Настаўнік, актрыса, грыбнік, рыбалоў і іншыя іпастасі Вольгі Лябецкай

09:43 / 02.10.2022
Вольга Тадэвушаўна Лябецкая заўсёды прыгожая, усмешлівая, прыязная, добразычлівая жанчына. Пасля стасункаў з ёй складваецца ўражанне, што ў яе не бывае цяжкасцей і праблем, яна не ведае слоў «Не хачу», «Не буду», «Гэта немагчыма», «Я стамілася»… Здаецца, яе ведаюць усе і пра яе ведаюць усё.

І ўсё ж інтэрв’ю напярэдадні Дня настаўніка з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі №1 у чарговы раз пацвердзіла: кожны чалавек – гэта цэлы Сусвет.

Хочаце дакрануцца да Сусвету Вольгі Лябецкай? Тады чытайце...

Вытокі

– Нарадзілася я на Астравеччыне, у вёсцы Ласі. У нас палова вёскі насіла прозвішча Ляховіч, другая палова – Лось. Я з Ляховічаў. 

Бацькі пажаніліся ў 60-я. У іх было першае ў раёне камсамольскае вяселле. Мае бацькі – простыя калгаснікі, але з багатым унутраным светам. У мамы і сёння, хоць ёй ужо за 80, – фенаменальная памяць: яна без запінкі адкажа, хто калі нарадзіўся ці памёр, што адбылося ў тым ці іншым годзе, хто каму якой раднёй даводзіцца. Яна добра вучылася, але рана засталася без бацькі, і маці не адпусціла дачку ў горад. Я думаю, калі б яна змагла атрымаць адукацыю, то далёка пайшла б… 

Мама родам з Жукойняў, тата – з хутара Якавішкі. Хату вырашылі будаваць пасярэдзіне, у Ласях. Я вельмі ўдзячна бацькам, што выбралі месца на ўскрайку вёскі, каля самага лесу – ён пачынаўся адразу за сажалкай. Калі была жывая бабуля Стэфанія, то ранкам яна ставіла на пліту ваду і ішла са мной, малечай, у лес. Пакуль вада закіпала, мы вярталіся з «трафеямі» на смажанку. 

Грыбы ў нас паўсюль: каля нашай лазні растуць баравікі і абабкі. А плантацыю лісічак за сажалкай я сама стварыла: заўсёды ў адно і тое ж месца высыпала карэньчыкі. 

Неяк прыехаў чалавек з Астраўца, пытаецца: «Куды ў вас у грыбы ходзяць?» «Ды на ўсе чатыры бакі», – адказваю. Не паверыў, пайшоў перапытаць суседа – той адказаў гэтаксама.

Яшчэ наша вёска адметная тым, што знаходзіцца побач з гасцінцам Вільнюс-Полацк, напрамую, цераз рэчку, да яго не больш пяці хвілін хады. Жывём у лесе – але побач з бойкім шляхам.

Праз Ласі – не побач, а менавіта ў самой вёсцы – цячэ Страчанка. Мы ўсе выраслі на гэтай рэчцы. Таму ў нас няма тых, хто не ўмее плаваць, з маленства дзеці давалі нырца з кладачкі ў ваду. 

А яшчэ нашы вяскоўцы адметна вітаюцца: не проста кажуць «Добры дзень», а яшчэ і ўскідваюць руку нібыта ў салюце. А калі чалавек далёка і дакрычацца да яго цяжка, то дастаткова ўзнятай рукі. Гэта як знак: нашы людзі, з дабром да цябе.

Я вельмі люблю родныя мясціны, нашу вёску, сваіх аднавяскоўцаў. Гэта для мяне – месца сілы. І кожную нядзелю, калі не здараецца нейкіх асаблівых абставін, мы страемся паехаць у Ласі, да мамы.

Прызванне

– Настаўнікам я стала, можна сказаць, выпадкова.

Некалі мама марыла, што яе сын і дачка стануць адзін медыкам, а другі – настаўнікам. 

Першым ажыццяўляць маміну мару ўзяўся брат, але хутка зразумеў, што педагогіка – не яго прызванне. Затое, калі па дарозе праязджаў грузавік, ён з такой асалодай удыхаў пыл, што мама ўрэшце здалася. Брат усё жыццё працаваў вадзіцелем – і, здаецца, шчаслівы.

