За чым прыйшлі ветэраны ў ЗАГС

14:00 / 16.10.2024


У рамках рэспубліканскай акцыі “Павага. Клопат. Адказнасць” актывісты раённага савета ветэранаў на чале са старшынёй Ірынай Шляхтун наведалі аддзел ЗАГС.

Аддзел ЗАГС – тая ўстанова, якую хоць аднойчы наведвае кожны. Нараджэнне дзіцяці, рэгістрацыя шлюбу, перамена імені ці прозвішча, адыход у іншы свет і многія іншыя юрыдычныя працэдуры (калі быць дакладным, то 15) рэгіструюць у гэтым аддзеле. І хоць усім, хто прыйшоў сюды ў той дзень на экскурсію, даводзілася ў розны час і па рознай патрэбе звяртацца ў Астравецкі ЗАГС, у большасці не было нагоды наведаць яго ў будынку шматфункцыянальнага культурнага комплексу, куды аддзел пераехаў у снежні 2021 года. Таму знаёмства пачалося з інтэр’ера – і захаплення: як прыгожа, з густам, дасканала і камфортна ўсё зроблена.

– Калі мы зрабілі рамонт у будынку колішняга Дома культуры па вуліцы Кастрычніцкай – аформілі пакоі жаніха і нявесты, залу для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў, віншаванняў, – то лічылі, што лепшага і жадаць не трэба, – расказала гасцям гаспадыня, загадчык аддзела ЗАГС Аксана Дзятко. – Калі ж нам выдзелілі гэтыя памяшканні, пераканаліся: няма межаў дасканаласці! І мы самі прыклалі нямала старанняў і фантазіі, каб наш аддзел ЗАГС стаў такім, які ён ёсць; каб сюды было прыемна зайсці і віноўнікам урачыстасцей, і гасцям, і проста наведвальнікам, якія прыйшлі за даведкай. Калі любіш сваю работу, то не шкадуеш ні часу, ні сіл, ні грошай. Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь, які два гады таму наведваў наш аддзел, сказаў што Астравецкі ЗАГС – адзін з лепшых не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў краіне.


Дадам ад сябе: у многім дзякуючы гэтаму да нас едуць рэгістраваць шлюб жыхары іншых гарадоў і нават краін – у гэтым можна пераканацца нават па здымках маладажонаў у “Астравецкай праўдзе”. І “лепшасць” гэтая – не толькі ў прыгожым інтэр’еры, але і ў тым, з якім прафесіяналізмам і душой выконваюць свае абавязкі работнікі ЗАГСа. За кожным пасведчаннем, даведкай, архіўным дакументам, за якімі сюды звяртаюцца, стаіць чалавек з яго радасцю ці болем – і кожны дакумент трэба юрыдычна правільна аформіць і разам з тым не забыць пра суперажыванне.

– Здараецца, толькі закончыў працэдуру ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, любаваўся прыгожымі маладымі, віншаваў іх, жадаў доўгага шчаслівага жыцця, а на парозе кабінета цябе ўжо чакаюць, каб выпісаць пасведчанне аб смерці – і трэба са спачуваннем аднесціся да стану людзей, якія прыйшлі сюды са сваёй бядой. Доўга не магла да гэтага прывыкнуць, навучыцца пераключацца, – прызнаецца Аксана Тадэвушаўна. – Дзякуй Таццяне Іванаўне Жук, з якой мы разам працавалі, якая вучыла: незалежна ад таго, што ў цябе здарылася дома і які настрой, людзі не павінны гэтага бачыць і адчуваць.


…Ветэраны з цікавасцю слухалі гісторыі пра цікавыя выпадкі з практыкі работы аддзела ЗАГС, дзяліліся меркаваннямі, фатаграфаваліся ў пакоях жаніха і нявесты (Аксана Дзятко падбадзёрыла адзінокіх: кожны год рэгіструецца некалькі шлюбаў, дзе “маладыя” зусім не маладыя і размянялі 60, 70 ці нават 80 гадоў). Многія прынеслі свае вясельныя фотаздымкі – і з радасцю пазнавалі, успаміналі…



Спецыяльна для гэтай сустрэчы ў аддзеле ЗАГС аформілі гістарычную выставу. Тут можна было пабачыць узоры дакументаў першых пасляваенных гадоў, атрыбуты супрацоўнікаў, якія рэгістравалі шлюб, гістарычныя фотаздымкі. А ў архіўнай кнізе запісу актаў грамадзянскага стану некаторыя знайшлі нават запіс пра сваё нараджэнне!

Сустрэча прайшла ў цёплай, сардэчнай абстаноўцы. Развітваючыся, усе выказвалі спадзяванне на новыя спатканні – але толькі з нагоды радасных падзей!


Цікавыя факты

*Шлюб можна зарэгістраваць праз тры дні пасля падачы заявы ў аддзел ЗАГС. Афіцыйныя сведкі, як гэта было раней, не патрабуюцца.

*Развод можна аформіць не толькі ў судзе, але і ў ЗАГСе. Для гэтага патрэбны тры ўмовы: адсутнасць непаўналетніх дзяцей, маёмасных прэтэнзій і ўзаемная згода. Тлумачыць прычыну разводу не трэба. Шлюб можа быць скасаваны не пазней як праз месяц пасля падачы заявы.

*У аддзел ЗАГС  можна звярнуцца з заявай аб змене прозвішча, імя ці імя па бацьку. Аднойчы малады чалавек папрасіў змяніць сваё прозвішча і імя па бацьку, матывуючы гэта тым, што біялагічны бацька не прымаў удзел у яго выхаванні, расціў яго дзед, які фактычна стаў яму бацькам, і юнак хоча насіць прозвішча і імя па бацьку дзядулі.

*Ні разу за час дзейнасці аддзела ЗАГС ніхто не звяртаўся сюды з просьбай устанавіць мацярынства. Хоць бацькоўства ўстанаўліваюць даволі часта. Часам здараецца, што прыходзяць утраіх: маці дзіцяці, яго біялагічны бацька і муж жанчыны: апошні піша заяву аб адмаўленні ад бацькоўства, другі – аб яго прызнанні.

*Здараецца, што людзі звяртаюцца з просьбай змяніць у пасведчанні аб нараджэнні месца жыхарства. Да прыкладу, аднойчы жыхарка Мінска прасіла замест вёскі, дзе яна нарадзілася, запісаць Астравец на той падставе, што яна з’явілася на свет у раённай бальніцы.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик