Как в Трокениках юбилей деревни отмечали

16:03 / 27.07.2022

У мінулыя выхадныя Трокенікі адзначылі 560 гадоў з дня заснавання. З нагоды юбілею на пляцоўцы побач з сельскай бібліятэкай-клубам сабраліся мясцовыя жыхары і госці ўрачыстасці.

Мастакі здзіўлялі сваёй творчасцю – 12 чалавек рознага ўзросту малявалі “Лета ў правінцыі”. Тэма абмяжоўвалася Трокенікамі і сядзібай Мар’яна Богуша-Шышкі, а вось стыль і тэхніку выканання можна было выбіраць любыя. У выніку ўсіх узнагародзілі Падзячнымі пісьмамі сектара культуры і падарункамі. Некаторымі творамі, дарэчы, цяпер можна палюбавацца ў мясцовай бібліятэцы – аўтары пакінулі іх у падарунак аграгарадку.

Выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці вабілі вырабамі з саломкі, скуры, шкла. Побач размяшчаліся і плады творчасці мясцовых жыхароў – алмазная мазаіка, выцінанкі, вышыўкі, рэчы, звязаныя кручком і пруткамі, зробленыя з бісеру і сплеценыя з гумак – палёту творчасці можна было пазайздросціць.

Тут жа жадаючыя спасцігалі майстэрства саломапляцення і выцінанкі. Прыемным сюрпрызам стала фотасушка, на якой красаваліся старыя фотаздымкі з альбомаў жыхароў Трокенік.

Прадугледзелі забавы і для дзяцей: іх запрашалі надзіманыя горкі, батуты, аквагрым, гульнявая праграма – павесялілася малышня ад душы.

Падчас урачыстай часткі Падзячнымі пісьмамі старшыні раённага Савета дэпутатаў адзначылі актывістаў аграгарадка – прадаўца Алену Масойць і фельчара Валянціну Рынкевіч. Ад “Белай Русі” падарунак атрымала самая сталая жыхарка Трокенік Зофія Таргонская і самы маленькі жыхар Назар Тарашкевіч. Раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын адзначыла бібліятэкара Варонскай школы, якая жыве ў Трокеніках, Валянціну Бразевіч. Порцыю славы атрымалі і самыя частыя наведвальнікі бібліятэкі – Дар’я Рабкоўская і Марыя Сідарэнка.

І канешне ж, усім даспадобы прыйшліся канцэртныя нумары мастацкай самадзейнасці раёна і песні ў выкананні ансамбля польскай песні “Польскае рэха Астраўца”.

А завяршылася свята этнатанцамі і дыскатэкай.

З першых вуснаў

Зофія Таргонская:

– Нарадзілася я ў Трокеніках, самая старэйшая ў сям’і была, чацвёра дзяцей маю і ўжо 17 праўнукаў. З 15 гадоў пайшла даяркай на ферму працаваць. Цяпер адна жыву. Мужа пахавала, у дзяцей свае сем’і – усе яны недалёка жывуць і часта да мяне прыязджаюць.

Трокенікі я люблю – гэта ж мая радзіма, а яе трэба любіць Даўно казана: “Той мілы куток, дзе рэзаны пупок”. Дзякуй усім, што такое добрае свята для нас арганізавалі.

Аляксандр Вярбовіч, старшыня Варнянскага сельсавета:

– Наша вёска заснавана ў 1462 годзе. Для нас яна – родны край. І кожны, хто жыве ў Трокеніках, ёй ганарыцца. Тут шмат выдатных мясцін: сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі, музей флоры і фауны Мечыслава Змітровіча, дуб, якому больш за 300 гадоў. Побач – Замкавая гара і старажытнае капішча, вакол у наваколлі 10 помнікаў, звязаных з рознымі войнамі, якія праходзілі праз нашы мясціны.

У 2023 годзе аграгарадок чакае рэканструкцыя электрасетак – і ў кожнага жадаючага з’явіцца магчымасць паставіць дома электракацёл.

Эвеліна Тарашкевіч, маладая маці:

– У Трокеніках жылі мае маці і бабуля, тут нарадзілася я, а цяпер і мой сынок Назар, якому 2 гадкі і які з’яўляецца самым маленькім жыхаром аграгарадка.

Трокенікі – месца маёй сілы, мне тут спакойна і ўтульна. Роднай вёсцы жадаю квітнець і маладзець!

Алена Мацкела, бібліятэкар сельскай бібліятэкі-клуба:

– Самае знакамітае месца ў Трокеніках – сядзіба мастака Богуша-Шышкі, якой амаль 140 гадоў. Тут створана музейная экспазіцыя, якую часта наведваюць экскурсіі. Ёсць у нас і помнік загінулым землякам – прыемна і радасна, што памяць пра іх захоўваецца: каля помніка часта спыняюцца аўтамабілі і людзі ўскладваюць кветкі.

Мы спадзяёмся, што некалі Трокенікі стануць пярлінай турыстычнага маршрута, бо нам сапраўды ёсць чым ганарыцца.













Текст:
Фото: Матвей Соколовский