Я, як і ўсе ў дзяцінстве, гуляла ў школку, была настаўніцай, ставіла адзнакі. А калі прыязджала цётка, Юлія Васільеўна Тумкевіч, настаўніца пачатковых класаў, і прывозіла стос сшыткаў, якія трэба было праверыць, ды часам давярала мне гэтую важную справу – майму шчасцю і гонару не было мяжы! 
І ўсё ж не стану сцвярджаць, што з дзяцінства марыла пра прафесію настаўніка. Мне падабалася ўсё. Адзін дзень хацелася быць артысткай, другі – лячыць людзей, трэці – вучыць дзяцей… 

Я заўсёды была вельмі актыўнай, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, і нам, траім выпускнікам Міхалішкаўскай школы, далі накіраванне ў інстытут культуры, сказалі: нават калі здасце экзамены на тройкі – паступіце. Я намерылася было ехаць у Мінск вучыцца «на артыстку», ды адзін разумны чалавек адгаварыў. «Вучыцца там, – сказаў ён, – казка! Але дзе потым будзеш працаваць, дзяўчынка? У вясковым клубе, дзе ты і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц?» Я падумала – і засталася дома. 

А потым Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, яшчэ адна наша сваячка, якая на той час працавала метадыстам у аддзеле адукацыі, прапанавала: ідзі піянерважатай у Падольскую школу, там якраз вакансія ёсць. А вучыцца і завочна можна.

І я вырашыла: калі не магу стаць ні артысткай, ні доктарам, ні яшчэ кім, то буду вучыць тых, хто потым здзейсніць мае шматлікія мары. А беларускую мову і літаратуру выбрала дзякуючы сваёй настаўніцы Веры Пятроўне Чырковай.

Але праз год, ужо з’яўляючыся студэнткай Гродзенскага ўніверсітэта, выйшла замуж. З мужам сустрэліся на вяселлі – гэта было, можна сказаць, каханне з першага погляду. У ліпені пазнаёміліся, а ў кастрычніку пабраліся шлюбам. Адзін за другім, з розніцай у два гады, нарадзіліся сыны. Муж з Літвы пераехаў у Беларусь, працаваў у Гродна, я сядзела з малымі ў Падольцах – такі вось гасцявы шлюб быў у нас на першым часе. А калі мне прыйшоў час выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, Сашу перавялі ў Астравец, нам далі кватэру, і я пайшла працаваць у СШ №1. 

А потым Лілія Уладзіміраўна Янкоўская, дырэктар СШ №2, разглядзела ўва мне нейкія арганізатарскія здольнасці і прапанавала стаць яе намеснікам па выхаваўчай рабоце. Літаральна праз паўгода яе прызначылі загадчыкам раённага аддзела адукацыі, а мяне прымусілі – іншага слова не падбяру – узначаліць школу. Я адчувала, што гэта не маё, але ж падпарадкавалася чароўнаму слову «трэба».

Сем гадоў я з'яўлялася дырэктарам СШ№2. Працаваць з нашымі настаўнікамі было цудоўна! Мы многае рабілі, ладзілі розныя мерапрыемствы. Дарэчы, менавіта падчас майго кіраўніцтва, у 2004 го­дзе, на базе нашай школы адкрылася гімназія. Шмат тады было пераломных момантаў, новаўвядзенняў: навуковыя таварыст­вы вучняў, «Віват, гімназія» – гэтыя традыцыі зарадзіліся менавіта ў той час. І ўсё ж кіруючая пасада, адміністрацыйныя клопаты – не па мне. Я люблю вучыць дзяцей, займацца выхаваўчай работай. 

Здараліся моманты, і неаднойчы, калі думала: усё, больш не магу, заўтра ж напішу заяву на звальненне. Але… Неяк зімой выходжу са школы стомленая, знясіленая як выціснуты лімон. А дзеці коўзалку зрабілі, катаюцца. І мяне павалілі, я разам з імі з’ехала – смех, радасць. Вярнулася дахаты, скачаная ў снег і шчаслівая – і зразумела, што ніколі не змагу іх пакінуць… 

Але  думкі пра звальненне ўзнікалі раней. Цяпер такога няма. Я навучылася спраўляцца са стомленасцю, ведаю, што такое тайм-менеджмент, умею распланаваць свой дзень і ўжо не бяру работу дахаты. Пераступаючы парог гімназіі, ведаю, што тут – мая любімая работа, а заходзячы ў хату – што гэта мая сям’я.

І кожны дзень, сустрака­ючы вучняў на парозе гімназіі ці выпраўляючы іх дахаты, я адчуваю, што прафесія настаўніка – самая лепшая ў свеце, і дзякую Богу, што некалі амаль выпадкова выбрала менавіта яе.

Прыярытэты

– І ўсё ж, як бы я ні любіла сваю работу, галоўныя людзі ў маім жыцці – родныя: мама, муж, дзеці, унук. І расставіць з іх вертыкаль прыярытэтаў немагчыма, яны – у адным коле, кожны займае асаблівае месца ў маім сэрцы. 

