Як праводзяць лета астравецкія “алімпійцы”
11:01 / 20.08.2022
Не паспела падысці да залы, як пачула вясёлы гоман, а затым і ўбачыла, чым ён выкліканы, – дзеці заўзята гулялі ў футбол на пляцоўцы побач. Мабыць, малодшая група. Мае здагадкі пацвердзілі трэнеры па боксе Павел Мялешка і Дзмітрый Лабэцкі.
– Так, гэта нашы «арляняты», – усміхаючыся, расказвае Павел Станіслававіч. – Работа летніка накіравана на падрыхтоўку да будучых стартаў, таму расслабляцца і адпачываць дзецям асабліва не даём – праз гульнявыя практыкаванні развіваем фізічна.
Калі спытала ў юных баксёраў, хто з іх ужо ўдзельнічаў у спаборніцтвах, – палова паднялі рукі. Больш таго, амаль усе яны былі ў ліку прызёраў.
– Дарэчы, у нас не толькі хлопцы, але і дзяўчаты боксам займаюцца, – з гонарам зазначае Дзмітрый Лабэцкі. – Шчыра кажучы, я на іх ускладаю немалыя спадзяванні. Вось, напрыклад, Дамініка Макарэвіч рыхтуецца да сваіх першых выязных спаборніцтваў. Дзяўчынка трэніруецца год. Пайсці на бокс яна вырашыла сама.
Пакуль малодшыя «алімпійцы» займаліся на вуліцы, у зале праходзіла трэніроўка старэйшых пад наглядам гуру астравецкага бокса Аляксея Маргужа. На тварах выхаванцаў – суцэльная сканцэнтраванасць на выкананні практыкаванняў і адпрацоўцы навыкаў.
– А як жа без дысцыпліны? – усміхаючыся, адзначае Аляксей Зянонавіч. – Вось выканаем неабходны комплекс – тады можна і адпачыць-пагаманіць-пагутарыць.
Наогул распарадак дня ў юных «алімпійцаў» насычаны. Ранішняя зарадка, трэніроўкі, гульня ў настольны тэніс, шашкі ці шахматы, бег, іншыя практыкаванні. Двойчы на тыдзень – наведванне басейна ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. А яшчэ абавязковы пункт штодзённай праграмы – чытанне.
– Таксама кожны дзень у нас запланавана асобнае спаборніцтва, – паведамляе Аляксей Маргуж. – Нядаўна мы падцягваліся, адціскаліся, скакалі ў даўжыню з месца. Наперадзе штурханне ядра, спрынт, настольны тэніс, баскетбол 3х3 – словам, планаў шмат. Пераможцаў кожнага спаборніцтва адзначым на закрыцці летніка. А як цікава ў нас прайшло адкрыццё «Юнага алімпійца»! Усе падрыхтавалі творчыя нумары: вершы чыталі, фокусы паказвалі, мініяцюры ставілі – словам, было крута. Спадзяюся, закрыццё таксама не падкачае.
Па ўсім бачна, што ў спартыўным летніку дні праходзяць здОрава і здарОва.

Ілля Чункевіч:
– У любым відзе спорту патрэбны рэгулярныя трэніроўкі. Таму я запісаўся ў «Юны алімпіец». Хутка пачнуцца спаборніцтвы, трэба трымаць фізічную форму ў тонусе. Да таго ж тут штодзень праводзіцца штосьці арыгінальнае – сёння, напрыклад, пойдзем займацца-практыкавацца ў вяровачны гарадок.

Дамініка Макарэвіч:
– Тут цікава: мы бегаем, гуляем у футбол, баскетбол, шахматы і шашкі. І, вядома ж, боксам займаемся. Мне падабаецца! Выходзіць на рынг на спаборніцтвах крыху боязна, але і паспрабаваць таксама хочацца.
Ксенія Гічко:
– У бокс мяне прывёў тата. Дарэчы, ім займаецца і мой брат Георгій. У летніку весела: шмат сяброў і кожны дзень праводзяцца новыя спаборніцтвы. Тут не засумуеш.

Павел Вайцекян:
– Мне падабаецца бокс. У маі на абласным першынстве я пераможцам стаў. Наведваць спартыўны летнік згадзіўся не задумваючыся. Тут сябры, гульні, спаборніцтвы – словам, час праходзіць весела і карысна.

