б у залатой рыбкі?

Яніна Станіславаўна:
– Здароўя для сябе, блізкіх і ўсіх лю­дзей. Усё астатняе – другаснае. 

Гелена Антонаўна: 
– Заставацца здаровай. Лічу, што маё жыццё склалася найлепшым чынам. Ніколі не падумала б, што Гервяты стануць маёй другой радзімай – 42 гады тут. З мужам выгадавалі траіх дзяцей, маем сямёра ўнукаў. Большай радасці, як для матулі і бабулі, для мяне няма, калі яны ўсе на вялікія святы збіраюцца ў бацькоўскай хаце. 

– Кажуць, кіраўнік (старшыня) на вёсцы – бацька, дзядзька і суддзя. Хто ў такім разе галоўны бухгалтар?

Яніна Станіславаўна:
– У першую чаргу фінансіст, а ў дру­гую – памочнік «бацькі, дзядзькі і суд­дзі». На нас – зарплаты, падаткі, свое­часовая выплата лізінгаў… Хтосьці з вялікіх казаў, што бухгалтар – чалавек, які вырашае ўсе вашы праблемы, пра якія вы не ведалі, незразумелым для вас шляхам. Нешта ў гэтым ёсць. Насамрэч мая прафесія цікавая, не пазбаўленая творчага падыходу.

Гелена Антонаўна: 
– Галоўнага бухгалтара, як і старшыню, ведаюць усе ў твар у гаспадарцы! Так што гэта другі чалавек на вёсцы пасля кіраў­ніка.

Слова калегам
Аксана Бугай, намеснік галоўнага бухгалтара КСУП «Гудагай»:
– У 2012 годзе наш СВК імя Гашкевіча далучылі да СВК «Гуда­гай». Цэнтральнай сядзібай вырашылі зрабіць не Палушы, а Малі. Была бухгалтарам, пасля ўзбуйнення гаспадаркі прызначылі намеснікам галоўнага бухгалтара. З Янінай Станіславаўнай працуем 10 гадоў – яна адказна ставіцца да работы, таму ў яе заўсёды ў справах парадак.

Таццяна Вяржынская, бухгалтар КСУП «Гервяты»:
– З Геленай Антонаўнай разам працуем з 1985 года. Яна адказная, патрабавальная, строгая, але адначасова чулая да праблем калег і падначаленых. Вялікая заслуга нашага галоўнага бухгалтара ў  камп’ютарызацыі работы – хутка асвоілі ўсе патрэбныя праграмы.  
Текст:
Фото: Алена Ганулич