Мама – гэта мама, адным словам усё сказана. Да яе можна прыйсці з усім. Хоць ад дрэнных навін яе і маці мужа мы стараемся аберагаць – вядома, наколькі гэта магчыма. 

З праблемамі іду да мужа. Ён  мая «камізэлька», яму можна паплакацца, ён заўсёды дасць добрую параду і падтрымае.

 Дзеці ўжо дарослыя, і з імі таксама можна параіцца, асабліва ў нейкіх сучасных пытаннях. 

А ўнук – гэта маё сонейка! Мішку я імкнуся быць не бабуляй, а сяброўкай. Мы з ім гуляем у машынкі і трактары, «размаўляем» на зразумелай абодвум мове, робім «пасачкі» – дзеля гэтага я нават ахвяравала вялікі кветкавы гаршчок, там цяпер лапатка, формачкі і нашы сумесныя заняткі.

Вядома, жыццё не пазбаўлена і іншых заняткаў для душы. Да слова, дзіцячая мара пра сцэну таксама здзейснілася. Калі не лічыць шматлікіх школьных пастановак, у якіх я каго толькі не іграла, то першая сур’ёзная роля была ў п’есе Казіміра Сваяка «Янка Канцавы» – у свой час мы ставілі яе ў Падольскай школе пад кіраўніцтвам Людмілы Фабіянаўны Валодзька.

 А роля Галіны ў спектаклі «Калядны вечар» стала своеасаблівым экзаменам. Адна справа, калі ў цябе нейкі казачны вобраз, і зусім іншая – паказаць драматычны лёс гераіні, пераўвасобіцца, пражыць на сцэне яе жыццё. І да таго ж не забыць словы, не падвесці партнёраў, не згубіць інтанацыю… Пераломным для мяне быў паказ спектакля ў Міхалішках, калі ў зале сядзела мама. Я бачыла толькі яе вочы… «Калядны вечар» мяне многаму навучыў, многае прымусіў пераасэнсаваць і зразумець. 

З іншых захапленняў найперш выдзеліла б лес. Ды і як можа быць інакш, калі вырасла пад шатамі дрэў? Вельмі люблю збіраць грыбы. 

А яшчэ – лавіць рыбу. Скажу без пахвальбы: у мяне гэта нядрэнна атрымліваецца. Мы з мужам у гэтых захапленнях спаборнічаем. І калі ў грыбах, як правіла, я прайграю, то ў рыбалцы часта бяру верх. 

Напрыканцы – пра тое-сёе

– Што знаходзіцца на вашай тумбачцы каля ложка?

– Лямпа. Ручка і папера – на выпадак, калі ўспомню нешта важнае ці прыйдзе цікавая думка, якую тут жа трэба занатаваць, каб не забыць. «Астравецкая праўда». Тэлефон. Зімой – ніткі і пруткі. Касметыка? Ёсць, але крышку далей.

– Які самы дарагі падарунак зрабілі вам вучні?

– У мяне было два выпускі, мой любімы клас пакінуў школу ў 2016 годзе. І ўжо калі яны вучыліся ў розных гарадах: Мінску, Гродна, Віцебску, то запісалі да майго дня нараджэння відэавіншаванне, зманціравалі яго і даслалі. Такі цудоўны сюрпрыз атрымаўся! Я і сёння, калі цяжка на душы, пераглядваю яго – і добры настрой вяртаецца. 

– Што з таго, пра што марылася, ажыццявілася, і пра што марыце цяпер?

– Спраўджаная мара – школьнае тэлебачанне і радыё. Мы спрабавалі зрабіць яго яшчэ ў другой школе, з тагачаснай недасканалай тэхнікай, і сёе-тое нават атрымлівалася. А ў гімназіі, з нашымі таленавітымі вучнямі і персаналам, з сучаснай апаратурай гэта стала явай, прычым на высокім узроўні. 
А пра што марым – хай пакуль застанецца сакрэтам. Зрэшты, чым мары адрозніваюцца ад планаў і спраў? Толькі прамежкам часу. 

– Што вы папрасілі б у залатой рыбкі, калі яна раптам патрапіла б вам на кручок? 

– Міру ва ўсім свеце – некалі гэтыя словы здаваліся банальнасцю, а цяпер сталі самым галоўным жаданнем мільёнаў людзей. 

Здароўя – сабе, маім родным і блізкім. 

А трэцяе жаданне… У мяне ёсць цудоўны ўнук – вельмі хацелася б яшчэ і ўнучачку! 

Текст: Нина Рыбик