Вакальная група «Аксаміткі» Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыла юбілей
15:09 / 28.03.2022
А пачыналася ўсё проста. Група пенсіянерак палюбіла бываць у аддзяленні дзённага знаходжання людзей пажылога ўзросту, дзе іх цёпла сустракалі супрацоўнікі Вольга Станіславаўна Клімчэня (пазней яе змяніла Галіна Сяргееўна Нядзвецкая), Аксана Генрыхаўна Свірская, Тамара Аляксандраўна Лукша. Прыходзілі, рассаджваліся за сталом з рукадзеллем – вязаннем, шыццём, пляценнем, дэкупажам... Самаробкі заставаліся ў цэнтры – для будучых выстаў. Так ужо заведзена: працуюць майстрыхі звычайна з песняй, гэта даўняя і любімая традыцыя. У спеўках адразу вызначыліся галасы і музычныя здольнасці. Неўзабаве стварыліся вакальная і танцавальная групы, спачатку пад агульнай назвай «Чаромушкі». Пазней так сталі называць сябе танцоры, а спевакі нейкі час заставаліся безыменнымі.
Усё вызначыў выпадак. У лютым 2017 года па вопыт у арганізацыі вольнага часу пенсіянераў да астраўчан прыехалі калегі са Смаргонскага ТЦСАН «Цёплы дом». Ды яшчэ з музычным суправаджэннем – вакальнай групай «Крынічанька» і яе кіраўніком Васілём Карпяцом. Цудоўны канцэрт далі смаргонцы! Астраўчанам зрабілася трохі зайздросна. І тагачаснае кіраўніцтва цэнтра звярнулася да Васіля Антонавіча:
– А ў нас вы такі калектыў стварыць змаглі б?
– Чаму ж не!
Пачаліся рэпетыцыі. А потым – і гастролі. Першы канцэрт адбыўся на сцэне Дома культуры аграгарадка Падольцы. Гледачам ён спадабаўся, аддзячылі шчырымі апладысментамі. Выступалі, і неаднойчы, перад насельнікамі тутэйшага дома сумеснага пражывання адзінокіх людзей – філіяла ТЦСАН, пацыентамі Міхалішкаўскай бальніцы сястрынскага догляду. Некалькі разоў творчы ветэранскі калектыў гасцяваў у аграгарадку Варняны, выступаў на сцэне мясцовага Дома культуры. З захапленнем слухалі варнянцы песню сваёй зямлячкі Людмілы Кухарэвіч «А мы не старыя». І падхоплівалі прыпеў!
Затым былі паспяховыя выступленні на сцэне кінаканцэртнай залы «Астравец» і ў лесапарку. У калектыва з’явілася «візітная картка» – песня пад назвай «Аксаміткі», словы і музыка напісаны ў сааўтарстве Таісай Сямёнавай і Васілём Карпяцом. Чаму менавіта «Аксаміткі»? Таму, што ўсім падабаюцца гэтыя пяшчотныя яркія кветкі, якія цвітуць да самых халадоў і нават першыя замаразкі вытрымліваюць. Ды і ўзрост у спявачак залаты, а значыць – цёплы, аксамітавы.
Спевакі і танцоры хоць і падзяліліся на асобныя калектывы, але часта выступаюць разам, дапаўняючы, як бы ілюструючы адзін аднаго. Цяпер без іх не праходзіць ніводная імпрэза ў цэнтры – ні Калядкі, ні Масленіца, ні свята кветак, ні рэтра-вечарыны. Тым больш разгуляцца ёсць дзе – пабудаваны невялікі амфітэатр на тэрыторыі цэнтра, і ў цёплую пару года ён не пустуе. А ў халодную выручае актавая зала, дзе праходзяць усе ўрачыстасці.
Пераканаўшыся, што «Аксаміткі» заявілі аб сабе ўсур’ёз і надоўга, цэнтр праявіў клопат пра сваіх артыстаў і справіў ім прыгожыя сцэнічныя ўборы.
Юбілей творчага калектыву не застаўся незаўважаным. Адміністрацыя цэнтра на чале з дырэктарам Святланай Казіміраўнай Куцько і загадчыкам аддзялення дзённага знаходжання Дзіянай Станіславаўнай Кісель разам з іншымі супрацоўніцамі падрыхтавалі цудоўную прэзентацыю – з мноствам фотасведчанняў «баявога шляху» групы, з віншаваннямі і сардэчнымі пажаданнямі на будучыню. Такі вось адмысловы экскурс у гісторыю атрымаўся.
Пяць гадоў – тэрмін невялікі, але змены прынёс, прынамсі, у асабовым складзе групы – двое удзельнікаў, на жаль, адышлі ў іншы свет, некалькі вы
ехала з Астраўца. На іх месца прыйшлі новыя шанавальнікі песень сваёй маладосці. І цяпер іх дванаццаць: сапрана – Данута Францаўна Чарнушэвіч, Марыя Карлаўна Васілёнак, Тамара Архіпаўна Андралойць, Ніна Іванаўна Пульша, Галіна Сяргееўна Нядзвецкая, Наталля Пятроўна Зубенка, альты – Ганна Іосіфаўна Каралевіч, Марыя Іванаўна Дземяшкевіч, Тарэса Уладзіславаўна Коўшык, Лілія Баляславаўна Анімуцкая, Святлана Іванаўна Мешкіс і аўтар гэтых радкоў.
Творчы працэс працягваецца. Прычым не толькі ў музычным, але і ў размоўным, тэатральным жанрах. У праграмах канцэртаў значацца дасціпныя байкі Наталлі Зубенка, прыдуманыя ёю ж або ўзятыя з літаратуры інсцэніроўкі. Нярэдка гучаць і аўтарскія паэтычныя творы. А песні ў рэпертуары «Аксамітак» розныя: беларускія, рускія, польскія.
Раз на тыдзень калектыў збіраецца на рэпетыцыі. Дружна і з вялікай ахвотай. Удзельніцы прызнаюцца: спевы для іх сталі не проста захапленнем, а патрэбай душы.
Подписывайтесь на «Островецкую правду» в телеграм по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.
И присоединяйтесь к нашему сообществу в viber https://vk.cc/c3yHGs – будьте всегда в курсе свежих новостей из жизни Островца и Островецкого района.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Северный вектор Гродненщины» по короткой ссылке https://t.me/severvg.
Самые интересные новости Островецкого, Ошмянского и Сморгонского районов.