Марыя Чайкоўская з КСУП “Міхалішкі” параўновае работу на ферме і комплексе

10:00 / 20.11.2022
532


Кажуць, што сутнасць чалавека праяўляецца, калі ён застаецца адзін на адзін са слабейшымі за сябе – дзецьмі ці жывёлай. Аператар машыннага даення МТК «Маркуны» Марыя Чайкоўская з кагорты лю­дзей спагадлівых, добрых, з вялікім сэрцам, любові якога хапае на ўсё жывое. 

– Нарадзілася  я ў звычайнай сям’і ў вёсцы Палесціне. У бацькоў нас дзве дачушкі. З маленства тата і мама прывучалі да працы: летам сенавалі і грады аполвалі, восенню на роўных з  дарослымі капалі бульбу. Думаю, што ў многіх захаваліся такія ж успаміны пра сваё дзяцінства, – узгадвае маленства Марыя Альфонсаўна. – Літаральна пасля заканчэння школы выскачыла замуж у Вілейку. Завочна там адвучылася на тэхнолага. 

Сямейныя абставіны склаліся так, што Чайкоўскія былі вымушаны пераехаць у Міхалішкі – і жыллё тут сыграла далёка не апошнюю ролю. 

– Спачатку ўладкавалася на кардонную фабрыку ў Альхоўку, а потым перайшла ў калгас: нам далі жыллё пры ўмове, што з мужам удваіх будзем працаваць у гаспадарцы, –  працягвае жанчына. – Пайшла даяркай на малочна-таварную ферму «Ласі». Была падменнай, а потым за мной замацавалі адну з груп. Люблю жывёлу – яна ўсё разумее і адчувае настрой чалавека. Бывае, прытулішся да якой кароўкі, пагаворыш – і дрэнныя думкі як рукой зняло.

На маленькіх фермах даяркі яшчэ і даглядчыцы – яны клапоцяцца пра цялят ад кароў сваёй групы. 

– У «Ласях» найбольш любіла парачку цялушак Зіту і Гіту, так мы іх назвалі па аналогіі з імёнамі гераінь некалі папулярных індыйскіх фільмаў, – з пяшчотай у голасе расказвае даярка. – Потым людзей стала не хапаць, у выніку ферму расфарміравалі і закрылі. Нас перавялі на МТК «Маркуны». 

Жанчына прызнаецца, што, хоць для работнікаў на комплексе створаны нашмат лепшыя ўмовы, чым на ферме, – ёсць дзе пераапрануцца і паабедаць, – яна ўсё ж такі сумуе па «сваіх Ласях». 

– Нездарма даярак цяпер называюць аператарамі – на комплексе мы ўсю змену стаім у даільнай зале: толькі паспявай апрацоўваць вымя і прымацоўваць апарат – суцэльны канвеер. На невялікіх фермах індывідуальны падыход да жывёлы, у кожнай даяркі свая група, а тут працуем на агульны вынік, – тлумачыць нюансы работы на комплексе Марыя Альфонсаўна. – Звыш 700 кароў доім пазменна: падменны аператар – Ганна Янушэўская, я ў пары з Леакадзіяй Боўшай, а Надзя Пазлевіч з мужам Яўгенам. Катастрафічна не хапала чалавека – працавалі, лічы, без выхадных. Наш слесар вызваўся дапамагчы. 

Зыходзячы з уласнага вопыту, жанчына ўпэўнілася, што самае галоўнае ў рабоце даяркі – выконваць тэхналогію.

– Стараемся першым струменем больш малака здаіць, добра апрацаваць вымя – але, на жаль, не ўсё ад нас залежыць. На гатунак уплываюць многія фактары: здароўе каровы, кармы, стан малочнага абсталявання, – падсумавала даярка.  

Муж Марыі Альфонсаўны таксама працуе ў КСУП «Міхалішкі» – ён падвозіць работнікаў на комплекс у Маркуны. З Іванам яны выгадвалі дваіх дзяцей. 

– Сын працуе на атамнай электрастанцыі. Дачка выйшла замуж у Астравец, настаўнічае ў школе №2. У нас унучачка ёсць, Анечка, – з замілаваннем і пяшчотай у голасе раказвае пра родных жанчына. – Шчаслівай мяне робяць блізкія. А яшчэ люблю кветкі і ў лес хадзіць, там я душой адпачываю – гэтак жа, як калісьці на сваёй ферме ў Ласях… 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений