Пра беларускую мову і гісторыю краіны гаварылі гервяцкія школьнікі ў тыдзень роднай мовы

12:32 / 28.09.2022

“Мова – гэта ключ да дзвярэй у свет” – пад такім дэвізам у Гервяцкай сярэдняй школе прайшоў тыдзень роднай мовы.

Кожны дзень быў напоўнены цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай культурай.

Тыдзень роднай мовы пачаўся з напісання рэспубліканскага дыктанта, прымеркаванага да Дня народнага адзінства, удзельнікамі якога сталі старшакласнікі.

На працягу тыдня кожны мог наведаць тэматычную кніжную выставу “Сэрцам роднага слова краніся”, якая працавала ў кабінеце беларускай мовы.

Прэзентацыя віншавальных паштовак “Пажаданне роднай мове” і стварэнне інтэрактыўнага воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску” прымусілі яшчэ раз задумацца пра лёс той адзінай мовы, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова.

Захапляюча прайшоў квэст, дзе вучні паказалі веды ў розных раздзелах арфаграфіі, фанетыкі, лексікі, а таксама прадэманстравалі акцёрскія здольнасці.

На завяршэнне тыдня дзве каманды вучняў, каманда бацькоў і каманда настаўнікаў згулялі ва ўжо традыцыйную для нас гульню “Што? Дзе? Калі?”, прысвечаную гісторыі Беларусі, яе традыцыям і культуры. У напружанай барацьбе перамогу атрымала каманда бацькоў, настаўнікі адсталі ўсяго на адзін бал.



Юлія СЫС, вучаніца 10 класа.