Якім было надвор’е ў першай палове мая ў розныя гады

12:33 / 17.05.2022
Красавік сёлета не песціў цяплом ні людзей, ні прыроду. Амаль кожную ноч на працягу месяца былі прымаразкі. Па словах Станіслава Памецькі, сёлетні красавік выдаўся самым халодным за час яго назіранняў з 2009 года: сярэдняя тэмпература паветра склала +8,40С.

Не парадаваў цяплом і пачатак мая. 

І ўсё ж, як сведчаць запісы ў дзённіках надвор’я Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі, такое надвор’е зусім не рэдкасць. Да прыкладу, у 1995, 2000, 2004 гадах прымаразкі да –10С здарыліся адпаведна 11-12 і 13-14 мая. Халаднаватай была сярэдзіна мая ў 2009, 2011, 2015, 2016, 2017 гадах: тэмпература днём была ў межах +10 - +150С.



Хоць звычайна ў гэты час слупок тэрмометра падымаецца да +200С і вышэй. А калі яшчэ праходзяць жыццядайныя дажджы, то ўсё жывое пачынае распус­кацца, зелянець, квітнець літаральна на вачах! Нездарма ж май называюць самым прыгожым месяцам. 

Па маіх назіраннях, якім бы ні быў май, да дня Перамогі цюльпаны будуць квітнець – ці то толькі зацвітаць, як сёлета, ці то адцвітаць, але ў букетах ветэранаў галоўная кветка свята з’явіцца абавязкова. І сады да сярэдзіны мая ўбяруцца ў квецень – ці то вішні, слівы і алыча зацвітуць, ці яблыні і рабіны. Да слова, у 2014 годзе яблыні ўбраліся ў квецень 1 мая, а ў 1994-м – толькі 20-га. У 2000 годзе 10 мая ўжо расцвіў бэз. Але было ў тым годзе вельмі суха: 19 мая Стэфан Рамэйка запісаў: «Трава не расце. Падмерзла».

Сёлета, як расказаў Станіслаў Памецька, 4 мая прыляцелі ластаўкі. 10 мая ён першы раз пачуў зязюлю. Гаспадары, якія трымаюць жывёлу, выгналі яе на сакавітую траву. У руплівых вяскоўцаў і дачнікаў ужо пасаджаны агароды і бульба. 12 мая грымеў гром – не той, трывожны, які час ад часу палохае ў сакавіку, красавіку ці нават лютым, а радасны, вясёлы, як у паэта: «Люблю грозу в начале мая…». Хоць у многіх раёнах Беларусі першая майская навальніца нарабіла бяды, астравецкім хлебаробам яна прынесла надзею на добры ўраджай. 

Хоць і майскі дождж, насуперак вядомай прыказцы пра агранома, бывае залішнім. У 2005 годзе 15 мая Стэфан Рамэйка пісаў: «Зямля вельмі мокрая. Бульба, што пасаджана, уся ў вадзе. Пагніе картошка».

Але здаралася ў сярэдзіне мая вельмі цёплае, нават спякотнае, надвор’е. Так, у 1990 годзе з 6 па 10 мая днём было да 24 градусаў цяпла, а 11-га ўвогуле +270С. Да +250С было ў сярэдзіне мая ў 1993, 2011, 2013  гадах. У 2002 годзе майская тэмпература падымалася да +280С. А ў 1996 годзе 13 мая Стэфан Рамэйка зафіксаваў +300С.

10 мая 2011 года Станіслаў Памецька назіраў рэдкую з’яву надвор’я: у поўдзень пры тэмпературы паветра +200С вакол сонца ўтварылася вясёлка.

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

Калі бяроза распусціцца раней за вольху, таполю і клён – лета будзе сухое і сонечнае, а калі наадварот – мокрае і халоднае.

Калі рабіна зацвіце позна – будзе доўгая і цёплая восень.  

Паводле запісаў Стэфана Рамэйкі і Станіслава Памецькі падрыхтавала Ніна РЫБІК. 


Фото: Дмитрий Соколовский