Астраўчане, хочаце «домік вокнамі ў сад» амаль бясплатна, за адну базавую велічыню?
16:58 / 12.03.2022
Вёскі нашы імкліва старэюць і бязлюдзеюць. Усё больш застаецца дамоў, пакінутых жыхарамі, і будынкі гэтыя паціху прыходзяць у заняпад. Раней, калі ў нерухомай маёмасці не заставалася ўладальнікаў і не знаходзіліся спадчыннікаў, дамы і гаспадарчыя пабудовы зносілі, а зямлю ўводзілі ў севазварот.
Але ж ёсць сярод такіх пакінутых сядзіб прыгодныя для жылля. А гараджане сёння так імкнуцца на прыроду. То, можа, больш карысна не закапваць безгаспадарскую маёмасць, а аддаць людзям за сімвалічны кошт?
Такую магчымасць прадугледжвае Указ Прэзідэнта №116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі.
– Пакінутых дамоў на нашай тэрыторыі нямала, – гаворыць старшыня Рытанскага сельскага Савета Рыгор Цэйка. – Некаторыя трэба зносіць, каб не псавалі выгляд вёскі, – для жылля яны непрыгодныя. Але ёсць і тыя, якія пасля невялікага рамонту можна выкарыстоўваць. Пакуль мы выявілі такіх 4 – у Літвянах, Дудзе і Вялікіх Свіранках. Пасля афармлення неабходных дакументаў гэтыя дамы выставім на аўкцыён. Магчыма, знойдуцца жадаючыя іх купіць і прыстасаваць пад жытло ці дачу.
Ніна АЛЯКСЕЕВА.